Зігуля, Н. Патрыятызм на прыкладзе дзядоў / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 13 мая. — С. 14.
Магілёўскі ваенрук сабраў памяць пра вайну ў кнігу
Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні магілёўскай СШ № 46 Аляксандр Кіркалаў лічыць, што патрыятызм лепш выхоўваць на сямейных прыкладах. У Беларусі няма сям’і, якую б не закранула вайна. Нехта змагаўся на фронце, нехта — у тыле, у партызанах або каля станка, забяспечваючы фронт усім неабходным. У красавіку выйшла яго кніга «Памяць пакаленняў у імя будучага. Іх імёны ў гісторыі Перамогі». На 61 старонцы — інфармацыя пра 43 воінаў. Усе яны родныя настаўнікаў і вучняў 46-й школы.
Па адукацыі Аляксандр Кіркалаў юрыст, шмат гадоў адпрацаваў у міліцыі. У 2017 годзе, праходзячы службу ў ДАІ, Аляксандр Кіркалаў разам з калегамі ўдзельнічаў у закладцы капсулы з зямлёй з месцаў пахавання супрацоўнікаў ДАІ ў крыпце Храма-помніка «У гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі» ў Мінску. Тады ў яго і ўзнікла ідэя стварэння кнігі-памяці пра семярых супрацоўнікаў ДАІ Магілёўскай вобласці, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку. Падчас работы ў міліцыі Аляксандр Кіркалаў зрабіў таксама кнігу-альбом пра дзейнасць экалагічнай міліцыі Магілёва.
Работа з архіўнымі звесткамі захапіла. Аляксандр Кіркалаў знайшоў шмат інфармацыі пра сваіх продкаў і склаў радавод болей чым на 80 імён.
Другі год Аляксандр Кіркалаў працуе ў сістэме адукацыі і працягвае займацца пошукам інфармацыі пра гераічных беларусаў.
— Ідэя стварыць кнігу да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ўзнікла, калі прыйшоў працаваць у школу № 46, — расказвае гісторыю стварэння новага выдання суразмоўнік. — Папрасіў калег і вучняў падзяліцца ваенным мінулым іх родных. Першапачаткова планавалася размясціць толькі звесткі аб франтавіках, але падчас падрыхтоўкі матэрыялу сабралася значна больш, чым думалася.
Выданне дапоўнена архіўнымі данымі Мінабароны Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнага архіва Мінабароны Расійскай Федэрацыі. У аснову ляглі падзеі абароны Магілёва і яго вызвалення, інфармацыя пра памятныя месцы і аб абаронцах горада. У кнізе змешчаны фатаграфіі франтавікоў, іх біяграфічныя даныя, узнагароды, водгукі камандзіраў аб подзвігах байцоў. Асобнай тэмай прагучала інфармацыя аб чырвонаармейцах, у гонар якіх названы вуліцы і знакавыя месцы ў горадзе.
— Работа па патрыятычным выхаванні моладзі працягваецца, — кажа Аляксандр Кіркалаў. — Разам са школьнікамі распрацоўваем экскурсійныя маршруты па памятных мясцінах, знаёмімся з гісторыяй, робім шмат фота і відэаматэрыялы. Гэта вельмі важна, бо менавіта на асабістых прыкладах і прыкладах гераічных продкаў выхоўваецца патрыятызм. Нядаўна размясціў інфармацыю пра кнігу ў TіkTok. Расійскае сацыяльна-культурнае аб’яднанне «Рух Саюз» аб’явіла конкурс для моладзі «Памяць пакаленняў: гісторыя героя маёй сям’і», прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. За тры дні маю інфармацыю праглядзела больш чым 3,5 тысячы чалавек. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што мы рухаемся ў правільным кірунку. Нельга маўчаць пра наша ваеннае мінулае. Мы павінны рабіць усё для таго, каб свет ведаў, што мы — нацыя пераможцаў.
Фота з архіва Аляксандра КІРКАЛАВА