Сцяцко, В. Гэта датычыцца ўсіх, гэта прынцыпова / Валерыя Сцяцко // Звязда. — 2025. — 22 сакавіка. — С. 2.
Аляксандр Лукашэнка: Калі вобласць дрэнна працуе, які сэнс укладваць туды грошы, гэта бесперспектыўна
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанку і памочніка Прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці Сяргея Налівайку. У цэнтры ўвагі — бягучыя і самыя актуальныя пытанні жыццядзейнасці рэгіёна.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння трэба вырашаць актуальныя пытанні, прымаючы да ўвагі, што лішніх грошай няма і ніколі не было, зараз тым больш. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсё залежыць ад работы вобласці. «Калі вобласць дрэнна працуе, які сэнс укладваць туды грошы, гэта бесперспектыўна. Я ўсім так кажу, не толькі вам», — адзначыў ён. Прэзідэнт заўважыў, што да даклада губернатара і памочніка можа падысці «палітычна»: паслухаць, паківаць галавой, даручыць прапрацаваць пытанні і гэтак далей. «А калі па-гаспадарску, па-чалавечы (ты тут мяне павінен разумець у гэтым плане), я павінен зыходзіць менавіта з гэтых пазіцый. Рубель уклаў — заўтра два вярні, калі павінен — аддай. Калі не аддаеш — дык якая можа быць размова, калі вы не вяртаеце абяцаныя грошы, ці даўгі, ці матэрыяльныя нейкія рэсурсы. Гэта датычыцца ўсіх, гэта прынцыпова», — папярэдзіў ён.
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што гатовы разглядаць пытанні Магілёўскай вобласці, аказваць дапамогу і падтрымку там, дзе гэта неабходна. Але пры гэтым, паводле яго слоў, мясцовая ўлада не павінна забываць аб тым, што дзяржава ўжо робіць для рэгіёна. У прыватнасці, для паўднёва-ўсходняй часткі Магілёўскай вобласці. У 2015 годзе кіраўніком дзяржавы быў падпісаны ўказ аб сацыяльна-эканамічным развіцці гэтага рэгіёна. У 2020 годзе асноўныя палажэнні дакумента былі працягнуты на пяць гадоў. «Паўднёвы ўсход Магілёўшчыны сур’ёзна адстае нават ад іншых раёнаў Магілёўскай вобласці, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Была па маёй ініцыятыве прынята праграма па развіцці паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў. Вы ж разумееце, што гэта праграма не голая, мы падтрымліваем яе з цэнтра, рэспубліканскага бюджэту». Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, які ў Магілёўскай вобласці ўзровень вытворчасці ў сельскай гаспадарцы, у прамысловасці, якія прадпрыемствы працуюць слабей і не дацягваюць да таго ўзроўню, які павінен быць. «Я спадзяюся, што ў Магілёўскай вобласці я не раз пабуду, на прадпрыемствах пабудзем і там я паслухаю, што вы збіраецеся рабіць на перспектыву. І ў вас, і ў Гомелі і ў Віцебску», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу на эканоміку Магілёўскай вобласці. «Па ВРП (валавы рэгіянальны прадукт — Зв.) вы не дацягваеце да ўзроўню мінулага года», — заўважыў ён. Аднак Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што сітуацыя прасочваецца станоўчая і за першы квартал гэтага года вобласць павінна спрацаваць лепш за ўзровень мінулага года.
Кіраўнік дзяржавы ўзняў «хворую тэму» — падзеж жывёлы, у якім Магілёўская вобласць — рэкардсмен. Губернатар запэўніў, што сёлета сітуацыя стабілізавалася, падзеж жывёлы зменшылі на паўтары тысячы да ўзроўню мінулага года. «Дык гэта нішто. Што такое паўтары тысячы — адрэагаваў Прэзідэнт. — Мы з табой не толькі з вёскі, але і працавалі ў адной гаспадарцы. Ты мне не кажы пра малочнатаварныя комплексы, што іх не хапае, пра тое, што калі будуць малочнатаварныя комплексы, тады захаванасць цялят будзе. Я магу проста сказаць, у наш з табой час ніякіх не было комплексаў, каровы і цельныя, і якія расцяліліся ўтрымліваліся ў жудасных умовах, цяляты ў тым ліку. Але такога падзяжу не было. Чаму? Бо арганізацыя справы была і адпаведны догляд маладняку. Таму справа тут не толькі ў малочнатаварных комплексах. Я хачу цябе адразу перасцерагчы, каб ты не спрабаваў мяне на павароце абысці. Ты павінен разумець, што мы з табой выйшлі з адной і той жа сельскагаспадарчай вытворчасці і ведаем, як гэта ўсё развівалася».
