Шлях да запаветных 100 балаў

Сінькевіч, Г. Шлях да запаветных 100 балаў / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 15 ліпеня. — С. 10.

Трыумфальны вынік на ЦЭ і ЦТ паказалі 7 вучаніц настаўніцы англійскай мовы абласнога ліцэя № 3 Марыны Любімавай

У чым формула поспеху і як прывесці школьнікаў да вучэбных рэкордаў, настаўніца англійскай мовы Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Марына Любімава расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”.

— За высокімі баламі на ЦЭ і ЦТ стаіць працяглая карпатлівая праца. Падрыхтоўку вучняў да іспытаў ажыццяўляю на працягу некалькіх гадоў. Трывалы фундамент неабходнай базы ведаў закладваю непасрэдна на ўроках. Бо шлях да запаветных 100 балаў пачынаецца менавіта з заняткаў, — паведаміла Марына Барысаўна.

На сваіх уроках педагог стараецца не пакідаць ні аднаго вучня без увагі. Структуру заняткаў выбудоўвае, скрупулёзна падбіраючы і арганічна злучаючы паміж сабой элементы разнастайных адукацыйных методык і тэхналогій:

— Упор раблю на асобасна-арыентаванае і развіццёвае навучанне. Усе навучэнцы розныя, таму шырока прымяняю тэхналогію ўнутрыкласнай або ўнутрыгрупавой дыферэнцыяцыі. Для некаторых вучняў заданні маюць базавы стандарт: у іх аснове паўтарэнне, уменне вылучыць лексічныя апоры. Для кагосьці складаю аналітыка-сінтэтычныя заданні, для іншых — заданні творчага характару. Групавая форма работы дае магчымасць уключыць у вучэбны працэс кожнага навучэнца.

Урокі Марыны Барысаўны не абыходзяцца без інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і метаду праектаў. Актыўна выка­рыстоўвае настаўніца і тэхналогію супрацоўніцтва. На занятках яна заўсёды ў актыўным узаемадзеянні і дыялогу з вучнямі:

 Асаблівасці вывучэння замежнай мовы — неабходнасць запомніць і трымаць у памяці вялікі аб’ём інфармацыі. У гэтым кірунку раблю акцэнт на дыдактычнай шматмернай тэхналогіі. Тэмы для вывучэння, прыклады маналагічных выказванняў, граматычныя правілы прадстаўляю ў выглядзе логіка-сэнсавай мадэлі. Сэнсавы кампанент ведаў уяўляюць ключавыя словы, размешчаныя ў апорным каркасе. Лагічны выразны матэрыял лягчэй засвойваецца навучэнцамі.

Алгарытм падрыхтоўкі Марыны Барысаўны да ЦТ і ЦЭ засноўваецца і на агульнай сістэме, створанай у ліцэі. Сярод яе аспектаў — дапрофільная падрыхтоўка ў 8—9 класах разам з сярэдняй школай № 21 горада, якасна арганізаваныя ўрокі, факультатывы, заняткі па інтарэсах звыш вучэбных праграм, спецыялізаваны курс.

— Вяду факультатыў “Лексіка-граматычны практыкум” і штоты­дзень сустракаюся з вучнямі ў рамках падрыхтоўчага курса. Працуем з дзецьмі сапраўды шмат. Стаўку раблю не толькі на ўласны прафесіяналізм. Усебакова ўзаема­дзейнічаю з калегамі. У пастаянным кантакце знаходжуся з бацькамі, бо падтрымка сям’і вельмі патрэбна. Не забываюся і пра псіхалагічную матывацыю: вучу навучэнцаў верыць у сябе і свае сілы, — адзначыла Марына Любімава.

Значным фактарам добрай здачы ЦЭ і ЦТ Марына Любімава лічыць самаадукацыю вучняў. Яна будуе работу такім чынам, каб яшчэ ў 10 класе дзеці паспрабавалі сябе ў рэпетыцыйным экзамене. Гэта дазваляе праверыць веды, дасканала азнаёміцца з тэстамі і навучыцца правільна размяркоўваць час у ходзе выканання заданняў.

— Істотную дапамогу на іспытах аказвае таксама ўдзел навучэнцаў у алімпіядным руху і даследчай дзейнасці. Большасць маіх сёлетніх стабальнікаў якраз пераможцы алімпіяд і даследчых конкурсаў, — заўважыла настаўніца.

Трыумфальны вынік на ЦЭ і ЦТ паказалі сем вучаніц педагога. 100 балаў набралі Таісія Марчанка, Настасся Прыстромава, Марыя Сцепаненка, Уладзіслава Шчадракова, Караліна Філіпенка, Ганна Грасянкова і Юлія Кашавая.

— Неверагодна ўдзячны Марыне Барысаўне за цікавыя і зай­мальныя ўрокі, за яе патрабавальнасць, уважлівасць, чуласць. Яна цудоўны педагог! Ніхто з нас не займаўся з рэпетытарамі. Але мы свабодна размаўляем і пішам на англійскай мове, можам чытаць адпаведную літаратуру. Гэтыя навыкі неаднаразова спатрэбяцца ў дарослым жыцці, — падзяліліся дзяўчаты.

Выпускніцы ўпэўнены: стабальныя сертыфікаты дапамогуць ім набыць жаданыя прафесіі.

Былыя ліцэісткі намераны паступаць у самыя прэстыжныя беларускія УВА. Так, Марыя марыць стаць авіядыспетчарам, Таісія — юрыстам, Ганна і Юлія — інжынерамі, Настасся і Караліна — перакладчыкамі, Уладзіслава — эканамістам.

— Мае навучэнкі на справе наглядна пацвердзілі: 100 балаў на іспытах цалкам рэальна атрымаць, вывучаючы прадмет як на павышаным, так і на базавым узроўні, — падкрэсліла Марына Любімава. — Усім сэрцам жадаю дзяўчатам дасягнуць пастаўленых мэт. Рэалізацыя вучнёўскіх мар для мяне самае важнае ў працы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара