«Вослік», «Бука» ды іншыя

Бунцэвіч, Н. «Вослік», «Бука» ды іншыя / Надзея Бунцэвіч // Культура. — 2025. — 28 сакавіка. — С. 9.

Да Міжнароднага дня тэатра лялек, які адзначаецца 21 сакавіка.у Магілёве падрыхтавалі прэм’еру“Казка пра маленькага Восліка” Ёсць у рэпертуары і прадстаўленні-гульні з паметай 0+.

НА КРЫЛАХ МАРЫ — ДА БАЦЬКОЎ

Сапраўды, Магілёўскі абласны тэатр лялек мае рэпертуар для ўсіх узростаў. А днямі тут адбылася прэм’ера, якую ў поўнай меры можна назваць сямейным спектаклем — і таму, што пастаноўка скіравана на захаванне сямейных каштоўнасцей, і таму, што цягам яе не засумуюць ні дзеці, ні бацькі, ні дзядулі-бабулі. Кожны зверне ўвагу на розныя адценні гісторыі, якую ўвасобіў на магілёўскай сцэне галоўны рэжысёр Тамбоўскага тэатра лялек Іван Карпаў і яго пастановачная каманда.

У час прагляду, магчыма, хтосьці згадае пакладзеныя ў аснову казкі Таццяны Макаравай, што выйшлі ў пачатку 1970-х і з той пары мелі безліч перавыданняў. Хтосьці — зняты па іх савецкі лялечны мультфільм “Мара маленькага восліка”.

Нехта проста ўбачыць новы для сябе твор пра Восліка-летуценніка, што фантануе неверагоднымі прыдумкамі і марыць стаць матыльком. А некаторыя будуць да бясконцасці разглядаць багаты візуальны шэраг, што пачынаецца з адметнай афішы і прыцягальнай фотазоны. Ці ж можна не зрабіць здымак з такім мілым, кранальным жоўга-бэзавым Вослікам!

Сцэнаграфія Веранікі Гарбуновай надзвычай рухавая. Вялізнае дрэва ў цэнтры адыгрывае ролю своеасаблівай паваротнай сцэны. Дупло ў ім становіцца экранам для тэатра ценяў — праз гэты прыём праводзіцца мяжа міжрэальнасцю і фантазіямі» мроямі. На авансцэне — некалысі паўкруглых канструкцый, лесвічкі з перакладзінамі, што звычайна ўсталёўваюцца на дзіцячай пляцоўцы. Тут яны да пэўнага часу “завуаляваны” пад спляценне галін і каранёў, а потым перакульваюцца, ператвараюцца ў масточкі і нават у падабенства ксілафона, які ў той момант гучыць. Кампазітару Алесі Растоўскай выбітна ўдаліся яркія фрагменты музыкі фонавай, атмасфернай. У песнях жа, што артысты выконваюць жыўцом пад фанаграму-“мінусоўку”, часам хацелася больш смачнай” аранжыроўкі.

Лялькі — планшэтныя і разнастайныя пальчаткавыя. На фоне яркіх колераў другасных герояў ніколькі не губляюцца шэра-карычневыя, адценняў кавы з малаком, постаці цэнтральных — Восліка і яго бацькоў. Мілая пухнатасць гэтых персанажаў перададзена нават на праграмках, дзе адваротны бок зроблены з размалёўкамі — у двух варыянтах на выбар. Нечаканае аблічча ў Матылька, крыламі якога становяцца далоні артысткі: так часцей паказваюць птушак. А наколькі кранальная сцэна з Барсуком! Колькі гумару ў выяве Слімака, які на імгненне “пазычае” свае вочы-красачкі Восліку! Цікавых, не адразу заўважных дэталей столькі, што іх хопіць не на адзін, а на некалькі праглядаў. Зразумела, усіх гэтых і іншых персанажаў увасабляюць усяго тры артысты: Наталля Станкевіч (Вослік), Вольга Яфрэмава-Кухарава і Максім Кошалеў.

Раней у гэтай казцы падкрэслівалася: каб ператварыцца з Вусеня ў Матылька, трэба шмат працаваць. Цяпер на першы план выйшлі іншыя думкі — пра неабходнасць працягваць найлепшыя сямейныя традыцыі пры гэтым заставацца самім сабой, не страчваючы фантазіі, уласцівай дзяцінству. А яшчэ — пра неабходнасць “адпускаць” дзіця, прывучаць да самастойнасці, незаўважна прыглядаючы за ім, а таксама дазваляць рабіць уласныя памылкі — і дапамагаць іх выпраўляць.

ЗГУЛЯЕМ З НЕХАЧУХАМ?

Спектаклю “Бука” споўнілася 10 гадоў. За гэты час змянілася пакаленне артыстаў, але іграецца ён з такім імпэтам, бы на прэм’еры. I рэакцыя маленькіх гледачоў — самая непасрэдная. Здавалася б, узятая за аснову і добра пераробленая казка Міхаіла Супоніна не ўтрымлівае асаблівых творчых знаходак: маўляў, Бука, які ні з кім план не хоча гуляць. З-за яго нават лялькі тэатральныя ўсе разбегліся! Адна за адной узнікаюць прапановы, як выправіць канфліктны характар. Выходзіць далёка не адразу, і гэта вучыць дзяцей… прайграваць — не здавацца пасля няўдачы, а ўпарта крочыць да перамогі.

Інтэрактыву тут не проста xanae. Ha ім будуецца ўсё дзеянне, ад пачатку да фіналу. I гэта далёка не толькі звыклыя прапановы паклікаць кагосьці з герояў, а вясёлыя гульні, скіраваныя на сацыялізацыю дзяцей. Да зладжанага дуэта артыстаў далучаецца акцёрскі ансамбль усёй залы — тым больш спектакль праходзіць не на асноўнай сцэнс, а на камернай. Малеча сядзіць на падушках і радасна штораз ускаквае з іх, ледзь атрымаўшы заклік патанчыць-пагуляць. Энергетыка артыстаў зашкальвае.

Ад іх літаральна разлятаюцца іскры, ды не маланак, а бенгальскіх агнеў ці салютаў. Атмасфера шчырая, добрая, завадная. Яна не адпужвае, як гэта здараецца ў іншых калектывах пры няўмелым звароце да маленькіх гледачоў, а, наадварот, прыцягвае іх — прычым куды больш, чым калі б гэта быў звыклы паказ на сцэне.

Праз гульні з дзятвой навучаюцца і дарослыя, пераймаючы вопыт плённага ўзаемадзеяння розных пакаленняў. Без бацькоў тут часам папросту не справіцца! Асобныя лялькі, а таксама сцэнічныя строі, з дапамогай якіх артысты пераўвасабляюцца ў іншых персанажаў, ствараюцца літаральна на вачах. Чым не дадатковы майстар-клас па сумеемых гульнях? Мы заўжды імкнёмся даць дзецям усё найлепшае. Але зусім не абавязкова гэта павінны быць дарагія цацкі. Куды больш каштоўнаетое, што не прыдбаць ні за якія грошы: сонечны настрой, ззянне ў вачах і нарэшце, само ўменне ўзаемадзейнічаць, сябраваць, радавацца, а не заставацца Букам.

Надзея БУНЦЭВІЧ