Сінькевіч, Г. У рэчышчы інавацый / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 15 ліпеня. — С. 9.
У рэчышчы інавацый
Школа-прыгажуня пабудавана на праспекце Міра ў Магілёве — пра гэта паведамляў фотаздымак на першай паласе “Настаўніцкай газеты”. У эксплуатацыю тады ўводзілася сярэдняя школа № 21.
Гэта стала важнай падзеяй для мясцовых жыхароў. Тады толькі ўзвялі чарговы гарадскі мікрараён, ва ўстанове адукацыі была вялікая патрэба.
— Школу чакалі і педагогі, і дзеці, і бацькі. Талакой аказвалі дапамогу будаўнікам, прыбіралі і рыхтавалі кабінеты да заняткаў. Сумесна з радасцю расчынялі дзверы на ўрачыстай лінейцы, — расказала, гартаючы старонкі школьнага летапісу, дырэктар Юлія Пятакова.
У альбоме адлюстравана ўся гісторыя ўстановы адукацыі. Яна багатая на дасягненні. Кожны навучальны год адметны поспехамі.
— З самага пачатку былі закладзены пэўныя традыцыі. Як раней, для педагогаў галоўнае — асоба навучэнцаў. Разгледзець здольнасці і ўсебакова раскрыць патэнцыял вучняў — вось чым кіруюцца ў рабоце нашы настаўнікі. Гэтае крэда дазволіла стварыць ва ўстанове непаўторную атмасферу душэўнасці, прыняцця і цеплыні, што цудоўна матывуе на здзяйсненні, — патлумачыла Юлія Валер’еўна.
Сёння сярэдняя школа № 21 Магілёва — гэта месца пошуку і магчымасцей. Адукацыйны працэс для 1470 дзяцей арганізуецца сіламі 105 высокакваліфікаваных настаўнікаў. Педагогі штогод становяцца пераможцамі разнайстайных конкурсаў прафесійнага майстэрства, многія з іх узнагароджаны граматамі Міністэрства адукацыі, удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гонар установы — лаўрэат конкурсу “Настаўнік года”, уладальніца прыза “Крыштальны журавель”, настаўніца пачатковых класаў Ірына Валуева.
— 14 прадстаўнікоў калектыву — выпускнікі школы. Склаліся ў нас і дынастыі. Настаўніцтва ў спадчыну перадаецца ў сем’ях Манкевіч, Апідовіч, Байчук-Кісялёвых, Архіпавых, Цецеруковых-Буян, Цельпухоўскіх, Цярэшчанка, Галянковых-Малочка.
Усе педагогі працуюць у рэжыме развіцця, бесперапынна знаходзяцца ў руху да павышэння якасці адукацыі. Дзякуючы гэтаму школа функцыянуе ў рэчышчы інавацый. Мы аднымі з першых у краіне пачалі выкарыстоўваць на ўроках метад праектных задач, перадавыя тэхналогіі развіццёвага навучання, гукавога арыенціра, мнагамернага чытання, — заўважыла Юлія Пятакова.
Усяго ў школе было рэалізавана пяць інавацыйных праектаў, апрабаваны чатыры эксперыментальныя пляцоўкі. Шэраг распрацовак выбітныя. Так, намеснік дырэктара Аксана Суворава разам з настаўнікамі пачатковых класаў склала краязнаўчае выданне “Азбука Магілёва”, якое атрымліваюць у падарунак першакласнікі горада. Пад куратарствам намесніка дырэктара Таццяны Райкінай былі вызначаны эфектыўныя метадычныя формы павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.
Інавацыі ў сярэдняй школе № 21 ажыццяўляюць бесперапынна. Зараз тут укараняюць мадэль фарміравання гатоўнасці педагога да кіраўніцкай дзейнасці, вывучаюць спосабы прымянення штучнага інтэлекту ў адукацыі, развіваюць дапрофільнае і профільнае навучанне.
— На другой ступені адукацыі арганізавана дапрофільная падрыхтоўка вучняў. На трэцяй дзейнічае профільнае навучанне. Дзеці могуць на павышаным узроўні вывучаць грамадазнаўства, хімію, біялогію, замежную мову, фізіку, матэматыку, гісторыю Беларусі. Акрамя гэтага, працуюць прафесійныя групы інжынернай і медыцынскай накіраванасці. Сёлета плануем адкрыць мытны клас. Праз такія падыходы вылучаем для вучняў індывідуальныя адукацыйныя траекторыі, рыхтуем іх да правільнага прафесійнага выбару, — паведаміла Юлія Валер’еўна.
Для гарманічнага развіцця дзяцей працуюць разнастайныя гурткі і секцыі. Фарміраванню ў вучняў грамадзянскасці і патрыятызму спрыяюць тэматычны музейны куток, ваенна-патрыятычныя класы, далучанасць да гарадскога ваенна-патрыятычнага клуба “Вышыня”.
— Выгадаваць дзяцей сапраўднымі патрыётамі — гэта бачым адной з ключавых задач. Актыўна прыцягваем навучэнцаў да адпаведных ініцыятыў. Нашы хлопцы і дзяўчаты выдатна праяўляюць сябе на нясенні гарадской Вахты Памяці. Ужо двойчы станавіліся ўдзельнікамі беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці”, — адзначыла дырэктар.
Варта адзначыць, што школа дала пуцёўку ў жыццё тысячам выпускнікоў. Сярод іх — навукоўцы, спартсмены, артысты, інжынеры, архітэктары, музыканты.
Тут вучыліся алімпійская чэмпіёнка заслужаны майстар спорту СССР па гімнастыцы Святлана Баітава і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева.
– Цяперашнія навучэнцы не адстаюць ад папярэднікаў, рэгулярна праяўляюць таленты. Летась вучні былі ўзнагароджаны 70 дыпломамі абласных, рэспубліканскіх, міжнародных творчых конкурсаў. За апошнія два гады яны ўзялі 106 дыпломаў на другім, 42 — на трэцім і 10 — на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Шэраг перамог ёсць і ў спорце, даследчых конкурсах. 29 сёлеташніх выпускнікоў атрымалі пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай, чацвярым былі ўручаны атэстаты асаблівага ўзору і залатыя медалі. Больш за 90% выпускнікоў стабільна становяцца студэнтамі ўніверсітэтаў.
Высокія вынікі ў вучобе — заслуга настаўнікаў. У літаральным сэнсе сэрца аддаюць дзецям Наталля Марозава, Юлія Васіна, Кацярына Півунова, Ірына Рыбакова, Святлана Панцялей, Ірына Талстых, Марына Чэрнікава, Галіна Страха, Ірына Адзіянава, Алена Крупская, Ірына Валуева, Святлана Апідовіч, Наталля Разанава, Святлана Рэянтовіч і інш. Для многіх педагогаў сцены школы сталі роднымі, бо з імі звязана ўся іх працоўная біяграфія, — расказала Юлія Пятакова.
Шматгадовая плённая праца настаўнікаў даўно вывела сярэднюю школу № 21 у лік лепшых у горадзе. На добрым рахунку ўстанова адукацыі і на прасторах краіны.
— Наша школа — гэта асаблівы свет, другі дом для дзяцей. Тут яны не проста вучацца, а цікава жывуць, сталеюць, — падкрэсліла Юлія Валер’еўна. — У такім вектары працуем і далей. Ёсць шмат планаў. Але асноўная мэта не мяняецца: адзінай педагагічнай грамадскасцю будзем працягваць даваць вучням якасную адукацыю, выхоўваць іх годнымі грамадзянамі і людзьмі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі