Зігуля, Н. «Шчаслівыя разам» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 17 мая. — С. 1, 8—9.
Як рэспубліканскі конкурс студэнцкіх сем’яў працуе на ўмацаванне традыцыйных каштоўнасцяў
Месцам дзеяння VІІ рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх сем’яў «Шчаслівыя разам» па традыцыі стаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій у Магілёве. Менавіта тут сем гадоў таму запусцілі ў жыццё гэтую карысную і прыгожую ініцыятыву. Сімвалічна, што сёлета сем’яў-фіналістаў таксама было сем — з Магілёва, Горак, Брэста, Гродна і Мінска.
Два ў адным
На гэтым тыдні напярэдадні Міжнароднага дня сям’і ў Магілёве адначасова з конкурсам «Шчаслівыя разам» стартаваў яшчэ адзін рэспубліканскі праект — «Гісторыя маёй сям’і». Яго ініцыятарам стаў Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр «Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы» і Грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет пры Міністэрстве адукацыі.
— Імпануе, што ў конкурсе «Шчаслівыя разам» ёсць сугучны нашаму праекту момант — складанне генеалагічнага дрэва сям’і, — адзначыла начальнік Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра Юлія Зінкевіч. — Ідэя конкурсу «Гісторыя маёй сям’і» — расказаць пра свой род, продкаў. Мы правядзём яго ў кожным універсітэце, а потым агучым на ўсю краіну самыя цікавыя гісторыі.
Дарэчы, для ўдзельнікаў конкурсу «Шчаслівыя разам» стварэнне радаводу стала першым іспытам у праграме. Сужэнцы прыехалі з ужо гатовымі работамі.
На ўзроўні міністэрства
У тым, што конкурс «Шчаслівыя разам» стаў традыцыйным, заслуга Міністэрства адукацыі, лічыць рэктар Беларускага дзяржуніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Максім Кіркор. Ён упэўнены: гэта мерапрыемства вельмі карыснае для маладых сем’яў.
— Радуе, што ўніверсітэт стварае для канкурсантаў па-сапраўднаму дамашнія ўмовы, — заўважыла начальнік упраўлення па справах моладзі галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Сіманоўская. — Гэтыя сем’і ўзніклі ў самыя шчаслівыя моманты іх студэнцкага існавання. Хацелася б, каб цёплыя адносіны захаваліся на ўсё жыццё і толькі мацнелі. Сям’я — ячэйка грамадства. Любая дзяржава моцная толькі тады, калі ў яе моцныя сем’і.
Выпрабаванні на трываласць
Прапаганда традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, падтрымка студэнцкіх сем’яў, стварэнне станоўчага іміджу маладой сям’і, вывучэнне гісторыі сям’і, прывіццё моладзі высокіх маральных якасцяў і навыкаў сацыяльнай актыўнасці — усё гэта асноўныя мэты конкурсу «Шчаслівыя разам». Тры дні ўдзельнікі жылі ў дынамічным спартыўным рытме. Родныя, сябры, знаёмыя падтрымлівалі іх і афлайн, і анлайн. З самага старту была дадзена магчымасць прагаласаваць за ўпадабаных удзельнікаў у месенджары. І тая маладая сям’я, якая сабрала большую колькасць галасоў, таксама атрымала прыз.
На працягу сямі гадоў канкурсантаў па-мацярынску апякуе прарэктар універсітэта Вольга Мацыкава.
— Мы заўсёды імкнёмся стварыць для ўдзельнікаў сяброўскую ўтульную атмасферу, — кажа яна. — Абавязкова ўлічваем іх пажаданні, гатовы карэктаваць пад іх праграму.
Заданні конкурсу падабраныя такім чынам, каб згуртаваць сем’і, праверыць іх на трываласць. Напрыклад, юнакам трэба было самастойна, без удзелу жонак, закупіць за паўгадзіны прадукты на 30 рублёў. А дзяўчатам прыгатаваць святочную вячэру з гэтых прадуктаў на прасунутай універсітэцкай кухні. Яшчэ тое выпрабаванне! Бо гэта не проста кухня, а спецыяльная вучэбная лабараторыя, дзе да міжнародных турніраў рыхтуюцца найбольш адораныя кухары з ліку студэнтаў. Некаторыя ўдзельніцы ўпершыню мелі справу з тым перадавым абсталяваннем, якое там устаноўлена. Не менш складанай была задача адказаць на пытанні магілёўскіх студэнтаў на ток-шоу «Мы — сям’я і мы шчаслівыя». Вось дзе спатрэбіліся вынаходлівасць і дасведчанасць. Пары выпрабоўваліся таксама творчым паядынкам «Умелыя рукі», праяўлялі фантазію ў вырабе ключніцы, дэманстравалі свае артыстычныя таленты на тэму «Ты помніш, як усё пачыналася». Было шмат эмоцый, гумару, хвалявання. Упершыню ўдзельнікам прапанавалі медыцынскую квэст-гульню на базе дзіцячай паліклінікі. Нехта справіўся лепш, нехта — горш, але карысны вопыт атрымаў кожны. У маладых сем’яў на працягу трох дзён конкурсу была магчымасць не толькі спаборнічаць, але і прыемна адпачыць, пазнаёміцца са шматвяковай гісторыяй горада на Дняпры, наведаць знакавыя культурныя аб’екты і месцы гераічнай славы. Адным словам, не сумавалі.
Сакрэт сямейнага шчасця ад ветэранаў…
Уладзімір Львовіч і Вольга Дзмітрыеўна Малышавы — сужэнцы з 53-гадовым стажам — пажаніліся, калі вучыліся у гэтай жа ВНУ. Пасля вучобы засталіся працаваць выкладчыкамі. Апошнія тры гады яны нязменныя члены конкурснага журы.
— Нягледзячы на меркаванне, што раннія шлюбы не трывалыя, мы — сведчанне таму, што яно памылковае, — сцвярджаюць сужэнцы. — У нас агульныя сябры і ўспаміны, няма нічога такога, пра што мы не ведалі б адно пра аднаго. Мы разам болей чым паўстагоддзя і нам не надакучыла. Шлюбы, у аснове якіх ляжыць не толькі моцнае каханне, але і сяброўства, — самыя трывалыя. Трэба, каб былі агульныя і цяжкасці, і перамогі. Некаторыя жадаюць усяго і адразу. А на наш погляд, самае каштоўнае — калі ўсё здабываецца разам.
…І ад удзельнікаў
Яна і Максім Цюніс, студэнты 4 курса Беларускага дзяржуніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, разам ужо год. Яна родам з Гродна, Максім — з вёскі Стараселле Шклоўскага раёна. Дзяўчына пажартавала, што шлях да сэрца Максіма пачаўся праз страўнік.
— Яшчэ абітурыенткамі мы з сяброўкай звярнулі ўвагу на двух маладых хлопцаў, — усміхаецца суразмоўніца. — Запрасілі на бульбу, яны спачатку адмовіліся, а потым прыйшлі. З таго моманту мы з Максімам і сябруем.
Летась сужэнцы ўдзельнічалі ў конкурсе маладых сем’яў СНД у Маскве і занялі там другое месца. Кажуць, што для сямейнага шчасця трэба ўмець чуць адно аднаго, а калі пасварыліся, як мага хутчэй ісці на міравую. У сям’і без кампрамісу нельга.
Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што Гран-пры рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх сем’яў «Шчаслівыя разам» застаецца ў Магілёве. Найлепшай студэнцкай парай 2025 года стала сям’я Яны і Максіма Цюніс. Віншуем пераможцаў! Усе астатнія сем’і таксама атрымалі шчодрыя падарункі. Бо, як зноў гучала падчас фінальнага этапу, тых, хто прайграў, у гэтым конкурсе не бывае.