Парадак на Дзебры

Зігуля, Н. Парадак на Дзебры / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 12 сакавіка. — С. 10. — (Дадатак: Мясцовае самакіраванне).

Як старшыня мікразоны ў Магілёве вырашае праблемы на Падгорнай

Нягледзячы на тое што мікразоны Падгорная і Падміколле — гэта цэнтр старадаўняга Магілёва, дабрацца сюды няпроста. Знаходзяцца яны ў маляўнічай нізіне, а з горадам іх злучаюць, лічы, адна дарога і восем лесвіц. Жыве тут амаль дзве тысячы чалавек, забудова выключна прыватная, можна сказаць: вёска ў горадзе.


І падтрымліваць тут парадак без актывістаў было б складана. На шчасце, яны тут ёсць. І ахвотна дзеляцца сакрэтамі добраўпарадкавання. Вельмі актуальная ў такі год тэма.

Складаны аб’ект

Дзебра — невялічкая рачулка, якая раздзяляе вуліцу Катоўскага. Паабапал яе стаяць прыватныя дамы, праходзяць дзве аўтамабільныя дарогі. Падчас вялікіх дажджоў рэчка паказвае характар і здольная паднімацца на даволі вялікую вышыню — адным словам, зона небяспечная.

Тэма добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі вырашалася 15 гадоў. Работы то прыпыняліся, то зноў працягваліся. Старшыня мікразоны Аляксандр Пікуля рэгулярна напамінаў гарадскім уладам пра праблемы. Неаднаразова з яго ж падачы тэма ўздымалася на старонках нашай газеты. Таму званок з Падгорнай, які апавясціў, што ўсё вырашана і зроблена, успрыняўся як нагода для радасці.

Карэспандэнт «МС» адразу ж паспяшалася на месца, каб на свае вочы пераканацца. Цяпер можна з поўнай адказнасцю сказаць, што кропка пастаўлена. Берагі ракі ўмацаваныя, дарогі заасфальтаваныя, зроблена прыгожая зона адпачынку, пастаўлены, а галоўнае — пачалі функцыянаваць, ліхтары, нарэшце з’явілася агароджа ўздоўж рэчкі.

— Усё пачалося ў 2010 годзе, — нагадвае Аляксандр Пікуля, як няпроста рабілася справа. — Паўгода ўмацоўвалі берагі Дзебры — было зроблена па 350 метраў з кожнага боку, але пасля першай жа вялікай паводкі пліты рухнулі. Будаўнікі вярнулі іх на месца, але напэўна, не замацавалі як трэба, і тыя доўга не пратрымаліся.

Надзейна ўмацаваць адхілы атрымалася толькі ў 2014 годзе, пасля звароту да Пятра Рудніка, які на той час быў старшынёй аблвыканкама. Але справы па добраўпарадкаванні на тым і прыпыніліся з-за недахопу фінансавання.

Калі старшынёй аблвыканкама стаў Леанід Заяц, Аляксандр Пікуля адразу ж запісаўся да яго на прыём з просьбай, каб заасфальтавалі дарогі ўздоўж рэчкі. Работы былі хутка зробленыя. Пра агароджу жыхары працягвалі марыць. Адкрытым заставалася пытанне і па падключэнні 22 светлавых апор, бо адсутнічаў кабель. Значны прагрэс адбыўся летась.

Хаджэнне па праблемах

Пакуль праходжваліся з Аляксандрам Пікулем уздоўж Дзебры, ён некалькі разоў прыпыняўся пагутарыць з мінакамі. Алена, якая жыве ў гэтай мікразоне, вельмі задаволеная, што нарэшце тэрыторыя стала прыгожай і бяспечнай.

— Агароджа ўздоўж ракі — гэта, безумоўна, плюс, — кажа яна. — Тут і дзеці гуляюць, і машыны ездзяць. Усякае можа здарыцца.

— На сёння ў нас пражываюць 260 дзяцей да 14 гадоў, — удакладняе Аляксандр Пікуля. — Пазалетась, калі агароджы яшчэ не было, падлетак на веласіпедзе не ўпісаўся ў паварот і апынуўся ў рачулцы.