У тэму
Праграма па развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці дала свой эфект
Журналістам Анатоль Ісачанка расказаў, што ў кабінеце Прэзідэнта абмяркоўвалі ў цэлым развіццё рэгіёна па розных напрамках і тыя праблемныя пытанні, якія трэба вырашаць для больш дынамічнага развіцця вобласці. Гэта, у тым ліку, будаўнічая галіна і рэканструкцыя домабудаўнічых камбінатаў, якіх на Магілёўшчыне тры — у Бабруйску, Магілёве і Чавусах. «Нашы падыходы Прэзідэнтам падтрыманы, але было сказана далічыць, яшчэ раз паглядзець уважліва эканоміку, паглядзець загрузку і ўжо далей выходзіць з прапановай», — расказаў губернатар.
Наступная тэма, якой надалі ўвагу і якая заўсёды актуальная — мадэрнізацыя малочнатаварных комплексаў і будаўніцтва новых. «Для Магілёўскай вобласці гэта вельмі важна, таму што частка жывёлы знаходзіцца на прывязі, а было даручэнне кіраўніка дзяржавы поўнасцю адысці ад прывязі. І плюс малочнатаварныя комплексы прадугледжваюць іншыя падыходы ў рабоце і культуру вытворчасці. Былі дадзены даручэнні па гэтым кірунку, мы іх будзем дапрацоўваць і выходзіць з прапановамі», — распавёў Анатоль Ісачанка. Таксама ён праінфармаваў, што гучала тэма ДТСААФ, Прэзідэнт даў адпаведныя даручэнні перагледзець падыходы ў гэтай сістэме, і з улікам новых падыходаў нарэзаць ім новыя задачы па падрыхтоўцы спецыялістаў у розных сферах.
«Яшчэ адно пытанне — майнінг-фермы. У нас у Магілёўскай вобласці ёсць добрыя пляцоўкі з энергетычнымі магутнасцямі, усё неабходнае для таго, каб будаваць майнінгавыя фермы. Было атрымана дабро. Мы рыхтуем гэтыя пляцоўкі да правядзення конкурсаў, каб заходзіў інвестар і займаўся інвестар», — распавёў пра яшчэ адно пытанне кіраўнік Магілёўскай вобласці. Абмеркавалі, вядома, і бягучую сітуацыю ў рэгіёне, вясенне-палявыя работы, гатоўнасць да пасяўной кампаніі.
Журналісты пацікавіліся, наколькі паспяхова ў вобласці рэалізуецца праграма «Адзін раён — адзін праект». Анатоль Ісачанка расказаў, што ў рамках гэтай праграмы рэалізавана ўжо 12 праектаў на суму каля 600 мільёнаў рублёў, створаны рабочыя месцы і работа па рэалізацыі праграмы працягваецца. Звярнулі ўвагу і на рэалізацыю праграмы па развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны. «Я лічу, што гэта праграма дала свой эфект, адыграла сваю ролю, таму што мы інвеставалі грошы, стварылі новыя прадпрыемствы. Ствараюцца сельскагаспадарчыя і шэраг прадпрыемстваў сярэдняга бізнесу, якія атрымалі адпаведныя льготы і прэферэнцыі. Сутнасць праграмы па развіцці паўднёвага ўсходу ўмоўна кажучы: „100 рублёў укладваеш — 35 вяртае дзяржава“. Мусіць, лепшых умоў не знайсці. Таму там актывізавалася жыццё і рэалізуецца шэраг праектаў», — распавёў падрабязнасці губернатар.
Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей Налівайка на гэту пасаду быў прызначаны нядаўна. Але, як расказаў ён журналістам, ужо асвоіўся, тым больш што рэгіён родны і знаёмы. «Што тычыцца недапрацовак, то ёсць пэўныя інертнасць і неразварушлівасць менавіта з пункту гледжання выканальніцкай дысцыпліны. Большасць працуе сумленна і з поўнай самааддачай, але ёсць такія факты, дзе, на жаль, нельга сказаць, што людзі працуюць якасна», — адзначыў Сяргей Налівайка. У прыватнасці, такое несумленнае стаўленне да працы з’яўляецца прычынай вечнай праблемы — падзяжу жывёлы.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА