Блізкія лёсы

Карлюкевіч, А. Блізкія лёсы / Алесь Карлюкевіч // Літаратура і мастацтва. — 2025. — 28 сакавіка. — С. 10.

У савецкай дзіцячай літаратуры доўгія дзесяцігоддзі працаваў наш зямляк з Магілёва Анатоль Машкоўскі (1925—2008), з дня нараджэння якога сёлета споўнілася 100 гадоў.

Шукаючы звесткі пра ўраджэнцаў Беларусі, якія здзейсніліся як асобы ў рускай і савецкай літаратуры, я неяк выпадкова даведаўся, што ў Магілёве нарадзіўся рускі дзіцячы пісьменнік Анатоль Іванавіч Машкоўскі (1925—2008). Было гэта сямнаццаць гадоў назад, у 2008-м… Не спадзеючыся знайсці літаратара па старым адрасе (яго я знайшоў у даведніку членаў Саюза пісьменнікаў СССР, які быў выдадзены на некалькі дзесяцігоддзяў раней; ды і ўзрост чалавека, у пошукі якога я выправіўся…), усё ж напісаў у Маскву. Напісаў недзе на пачатку 2008 года. Адказу доўгі час не было. Разважаючы пра розныя складанасці паштовага ліставання пасля развалу Савецкага Саюза, падрыхтаваў яшчэ адзін ліст… А раптам другі раз пошта не падвядзе?!.

I ў выніку высветлілася, што пісьменнік жывы і здаровы. Ліст яго знайшоў па тым самым старым маскоўскім адрасе на вуліцы Чырвонаармейскай, у доме нумар 25. I вось цяпер я дастаю з папкі канверт, выцягваю пажоўклы лісток паперы. Адказ датаваны 4 чэрвеня 2008 года: «Я, паважаны А. М. Карлюкевіч, — прабачце, не ведаю Вашага імя і імя па бацьку, — днямі (28 мая) атрымаў Ваш ліст, які быў напісаны 6 красавіка. Атрымліваецца, што ён дабіраўся да маёй паштовай скрыні амаль два месяцы… Дзіўна. Ліст, адасланы Вамі раней, не атрымаў…». I пісьменнік, якому ўжо засталося жыць меней чым паўгода, нібыта спяшаючыся, стараецца напоўніцу, хаця і досьщь лаканічна, праз даты і самыя галоўныя факты, расказаць пра сябе і пра повязь з радзімай, якая яго выпеставала… «Нарадзіўся я 10 сакавіка 1925 года, — піша Анатоль Машкоўскі, — у кватэры пры Магілёўскім педтэхнікуме, які заснаваў і быў першым яго дырэктарам мой бацька Іван Барысавіч Машкоўскі (1887—1971), сын селяніна з вёскі Малыя Амхінічы Магілёўскай губерні. У Магілёве пражыў 5 гадоў, два гады ў г. Мазыры і 7 гадоў у Віцебску. Летам 1940 года сям’я переехала ў Маскву…» I вельмі важнае наступнае сведчанне: «У Беларусі пражыў усяго 15 гадоў, але гэта былі галоўныя (слова “галоўныя” падкрэслена пісьменнікам. — А. К.) незабыўныя, дзіўныя гады ў маім жыцці. Хаця ў болей сталым узросце вельмі шмат ездзіў па Саюзе і пабываў у 16 краінах Еўропы і Паўночнай Афрыкі і шмат што пабачыў…» I напрыканцы жыцця Беларусь — Магілёўшчына, Віцебшчына, Гомельшчына — даражэй яму, чым такія экзатычныя Англія, Аўстрыя, Турцыя, Францыя, Шатландыя, Балгарыя, Польшча, Туніс, Лівія, Кіпр, Грэцыя, Югаславія…

У Вялікай Айчыннай вайне Анатоль Машкоўскі не ўдзельнічаў. Падлеткам па неасцярожнасці цяжка параніў кісць правай рукі, пазбавіўшыся некалькіх пальцаў. Пра гэтую гісторыю з няўдалым выбухам дэтанатара старой гранаты Анатоль раскажа ў апавяданні «Грымучая сумесь»… У 1941—1943 гт. быў у эвакуацыі. Вучыўся ў маленькая сельскай школе ў паселішчы Дуван (Башкартастан). І ўжо тады актыўна пісаў паэтычныя і празаічныя творы, выпускаў школьны часопіс… Творчы багаж школьніка склаў болей чым 100 вершаў і апавяданняў. А ў 1943 годзе юнак паступіў у Літаратурны інстытут імя М. Горкага. Займаўся на семінары паэзіі… Першая кніга вершаў — зборнік «Самае дарагое» — выйшла ў 1952 годзе ў выдавецтве «Молодая гвардия». На старонках гэтай кнігі — вялікі цыкл вершаў пра Беларусь «Бакены на Дзвіне».