Ідзём далей, а Пікуля падрабязна расказвае, якія работы былі зроблены і хто канкрэтна імі займаўся. Два гады таму, літаральна на другі дзень пасля прыёму ў былога памочніка Прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці Леаніда Мартынюка запрацавалі ліхтары, якія 11 гадоў стаялі як непрыкаяныя.

— А вунь, бачыце, які добры масток нам зрабілі, — хваліць ён дарожна-маставое прадпрыемства. — Людзі, якія ў царкву на богаслужэнні ходзяць, пахадайнічалі.

Летась Аляксандр Пікуля пабываў на прыёме ў начальніка галоўнага ўпраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама

Таццяны Касаткінай. І дзве магілёўскія камунальныя арганізацыі — ДМП і спецаўтапрадпрыемства — за тры тыдні паставілі некалькі сотняў метраў агароджы. На гэтым ў справе па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол Дзебры была пастаўлена тлустая кропка.

Яшчэ б лесвіцы…

— Сёлета нашаму вулічнаму камітэту будзе 21 год, — з гонарам кажа Аляксандр Пікуля. — І калі б не наш камітэт, добраўпарадкаванне Дзебры магло расцягнуцца на нявызначаны час. Мы ўвесь час нагадвалі пра сябе, не давалі справе заглухнуць. Кожны тыдзень робім абход мікразоны — глядзім, каб не было праблем з асвятленнем, з парадкам на дарогах, з рухам грамадскага транспарту.

Яшчэ актывісты падрыхтавалі калектыўны ліст па замене драўляных лесвіц на металічныя ў Рачным завулку і ў раёне моста па вуліцы Каралёва. Прагнозы — аптымістычныя.

— Нам ужо паведамілі, што сёлета плануецца іх замяніць, — дзеліцца прыемнай навіной Аляксандр Пікуля. — Яшчэ ёсць пытанні па жалезабетоннай лесвіцы — каля моста па вуліцы Каралёва. Ёй 30 гадоў, і ні разу яшчэ не было рамонту.

— Пытанні вырашаем адначасова на ўсіх узроўнях, — кажа старшыня мікразоны. — Акрамя маніторынгу, вядзём яшчэ і перапіску з рознымі інстанцыямі. За два месяцы 12 адказаў атрымалі. Гэта дапамагае кантраляваць тэрміны выканання, бо там адказныя асобы свае подпісы ставяць. Жыхары падтрымліваюць голасам і нават рублём. Не ўсё ж за конт дзяржаўных грошай можна вырашыць.

Конкурс на лепшы падворак

Тэма добраўпарадкавання для мікразоны актуальная заўсёды. Людзі зацікаўлены, каб каля іх дамоў было прыгожа. Адна сям’я нават музей стварыла ў народных традыцыях. Існуе конкурс на лепшае добраўпарадкаванне, які праводзіцца ў жніўні. Асабліва ўдзячны старшыня мікразоны дэпутату гарсавета, першаму прарэктару БРУ Юрыю Машыну, які часта бывае ў сваёй выбарчай акрузе. Апошнім разам дапамог растыражаваць новы расклад руху аўтобуса № 39.

Пад канец Аляксандр Пікуля не ўпускае выпадку прарэкламаваць мясцовую краму.

Як толькі туды заходзім, пакупнікі адразу ж ажыўляюцца. Кожны жадае сказаць добрае слова пра свайго актывіста.

— Наш Пікуля незаменны, стараецца, — удакладняе прадавец. — Калі б не ён, жылі б тут як у балоце. Колькі ў нас машыны ўвальваліся ў гэтую Дзебру, людзі падалі. А наш старшыня дабіўся, каб агароджу паставілі. Малайчына.

— Ды яму за яго старанні медаль трэба даць, — дадае мужчына з чаргі. — Такіх, як ён, яшчэ трэба пашукаць. З ім любыя праблемы можна вырашыць. Так і напішыце ў газеце.

Нэлі ЗІГУЛЯ

фота аўтара