Зігуля, Н. І не толькі зброяй / Нэлі Зігуля // Літаратура і мастацтва. — 2025. — 28 сакавіка. — С. 15.
Жыццё паэта, журналіста, рэдактара Аляксея Пысіна непарыўна звязана з Магілёўшчынай. Тут ён нарадзіўся, працаваў, пісаў. Вайна пачалася, калі яму быў усяго 21 год. Удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах, быў двойчы паранены, меў баявыя ўзнагароды, у тым ліку медаль «За адвагу». Але пісаць ваенныя вершы начаў ужо ў мірны час. Як ён казаў пра сябе: «На фронце ў мяне была адна зброя — руская трохлінейная вінтоўка…»
Прасякнуцца духам ваеннай паэзіі дапамагла музычна-літаратурная кампазіцыя, падрыхтаваная Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У Леніна, у якую ўвайшлі творы не толькі Аляксея Пысіна. Сёлетнія чытанні былі прысвечаны тэме «Яны дайшлі да Берліна». Удзельнікі ўспаміналі лёсы і творчасць літаратараў Магілёўшчыны Пятра Прыходзькі, Васіля Карпечанкі, Уладзіміра Савіцкага і іншых. Навучэнцы Магілёўскага сацыяльна-гуманітарнага каледжа чыталі са сцэны іх вершы.
— «Пысінскія чытанні» — гэта даніна павагі нашаму славутаму земляку, які неаднаразова бываў у нас, сустракаўся з чытачамі, — адзначыла дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілона Сарокіна. — Але, улічваючы, што сёлета мы адзначаем 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, расказваем не толькі пра Аляксея Пысіна, але і пра іншых ураджэнцаў Магілёўшчыны — пісьменнікаў, якія ваявалі і зброяй, і пяром. Наша мэта — расказваць маладым, што менавіта савецкі салдат вызваліў Еўропу і заваяваў Перамогу.
Сярод ганаровых гасцей — дачка Аляксея Пысіна — Любоў Лукашкова, яго ўнукі і праўнукі. Праўнук Ілья — вучань другога класа — прысвяціў сваю першую даследчую работу знакамітаму дзеду. Ён, лічы, рос на яго творах. Нават знешне на яго падобны. У дзяцінстве Ілья засынаў пад паэму «Кавылёк», якую яму чытала бабуля. Гэта і цяпер яго любімы твор.
Прадстаўнікі Краснапольшчыны расказалі, як беражліва захоўваецца ў іх памяць пра славутага земляка. Рэгіянальнае свята паэзіі і прозы «Вянок Аляксею Пысіну» дае пуцёўку ў літаратурны шлях аматарам прозы і паэзіі.
Сёлета, на жаль, сярод прысутных не было блізкага сябра Аляксея Пысіна — Віктара Арцём’ева. Летась восенню ён пайшоў з жыцця. Віктар Іванавіч быў біёграфам паэта, прысвяціў яму шмат сваіх успамінаў. Падчас «Пысінскіх чытанняў» была прэзентавана апошняя кніга Віктара Арцём’ева «Як на споведзі ў храме». Яе рэдактарам і складальнікам стала вядучы бібліятэкар Магілёўскай абласной бібліятэкі Галіна Дзятлава.
— Гэта наша апошняя работа з Віктарам Іванавічам, — удакладніла яна. — Ён убачыў толькі сігнальны экзэмпляр. Кніга з’яўляецца своеасаблівай творчай справаздачай аўтара. Гэта падарунак яго блізкім, сябрам і бібліятэкам, з якімі ён цесна супрацоўнічаў.
Ішла размова і пра развіццё сучаснай літаратуры, супрацоўніцтва літаратараў з бібліятэкамі.
Члены Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі актыўна сустракаюцца з чытацкай аўдыторыяй, рэалізоўваюць праекты, праводзяць літаратурныя марафоны. У Год якасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працягваецца рэалізацыя маладзёжнага патрыятычныга праекта «Песня роднай зямлі», створанага разам з Магілёўскім дзяржаўным каледжам мастацтваў пры падтрымцы Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру і Магілёўскага аблвыканкама. Пісьменнікі ўдзельнічаюць у школьных уроках мужнасці і літаратурных чытаннях.
Традыцыйна праводзіцца літаратурны конкурс «I кружыцца планета Куляшова». Літаральна напярэдадні «Пысінскіх чытанняў» былі падведзены вынікі конкурсу «Гэта трэба — не мёртвым, гэта трэба — жывым». У чатырох узроставых катэгорыях вызначылася аж 62 пераможцы.
— Гэта выдатна, — не хавае эмоцый старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека. — Больш паловы з іх — моладзь. Дзевяць пераможцаў ва ўзросце 14-17 гадоў.
Кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі лічыць, што «Пысінскія чытанні» — гэта не толькі Аляксей Пысін і пісьменнікі-франтавікі. Гэта яшчэ і своеасаблівае падвядзенне вынікаў супрацоўніцтва з бібліятэкамі.
Нэлі ЗІГУЛЯ