«С Двины, струясь, плыла прохлада, // Костры качались на (глотах. // Как пристань — Витебска громада // Огнями пламенела рядом — //И звезды меркли в небесах!..»

I літаральна з самага пачатку. творчай працы свае сілы Анатоль Іванавіч аддае дзіцячай літаратуры. Гэтаму, відаць, спрыяў і сам характар асобы. Хлопчыкам ён рос ціхім, непрыкметным, засяроджаным у сабе. Захапляўся літаратурай, марыў пра падарожжы ў далёкія краіны.

Закончыўшы ў 1948 годзе Літаратурны інстытут, Машкоўскі працуе як прафесійны пісьменнік. Шмат ездзіць у творчыя камандзіроўкі, імкнецца выкарыстаць любую магчымасць, каб пабачыць новы куточак пазнаёміцца з запаведнікамі, рознымі новабудоўлямі, невядомымі дагэтуль рэкамі і азёрамі. Шмат піша нарысаў, дакументальных апавяданняў для часопіса «Дружные ребята». Супрацоўнічае з часопісам «Пионер» як член рэдакцыйнай калегіі. Пэўна, у падсвядомасці пісьменніка спрацавала тое, што крыху раней запісаў у сваім дзённіку, разумеючы ўсю складанасць літаратурнага працэсу пасляваенных гадоў, яго заідэалагізаванасць Міхаіл Прышвін: «…Саюз Савецкіх Пісьменнікаў ёсць фабрыка для перапрацоўкі свабоднага слова ў карысную для дзяржавы справу. Значыць, варта пакончыць з гэтым пастаянным раздражненнем у адносінах да пісьменніцкай грамадскасці. Трэба памятаць, што асоба пісьменніцкая ранейшага часу нічога не мае агульнага з “інжынерам душ” нашага часу: вось Сіманаў — гэта тыповы інжынер. Цяпер час літаратуры для дзяцей, і я думаю, што тут можна рабіць і нешта карыснае. Дык будзем жа пісаць дзённікі для сябе і кнігі для дзяцей».

У 1958 годзе маладога гатаратара прымаюць у члены Саюза пісьменнікаў СССР.

Паездкі на Ангару і да позера Байкал дапамагаюць нарадзіцца такім кнігам, як «Твая Антарктыда», «Скала і людзі», «Рака мая Ангара»… Але не дае спакою повязь з Беларуссю. З ліста Анатоля Машкоўскага:«… У 1965 годзе выходэіць кніга апавяданняў “Выклік на дуэль”, якая была цалкам прысвечана беларускім гадам — дзяцінству, падлеткаваму сталенню. Мой старэйшы брат Валодзя, якога прызвалі ў рады Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі яшчэў 1938 годзе, удзельнічаў у гераічнай абароне Магілёва. Як і многія тысячы байцоў, трапіў у палон, але праз чатыры дні ўцёк і стаў партызанам у брыгадзе Дзямідава, якая дзейнічала ў лясах Магілёўшчыны. Мая стрыечная сястра Нона была партызанскай медсястрою ў партызанскім атрадзе і загінула ад рук карнікаў. Уся сям’я майго дзядзькі Захара разам з іншымі жыхарамі была спалена ў хляве…»

Адна за другой да чытача прыходзілі кнігі Анатоля Машкоўскага: «Трава і сонца», «Парламенцёр», «Лавіна», «Лебядзінае крыло», «Тры беласнежныя алені», «Востраў, які кліча да сябе»… У 1987 годзе выдавецтва «Детская литература» выпусціла ў свет «Выбраныя творы» Анатоля Машкоўскага ў двух тамах.

