Погляд за гарызонт

Зігуля, Н. Погляд за гарызонт / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 16 красавіка. — С. 8.

У Магілёўскай вобласці падвялі вынікі V Рэгіянальнага форуму па ўстойлівым развіцці. Удзел у форуме прынялі прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутаты, члены абласной рабочай групы па ўстойлівым развіцці, СЭЗ «Магілёў», абласных асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў, прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, моладзь. 


На пленарным пасяджэнні ў Палацава-паркавым ансамблі ў аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна былі агучаны прыярытэтныя кірункі развіцця Магілёўскага рэгіёну ў рамках абноўленай Стратэгіі ўстойлівага развіцця вобласці да 2040 года.

Найважнейшым з іх з’яўляецца рэсурсазберажэнне. Спікеры расказалі пра пілотныя ініцыятывы па ўкараненні прынцыпаў цыркулярнай эканомікі і рэсурсазберажэння на прадпрыемствах і ў арганізацыях Магілёўскай вобласці, аб працэсе ўцягвання насельніцтва ў прыняцце рашэнняў на мясцовым узроўні. Сваімі напрацоўкамі падзялілася моладзь — пераможцы абласнога конкурсу лепшых практык па рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці на перыяд да 2035 года. Іх узнагароджанне таксама адбылося ў рамках форуму.

— Праграма развіцця ААН па дасягненні Мэт устойлівага развіцця супадае з тым шляхам, па якім ідзе краіна, — рэзюмаваў намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР Сяргей Хаменка. — Пасыл выражаецца ў некалькіх словах — дзяржава для народа, дзяржава ў імя народа. Думаю, прадстаўнікі ААН разумеюць, што гэта не проста словы. Гэта справы, якія спачатку былі прынятыя рашэннем кіраўніка дзяржавы, а зараз
рэалізуюцца нашым урадам, у тым ліку ў рэгіёнах.

Сяргей Хаменка падкрэсліў, што рэгіён актыўна выкарыстоўвае сродкі донараў і рэалізуе праекты у сацыяльнай, эканамічнай і экалагічнай сферах.

— На сённяшні дзень ужо разгледжана Праграма развіцця Рэспублікі Беларусь — Стратэгія развіцця да 2040 года, — адзначыў ён. — Кажучы словамі Прэзідэнта, «мы глядзім за гарызонт, мы робім усё для таго, каб нашы дзеці і ўнукі, іх дзеці і ўнукі жылі ў мірнай і развітай дзяржаве».

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тэлеграм-канала Савета Рэспублікі.