Талакой супраць стыхіі

Сінькевіч, Г. Талакой супраць стыхіі / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 15 ліпеня. — С. 7.

На мінулым тыдні ў Магілёве разгарнуўся небывалы па размаху ўраган. Над горадам прайшоў моцны навальнічны фронт, хуткасць шквалістага ветру дасягала больш за 26 метраў за секунду. Страты ад разгулу стыхіі істотныя: сотні паваленых дрэў, перабоі з электразабеспячэннем, пабітыя вокны і сарваныя дахі на дамах. Сур’ёзна дасталася і ўстановам адукацыі.

Наступствы непагоды ўсюды ліквідавалі з уласцівай беларусам згуртаванасцю і адзінствам. Для ліквідацыі разбурэнняў педагагічныя калектывы аператыўна скааперыравалі наяўныя рэсурсы. Некаторыя настаўнікі выйшлі з адпачынку, каб прыняць удзел у аднаўленчых работах. Падтрымку аказвалі навучэнцы, бацькі, прадстаўнікі сілавых ведамстваў і камунальных арганізацый. Першачарговая ўвага была ўдзелена аднаўленню функцыянавання дашкольных устаноў, бо ў летні перыяд тут працягвае ажыццяўляцца адукацыйны працэс.

— Калі раніцай пасля ўраганнай ночы прыйшлі на работу — убачылі хаос. Будынак вытрымаў, але выбіла акно, месцамі раскрыла дах. Участак заваліла вывернутымі з коранем дрэвамі. 3 нашых цудоўных каштанаў, клёнаў і бяроз уцалелі адзінкавыя дрэвы. Навесці парадах толькі ўласнымі сіламі было б вельмі цяжка. На заклік аб дапамозе адгукнуліся неабыякавыя бацькі выхаванцаў, калегі з суседніх нам устаноў адукацыі, работнікі прадпрыемстваў-шэфаў. Сумесна паступова вяртаем установу ў звыклы рытм дзейнасці, — падзялілася загадчыца дзіцячага сада № 100 Магілёва Святлана Падгурская.

Вялікі калектыў ліквідаваў наступствы стыхіі і на тэрыторыі сярэдняй школы № 34 горада. Адзінай камандай тут працавалі адміністрацыя, педагогі, вучні, бацькі, спецыялісты іншых устаноў.

— Штармавы вецер паваліў мноства дрэў. Агульнымі намаганнямі ў рэжыме ўзаемадапамогі зладжана прыводзім тэрыторыю ў належны выгляд. Свой уклад уносяць і дарослыя, і дзеці. Так і павінна быць, бо разам мы можам пераадолець любую бяду, — падзяліўся дырэктар Ігар Якіменка.

Аналагічнага меркавання прытрымліваецца рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро. У гэтай установе ўсё таксама аднаўлялі талакой.

— Пасля ўрагану нашу тэрыторыю было ў літаральным сэнсе не пазнаць. Участак заваліла дрэвамі, стыхія знішчыла большую частку парку вакол установы. Пацярпеў і сам будынак інстытута: разбіта шкло на 12 вокнах, некаторыя кабінеты і аўдыторыі заліло ліўневым дажджом, пашкоджанні атрымала мэбля і тэхніка. Парывамі ветру часткова знесла агароджу. Страт сапраўды было шмат. Аднак дзякуючы ўзаемавыручцы і яднанню з усімі разбурэннямі справіліся, — адзначыў рэктар.

Адметна, што педагагічныя работнікі не засталіся ў баку і ад аднаўленняад урагану вуліц і двароў. Настаўніцкая грамадскасць актыўна дапамагала ў гэтай важнай справе камунальнікам, рабіла родны горад зноў чыстым і прыгожым.