300 старонак пра вайну

Зігуля, Н. 300 старонак пра вайну / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 1 красавіка. — С. 9.

Пошукавікі апублікавалі новыя факты гітлераўскіх злачынстваў

«Магілёўскі пошукавы веснік» — унікальнае выданне, адзінае на постсавецкай прасторы. Яго васямнаццаты выпуск прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Пад абгорткай — вынікі пошукавых экспедыцый, архіўныя матэрыялы, артыкулы розных аўтараў: Мікалая Барысенкі, Людмілы Грышанавай, Аляксандра Халеева, Юрыя Абмоіна, Галіны Кажэўнікавай, Алы Казючыц і іншых. 300 старонак актуальнай інфармацыі.


Казіміраўскі лес

Узрушэннем мінулага года сталі раскопкі ў Казіміраўскім лесе, дзе акупанты хавалі сляды сваіх злачынстваў — забітых імі мірных савецкіх грамадзян. Гэтай тэме прысвяціў свой артыкул кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. Прызнаецца, што збіраў факты па крупінках.

— Катастрафічна мала матэрыялу па гэтай тэме, — кажа ён. — Не толькі па Казіміраўскім лесе, дзе вяліся расстрэлы, але і па Старым Пашкаве, Палыкавічах. Тых, хто выжыў, засталося вельмі мала. А яны самыя галоўныя сведкі. Толькі па іх успамінах можна адносна аднавіць падзеі.

Напэўна, упершыню ў Магілёве даследчык сабраў найбольш поўны банк даных усіх рэпрэсіўных нямецкіх нацысцкіх арганізацый, якія прымалі ўдзел у знішчэнні мірных жыхароў. Улічваючы, што Магілёў быў тылавым раёнам групы армій «Цэнтр», за тры гады акупацыі тут перавярнуліся дзясяткі часцей, якія займаліся злачынствамі. Асноўным рэпрэсіўным органам, які спецыялізаваўся на знішчэнні мірных жыхароў, удзельнікаў супраціўлення, падпольшчыкаў, партызан — усіх, хто супрацьстаяў акупацыйнаму рэжыму, была айнзацкаманда 8 пад кіраўніцтвам Брэдфіша.

— Яна займалася аблавамі, удзельнічала ў блакадах партызан, — удакладняе Мікалай Барысенка. — Арыштоўвала і карала смерцю падпольшчыкаў, засылала сваіх агентаў у партызанскія атрады. Айнзацкаманда дзейнічала не толькі ў Магілёве, але і ў Магілёўскім, Клічаўскім, Асіповіцкім, Бабруйскім раёнах, на ўсходзе Магілёўшчыны — Чавускім, Слаўгарадскім, Быхаўскім раёнах. Усе самыя змрочныя старонкі акупацыі звязаны ў першую чаргу з ёй. Важна, што мы цяпер канкрэтна ведаем нацысцкае падраздзяленне, якое сыграла асноўную ролю ў знішчэнні дзясяткаў тысяч мірных жыхароў у Магілёўскай вобласці. Расстрэльвалі, спальвалі, забівалі ў «газвагенах» — душагубках, якія ўпершыню прымяняліся ў Магілёве пры знішчэнні псіхічна хворых людзей.

Пры адступленні гітлераўцы хавалі свае крывавыя сляды. Імі была распрацавана сакрэтная аперацыя «1005-Цэнтр». З ліку савецкіх грамадзян ствараліся так званыя каманды смертнікаў. Па загадзе немцаў яны эксгумавалі трупы і спальвалі іх. Прах развейвалі па палях, саджалі на месцы злачынстваў лес. Пасля ўдзельнікаў аперацыі знішчалі, каб не рассакрэцілі тайну.

Лес павінен стаць мемарыяльным

Мікалай і Святлана Барысенкі рыхтуюць кнігу па генацыдзе ў Магілёўскай вобласці.

— У артыкуле нашага весніка трагедыя разгледжана толькі ў кантэксце Казіміраўскага лесу, — кажа ён. — Месца страшнае, па ім можна прасачыць усю гісторыю акупацыі Магілёва. Асноўную інфармацыю будзем чэрпаць з матэрыялаў працэсаў у Нюрнбергу, Мюнхене, Магілёве, Мінску з 1947 да 1970 года. Там дастаткова сведчанняў па злачынствах нацыстаў у Магілёве і вобласці.

Першая пошукавая экспедыцыя гэтага года клуба «Віккру» працягнецца ў Казіміраўскім лесе разам з 52-м пошукавым батальёнам Мінабароны. Сёлета на месцы трагедыі плануецца ўстанавіць фундаментальны помнік, а лесу надаць статус мемарыяльнага.

Сродак супраць бяспамяцтва

Метадыст Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці, начальнік штаба гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» Святлана Барысенка расказвае, што матэрыялы зборніка — гэта цалкам эксклюзіўная інфармацыя. Пра тых жа лётчыкаў, якія не вярнуліся з баявога задання. У гэтым кірунку добра спрацавала група «Крылы Перамогі» ў складзе Аляксандра Клёміна і Міхаіла Нялюбіна, якія ўстанавілі месцы падзення некалькіх самалётаў. Летась па ініцыятыве родных лётчыкаў і пры падтрымцы «Віккру» і фінансавай падтрымцы дзяржорганаў быў устаноўлены памятны знак 4 штурмавому авіяцыйнаму палку.

У зборніку дасканала прапрацавана тэма лагераў ваеннапалонных.
Мікалай Барысенка адзначае, што жывыя, напрацаваныя на мясцовасці, матэрыялы заўсёды даюць плён.

— Гэта самы эфектыўны сродак у барацьбе са скажэннямі гістарычнай праўды пра вайну, — кажа ён. — Нашы апаненты перапісваюць гісторыю таму, што яшчэ шмат невядомага, засакрэчанага, нявывучанага. Нам трэба развіваць мясцовую рэгіянальную гісторыю, краязнаўства.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара