«М.art.кантакт» раздаў «Залатыя маскі»

Зігуля, Н. «М.art.кантакт» раздаў «Залатыя маскі» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 29 сакавіка. — С. 15.

Чым запомніцца XVIII Міжнародны маладзёжны тэатральны форум

Тэатральны тыдзень праляцеў як адно імгненне. Нехта з удзельнікаў заўважыў, што сёлета фестываль стаў паўналетнім. Юнацкая дзёрзкасць і шалёны рытм яму сапраўды ўласцівы. А яшчэ — каханне. Як адзначыла старшыня экспертнага савета фестывалю, доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Вераніка Ярмалінская, тэмай пошуку кахання сёлета былі прасякнуты ўсе спектаклі.

Нагадаем, іхбыло 24! Акрамя беларускіхтэатраў, прыехалі расійскія і адзін азербайджанскі. Расійская геаграфія была прадстаўлена 14 рэгіёнамі. Традыцыйна — Масква і Санкт-Пецярбург, упершыню фестываль наведалі тэатры з Орска, Ульянаўска, Разані, Волагды, Луганска, Сергеева Пасада. З 20 да 27 сакавіка штодня на вялікай і малой сцэнах Магілёўскага абласнога драмтэатра, а таксама пляцоўках абласнога тэатра лялек і канцэртнай залы «Магілёў» ішлі па 3-4 спектаклі. У Сусветны дзень тэатра былі адзначаны найлепшыя з іх. Па меркаванні экспертнага савета, найлепшай стала эксперыментальная сцэна пад кіраўніцтвам Анатоля Праудзіна «Палата № 6» Санкт-Пецярбургскага тэатра-фестывалю «Балтыйскі дом». Маладзёжнае журы аддало перавагу Ульянаўскаму маладзёжнаму тэатру імя Б. У. Аляксандрава з іх спектаклем «Дуброўскі». Ну а прыз сімпатый гледачоў пад бурныя апладысменты быў уручаны Арлоўскаму дзяржаўнаму тэатру для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора» за іх гарачы іспанскі мюзікл «Кармэн. Гісторыя Хасэ» — пастаноўка выклікала буру захаплення ў магіляўчан.

Тэатральная заслона апушчана. У гледачоў засталося шматуражанняў, у тэатральных калектываў з’явілася шмат новых тэм для разважанняў. Форум свае функцыі выканаў: даў нетолькі відовішча, але і пажытак для розуму.

— Мне падабаецца гэты форум, лічу яго падзеяй і для Магілёва, і ў цэлым для Беларусі, — прызнаўся рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі Дзяніс ФЁДАРАЎ.  — Шмат цікавых калектываў, славутыя рэжысёры, вельмі насычаная праграма — сапраўднае свята тэатра.

Старшыня экспертнага журы Вераніка ЯРМАЛІНСКАЯ падкрэслівае ўнікальнасць маладзёжнага тэатральнага форуму ў Магілёве.

— Кожны фестываль мае вялікае значэнне для нашай тэатральнай культуры, — кажа яна. — Іх у нас можна па пальцах пералічыць. У той жа Маскве іх болей чым 200, а па Расіі — наогул звыш 700. Таму магілёўскі фестываль значны, асабліва тым, што маладзёжны. Ён прасоўвае наша маладое пакаленне, маладую рэжысуру, маладых акцёраў.

Тэатральны крытык Лізавета БАРАВІКОВА, якая ў складзе маладзёжнага журы ацэньвае спектаклі форуму другі год, адзначыла захапляльную атмасферу M.@rt кантакта.

— Цудоўныя ўражанні ад фестывальнай праграмы, знаёмства з новымі калектывамі, ад сустрэч з ужо даўно знаёмымі тэатрамі, — падзялілася яна. — Некаторыя спектаклі я бачыла некалькі разоў, але заўсёды знаходзіла нешта новае. У нас выдатная каманда маладых крытыкаў. Міша Аўсееў і Надзея Хрысцюшына — студэнты 3-га курса тэатразнаўчага факультэта Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва. Мы шмат дзе ездзім, удзельнічаем у абмеркаваннях спектакляў нароўні са старэйшымі калегамі. Гэта добрая практыка. Мы можам дзесьці не пагадзіцца, з кімсьці паспрачацца, выказаць сваё меркаванне. А Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «M.@rt кантакт» — гэта вельмі значная падзея, каб сустрэцца.

Нэлі ЗІГУЛЯ