Пісьменнік, вандруючы па Савецкім Саюзеу і іншых краінах свету, шукаў уражанні, вобразы, стараўся паказаць сваіх юных герояў у працэсе маральнага выбару. Вось і ў лісце да мяне Анатоль Іванавіч піша: «…У сваіх аповесцяхі апавяданнях стараўся пісаць толькі праўду, шукаў сюжэты і тэмы, дзе не трэба было скажаць і лакіраваць рэчаіснасць…» Пяць найлепшых апавяданняў са зборніка «Выклік на дуэль» — спроба адлюстраваць тое, як паўплываў на свядомасць юных грамадзян Савецкай краіны 1937 год, пра тое, што з рэпрэсіямі надышоў час развітання з многімі ілюзіямі. А ў сям’і Машкоўскіх пад жорнавы рэпрэсіўнай машыны трапіў і любімы дзядзька — Аляксандр Барысавіч Машкоўскі, ваенны лётчык… Хаця і быў час адлігі, калі пісьменнік прынёс у выдавецтва той, «беларускі», зборнік «Выклік на дуэль», згаданыя «пяць найлепшых апавяданняў» з кнігі «вылецелі» — па волі выдавецкіх рэдактараў і цэнзуры.

…Пісьменніка, які нарадзіўся ў Магілёве, ведаюць чытачы і сёння. Болей — па яго фантастычных творах. У 1975 годзе была надружавана аповесць А. Машкоўскага «Пяцёра ў зоркалёце». Яшчэ раней Анатоль Іванавіч напісаў фантастычную казку «Сем дзён цудаў» пра хлопчыка, у якога быў дзівосны ліхтарык «Хітрае вока», што здольны кіраваць эмоцыямі людзей.

Памёр пісьменнік у Маскве 2 снежня 2008 года… А 4 чэрвеня таго ж года Анатоль Іванавіч пісаў мне і вось пра што: «…Гадоў 15 назад вырашыў напісаць вялікую кнігу пра сваё дзяцінства, пра падлеткавы ўзрост — Магілёў, Мазыр, Віцебск. Напісаў чарнавік на 170 старонак, але вельмі хутка зразумеў што ў Маскве, у эпоху дзікага капіталізму і прыватных камерсантау, такую кнігу не выдадуць. Шкада. Трэба было напісаць такую кнігу гадоў 20 назад. Выдалі б. Пра сваё жыццё ў Беларусі я памятаю шмат, а выдаў кропельку… Цяпер ужо позна: гады, сотні хвароб. Праца ў літаратуры патрабуе напружання ўсіх сіл, якіх, на жаль, засталося не так шмат…»

Да 1991 года кнігі нашага земляка Анатоля Машкоўскага выходзілі і ў перакладзе на іншыя мовы народаў Савецкага Саюза і краін свету. Толькі ў СССР — на комі ў Сыктыўкары, на адыгейскай мове ў Майкопе, на кыргызскай у Фрунзэ (сённяшні Бішкек — сталіца Кыргызстана)… А яшчэ — у ГДР, Югаславіі, Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі… Агульны наклад кніг Анатоля Машкоўскага — болей як чатыры мільёны экзэмлляраў.

…Перш чым паставіць кропку ў гэтым расповедзе пра рускага дзіцячага пісьменніка, хацелася б зазначыць такую ідэю…У нас ёсць бібліятэкі, якія носяць імёны Аркадзя Гайдара, Максіма Горкага, Фёдара Панфёрава, іншых рускіх пісьменнікаў. Чему у Магілёве ці Віцебску не назваць адну з дзіцячых бібліятэк імем нашага земляка — Анатоля Машкоўскага?..

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Дарэчы

Некалькі слоў пра бацьку пісьменніка — Івана Барысавіча Машкоўскага… Ураджэнец Чавускага раёна, ён у 1906 годзе закончыў Полацкае педагагічнае вучылішча. Працаваў настаўнікам у сельскай мясцовасці. У 1913 годзе закончыў Маскоўскі педагагічны інстытут. Выкладаў у 1913—1915 гг. у Вязьме. У 1917 годзе закончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча. Паспеў паўдзельнічаць у баях Першай сусветнай… У 1919—1921 гг. — у Чырвонай Арміі. Затым вярнуўся ў Магілёў. Працаваў інспектарам упраўлення адукацыі. У 1924—1930 гг. — выкладчык і дырэктар тэхнікума ў Магілёве. У 1930—1932 гг. — выкладчык Мазырскага педтэхнікума. У 1932—1937 гг. — выкладчык і намеснік дырэктара Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава… У Вялікую Айчынную — дырэктар сельскай школы ў Башкартастане. 3 1944 года — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў розных маскоўскіх школах. Пасля — на рабоце ў Міністэрстве народнай адукацыі РСФСР. За педагагічную працу быў адзначаны званием заслужанага настаўніка РСФСР, у 1950 годзе ўзнагароджаны орденам Леніна.