Грунтоўны падыход

Сінькевіч, Г. Грунтоўны падыход / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 1 жніўня. — С. 6.

Сярэдняя школа № 39 Магілёва сустракае парадкам і чысцінёй. У абноўленых кабінетах усё гатова да прыёму навучэнцаў. Сёлета тут будуць вучыцца 980 хлопчыкаў і дзяўчынак, 90 з іх сядуць за парты ўпершыню.

Да абнаўлення школы падышлі грунтоўна, пастараліся стварыць максімальна камфортныя і бяспечныя ўмовы для навучання дзяцей. Поўнасцю абнавілі 74 вучэбныя класы, капітальна адрамантавалі тры санвузлы, выканалі работы па афарбоўцы спартзалы, сталовай, калідораў. Па-новаму аформілі нашы ўнікальныя арт-аб’екты, — паведаміў дырэктар Аляксандр Салавей.

Знакавых адметнасцей у гэтай установе нямала. Летась пад куратарствам выхавальніцы Наталлі Гарбузавай быў створаны этнаграфічны музей, дзе прадстаўлена звыш 100 экспанатаў, якія адлюстроўваюць старадаўні сялянскі побыт беларусаў.

Па ініцыятыве маладой настаўніцы працоўнага навучання Валерыі Любезнай незвычайнае афармленне атрымалі школьныя рэкрэацыі. На сценах з’явіліся маляваныя інсталяцыі, прысвечаныя сімвалам і славутасцям горада, абласцям краіны, творчасці вядомых паэтаў Беларусі.

Каб адцягнуць навучэнцаў ад гаджэтаў і зацікавіць іх чытаннем, педагагічны калектыў укараніў у рэкрэацыйную прастору прэс-куток і адкрытую бібліятэку.

У свабодным доступе ў вучняў друкаваная перыёдыка і кнігі розных жанраў.

— У найбліжэйшых планах зрабіць у адным з калідораў алею піянераў — герояў Вялікай Айчыннай вайны. Прыдумваем крэатыўныя ідэі, шырока выкарыстоўваем магчымасці будынка для таго, каб на перапынках дзеці бавілі час за карыснай дзейнасцю і пашыралі кругагляд, — расказаў Аляксандр Фёдаравіч.

Актыўна займаюцца ў школе № 39 і добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Прылеглы да школы ўчастак складае амаль тры гектары, выкарыстоўваюць яго рознабакова. Тут ёсць трэнажорная і некалькі спартыўных пляцовак, шматлікія клумбы і нават уласны яблыневы сад.

— Наша ўстанова — удзельнік рэспубліканскага праекта «Зялёныя школы». Экалагічнае выхаванне навучэнцаў — у прыярытэце, таму нядаўна высадзілі 10 саджанцаў яблыні і 20 кустоў парэчкі. Гэтым летам намаганнямі настаўніц біялогіі Наталлі Косцінай і Алены Зайцавай, а таксама настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ірыны Касцянецкай створаны арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі, алея з туй. Дзякуючы настаўніку працоўнага навучання Андрэю Карлаву, на ўчастку пастаянна абнаўляюцца малыя архітэктурныя формы, — заўважыў дырэктар.

Паводле яго слоў, з 1 верасня ў школе на больш высокі ўзровень выйдзе прафарыентацыйная работа з вучнямі. Установа падпісвае дагавор аб узаемадзеянні з Беларускім дзяржаўным універсітэтам харчовых і хімічных тэхналогій і сельскагаспадарчым прадпрыемствам ЗАТ «Агракамбінат «Зара». Трохбаковае супрацоўніцтва адкрывае дадатковыя перспектывы для вучняў профільных груп інжынернай і аграрнай накіраванасці.

— Маем намер удасканальваць прафесійную падрыхтоўку навучэнцаў. Сумесна з БДУІР вучым старшакласнікаў спецыяльнасці «Наладчык апаратнага і праграмнага забеспячэння», якая карыстаецца вялікім попытам на рынку працы. Наогул стараемся вызначыць індывідуальную адукацыйную траекторыю для кожнага вучня, дапамагчы ім зрабіць правільны выбар прафесіі, — адзначыў Аляксандр Салавей. — Шэраг праектаў плануем ажыццявіць у рамках выхаваўчай работы. Мы з’яўляемся Школай міру і працягнем далучаць вучняў да міратворчасці, развіваць іх грамадзянскія і патрыятычныя якасці.