Ініцыятыва. Адзінства. Дзеянне. Вынік

Зігуля, Н. Ініцыятыва. Адзінства. Дзеянне. Вынік / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 16 красавіка. — С. 7.

Мясцовае самакіраванне на Магілёўшчыне — яскравы прыклад сувязі паміж насельніцтвам і органамі ўлады

Форум праходзіў на Магілёўшчыне з 8 да 11 красавіка з удзелам дэпутатаў усіх узроўняў, прадстаўнікоў выканаўчай улады, мясцовага самакіравання з розных абласцей Беларусі, сістэмы адукацыі, моладзі, прадстаўнічых органаў суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Яшчэ падчас яго адкрыцця важнасць падзеі адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц. Ён нагадаў, якое вялікае значэнне мясцоваму самакіраванню надае Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Бо гэта сур’ёзная палітычная апора, якая з’яўляецца сувязным звяном паміж насельніцтвам і мясцовымі органамі ўлады. Форум стаў яркай прыкметай таго, як гэта сувязь функцыянуе.


Юныя знаўцы мясцовага самакіравання

Формы камунікату ўдзельнікаў форум былі самыя розныя. Упершыню адбыўся відэамост з шырокім прадстаўніцтвам расійскіх дэпутатаў, дзе размова ішла пра тыя напрацоўкі, якія ўжо зроблены, і агучваліся планы, якія пажадана рэалізаваць у бліжэйшы час. У размове ўдзельнічалі прадстаўнікі 17 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Узаемадзеянне расійскіх рэгіёнаў і раёнаў Магілёўскай вобласці развіваецца па шматлікіх кірунках. І агульнае ў гэтай рабоце тое, што ў яе актыўна ўцягваецца мясцовае насельніцтва і моладзь.

  • Традыцыйнай стала інтэрнэт-віктарына для навучэнскай моладзі і студэнтаў. Сёлета яна была прысвечана тэме «Мясцовае самакіраванне і народаўладдзе ў канстытуцыйнай сістэме ўлады. ЦУР — Павестка 2040».
  • У віктарыне прынялі ўдзел амаль тры тысячы навучэнцаў, у тым ліку школьнікі 10-11 класаў і студэнты ВНУ. Удзельнікам трэба было на працягу 20 хвілін адказаць на 20 пытанняў. Першае месца сярод школьнікаў заваявала вучаніца СШ № 45 Магілёва Сафія Пазнякова. Сярод студэнтаў першае месца — у студэнта БДСГА Максіма Цуранава.

— Юнакі і дзяўчаты адказвалі на даволі складаныя пытанні, — адзначыў старшыня праўлення Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, старшыня Чавускага райсавета Анатоль Мацюлін, які ўручаў узнагароды пераможцам. — У нас расце годная змена.

Ёсць праблема? Шукаем шляхі вырашэння

У Магілёўскай вобласці працуе 175 Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў колькасцю 1720 чалавек, 480 калегіяльных і 7465 аднаасобных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання агульнай колькасцю больш за 10 тысяч чалавек.

— Дэпутаты мясцовых Саветаў працуюць у шчыльным кантакце з органамі выканаўчай улады, аказваюць істотны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё сваіх раёнаў, а, галоўнае, іграюць ключавую ролю ў вырашэнні канфліктных праблем грамадзян, — адзначыла падчас работы секцыі «Мясцовае самакіраванне ў нашы дні: праблемы і шляхі іх рашэння» дырэктар Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Паліна Церашкова. — Органамі мясцовага самакіравання назапашаны значны вопыт, але неабходна рухацца далей. Дыскусійнае абмеркаванне праблемных пытанняў дазваляе дасягнуць больш эфектыўнага кіравання рэсурсамі, уцягвання грамадзян у працэс прыняцця рашэнняў і рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў.

У рабоце з насельніцтвам дэпутатам даводзіцца сутыкацца з прыкладамі ўтрыманства, абыякавасці, ігнаравання. Сваімі напрацоўкамі, як гэта пераадольваць, падзяліліся прадстаўнікі Мсціслаўскага, Бялыніцкага і Слаўгарадскага раёнаў.

— Сёння ў нас сфарміравана трывалае разуменне грамадскіх ініцыятыў па месцы жыхарства, выбудавана выразная сістэма работы, якая ахоплівае ўсе сферы жыццядзейнасці, — паведаміла старшыня Мсціслаўскага райсавета Алена Клеянкова. — Цікавыя ідэі нараджаюцца падчас сустрэч з насельніцтвам, пры аналізе зваротаў жыхароў, грамадскай думкі. Правільны падыход дазваляе аператыўна вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць, і карэкціраваць дзейнасць органаў мясцовай улады. Тое, што робяць нашы актывісты, матывавана не толькі ініцыятывай, але і ўнутраным парывам зрабіць жыццё вакол сябе больш камфортным. Галоўнаепатрабаванне — асабісты прыклад. Што датычыцца зваротаў грамадзян, то частку з іх мы спрабуем перафарматаваць і вырашыць праблемы разам з заяўнікамі.

А вось як зацікавіць нешта рабіць разам гараджан, калі нават суседзі па пляцоўцы не заўсёды ведаюць адзін аднаго? На думку дэпутата Магілёўскага аблсавета, старшыні СТГС № 13 Магілёва Іны Галоднікавай, выбудоўванню адносінаў паміж насельніцтвам і мясцовай уладай дапамагаюць анлайн-апытанкі ў чатах дамавых і вулічных камітэтаў, асвятленне калектыўнай дзейнасці на інтэрнэт-рэсурсах і афіцыйных сайтах.

Вельмі паказальны вопыт работы з насельніцтвам па добраўпарадкаванні населенага пункта дэманструе аграгарадок Ржаўка-1 Слаўгарадскага раёна. Стараста Аксана Дзянісава расказала пра маштабную работу, якую праводзілі тут з дапамогай насельніцтва, — чысцілі мясцовае возера. Засталося зрабіць добраўпарадкаванне — і можна пачынаць сезон.

У перспектыве — набыццё і ўстаноўка дзіцячай пляцоўкі. На гэтыя мэты збіраюцца сродкі, мясцовая аграгаспадарка таксама не застаецца ўбаку.

Узнагароды найлепшым

Выніковым мерапрыемствам форуму стала пленарнае пасяджэнне з удзелам сенатараў і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

— Мэты, якія мы ставілі, былі дасягнуты, — рэзюмаваў член Савета Рэспублікі, старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін. — Наша галоўная задача заключалася ў кансалідацыі грамадства на мясцовым узроўні, падтрымцы ініцыятыў грамадзян і больш шырокім уцягванні людзей у жыццё Прыдняпроўскага краю, каб палепшыць дабрабыт кожнага чалавека, зрабіць яго больш змястоўным.

Урачыстым момантам стала ўручэнне ўзнагарод пераможцам абласнога спаборніцтва сярод органаў мясцовага самакіравання па выніках мінулага года. Сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў першае месца — ў Вішоўскага сельсавета Бялыніцкага раёна. На другім і трэцім месцах — Любоніцкі сельсавет Кіраўскага раёна і Вяззеўскі сельсавет Асіповіцкага раёна.

Найлепшым калегіяльным органам тэрытарыяльнага самакіравання стаў № 4 Ленінскага раёна Бабруйска. На другім і трэцім месцах — СТГС мікразоны № 13 Кастрычніцкага раёна Магілёва і мікразона № 2 «Савецкая» Крычава.

Сярод аднаасобных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання найлепшай прызнана работа старасты аграгарадка Баравіца Кіраўскага раёна Святланы Вараб’ёвай. Другое і трэцяе месца занялі старасты населеных пунктаў Несцерава Падсалтанаўскага сельсавета Мсціслаўскага раёна і Ржаўка-1 Васьковіцкага сельсавета Слаўгарадскага раёна Алена Хліманкова і Аксана Дзянісава.

Ганаровыя граматы Магілёўскага аблсавета атрымалі стараста пасёлка Глуша Глушанскага сельсавета Бабруйскага раёна Васіль Амялюсік, старшыня КОТГС аграгарадка Падлужжа Краснагорскага сельсавета Мсціслаўскага раёна Галіна Надтачэева і старшыня Каменскага сельсавета Чавускага раёна Вольга Рэмез.

Для падтрымкі ініцыятыў

Мясцовае самакіраванне застаецца адным з найважнейшых складнікаў беларускай дзяржаўнасці, таму што аказвае непасрэдны ўплыў на якасць жыцця людзей — такім меркаваннем падчас форума падзяліўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

— У апошнія гады мы назіраем пазітыўныя змены ў рабоце мясцовага самакіравання, — падкрэсліў ён. — Рэалізавана шмат цікавых ініцыятыў, і, што немалаважна, бачны водгук людзей. Насельніцтва ўцягнута ў вырашэнне пытанняў, якія ўплываюць на паўсядзённае жыццё. Звароты грамадзян улічваюцца пры фарміраванні бюджэту. У 2025 годзе кожнаму сельсавету выдзелена па 10 тысяч рублёў. Калі прапануецца нешта цікавае і значнае, можам павялічыць суму. Акрамя таго, 400 тысяч рублёў прадугледжана на развіццё па праграме падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў. Усё гэта стварае ўмовы для ўдзелу насельніцтва ў кіраванні сваімі тэрыторыямі і фарміруе імідж улады.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА