Буйніцкае поле — месца подзвігу, месца памяці

Шымелевіч, Г. Буйніцкае поле — месца подзвігу, месца памяці / Ганна Шымелевіч // Мастацтва. — 2025. — № 8. — С. 4—7.

Гістарычная памяць пра Вялікую Айчынную вайну – гэта ўсведамленне і інтэрпрэтацыя найважнейшых гераічных і трагічных падзей, якія злучаюць наше мінулае з сучаснасцю і будучыняй. Выявы мінулага ў гістарычнай памяці змяняюцца з часам, набываючы новы змест, злучаны з сучасным кантэкстам, новыя формы светапогляду адлюстроўваюць калектыўны гістарычны досвед, што знайшло ўвасабленне ў экспазіцыі Музея Славы Магілёўшчыны, які адкрыўся ў ліпені 2025 года на Буйніцкім полі, у месцы памяці аб абароне Магілёва і Дняпроўскага рубяжа.

Экскурсія па новым — музеі гэта маштабнае і эмацыйнае падарожжа па гераічных старонках абароны Магілёва, пагружэнне ў трагічныя часы акупацыі, адкрыццё новых фактаў і матэрыялаў, прысвечаных партызанам і падпольшчыкам. Сімвалічная сама архітэктура будынка, сілуэт якога прыгадвае форму ордэна Айчыннай вайны — узнагароды, якую Магілёў атрымаў за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры абароне і вызваденні горада. Пры ўсёй універсальнасці захавання ўспамінаў аб гістарычных падзеях Вялікай Айчыннай вайны, экспазіцыя арыентавана перадусім на расповед пра асобую значнасць Буйніцкага поля як месца памяці аб канкрэтных падзеях і месца подзвігу канкрэтных людзей з іх унікальным гераічным досведам.

Музей дэталёва ўзнаўляе хаду гісторыі Магілёва і Магілёўшчыны ваенных часоў праз рэліквіі і дакументы, а таксама праз складаную і насычаную сістэму інфармацыйнага кантэнту. Архітэктура будынка вызначыла кальцавое планаванне экспазіцыі, дзе, нягледзячы на адсутнасць звыклай сістэмы тэматычных музейных залаў, выразна прасочваецца логіка храналагічна-тэматычнага наратыву. Наведніка музея чакае шлях, які ён мусіць прайсці, не проста прабягаючы паглядам па вітрынах з экспанатамі, а глыбока пагружаючыся ў досвед людзей ваеннага пакалення. Выкарыстанне сапраўдных артэфактаў, дыярам і мультымедыйных тэхналогій, такіх як праекцыі і дапоўненая рэальнасць, спрыяе рэальнай уцягненасці кожнага наведніка і пакідае глыбокае эмацыйнае ўражанне.

Важны пралог да аповеду пра вайсковыя выпрабаванні — прастора залы «Напярэдадні. Магілёўшчына ў 1930-я гады», прысвечанай перадваеннаму жыццю. Выразнасць экспазіцыі надаюць узноўленыя з гістарычнай дакладнасцю фрагменты будынкаў і цэлай гарадской прасторы, трапныя дэталі — аж да афіш і шыльдаў. Інтэрактыўныя панарамы, а таксама аб’екты і фігуры ў натуральную велічыню, мультымедыйныя спецэфекты ствараюць уражанне поўнага пагружэння, прымушаючы гледача разам з персанажамі экспазіцыі — курсантамі школы НКУС, дзяўчатамі, мінакамі, што зазірнулі ў гарадскі парк, сярод якіх ёсць і будучыя магілёўскія падпольшчыкі, і тыя, каму наканавана загінуць падчас акупацыі, — адчуць блізкі подых ваеннай навальніцы.

Па кантрасце з атмасферай даваеннага парка культуры і адпачынку, аэраклуба, кінатэатра, востра трагічнай успрымаецца выява экспазіцыйнай прасторы «Дарога вайны», што паказвае мірных жыхароў-уцекачоў, якія спрабавалі пешкі і на грузавіках збегчы ад вайны. 3 неймавернай дакладнасцю перадае музейная прастора настрой, які Канстанцін Сіманаў у рамане «Жывыя і мёртвыя» апісаў так: «Яны проста ішлі аднекуль кудысьці, шукалі некага ці нешта і не знаходзілі, таму што ўсё перамяшалася і ссунулася са сваіх месцаў». Дзякуючы відэамодулю мы можам пачуць і ўбачыць самога пісьменніка, які расказвае пра першыя дні вайны гэтак жа, як некалі расказаў гэта ў сваім легендарным нарысе «Гарачы дзень», апублікаваным у газеце «Ізвестія» 20 ліпеня 1941 года.

Урачыстае мемарыяльнае гучанне ўласцівае экспазіцыі залы «Землякі на франтах Вялікай Айчыннай вайны». Тут знаходзіць адлюстраванне прынцып «Ніхто не забыты», імкненне захаваць памяць пра кожнага героя, кожны подзвіг ваенных часоў. Затым, вярнуўшыся ў прастору кальцавой экспазіцыі, наведнікі музея бачаць, чуюць і перажываюць падзеі абароны Магілёва і Дняпроўскага рубяжа. Сімволіка кальцавой экспазіцыі развівае вобраз кругавой абароны, якая была арганізавана ў ліпені 1941 года на подступах да горада. Асобныя элементы ўзнаўляюць сцэны паветранага бою, артылерыйскай перастрэлкі, гераічнага адпору, які аказала ворагу народнае апалчэнне Магілёва сіламі міліцыі і службы дзяржбяспекі.

Наймацнейшае ўражанне робіць на гледача інтэрактыўная дыярама «Баі на Буйніцкім полі. Легендарны 388-ы стралковы полк С.Ф. Куцепава». Мы нібыта разам з гераічнымі абаронцамі горада бачым армаду наступаючых танкаў і ўступаем у няроўны бой з ворагам. Тут сапраўды напаўняецца сэнсам гістарычная памяць пра «гарачы дзень», які апісалі Канстанцін Сіманаў і яго фотакарэспандэнт Павел Трошкін. Асаблівае стаўленне пісьменніка да Буйніцкага поля — «кавалачка зямлі, які мне век не забыцца, — поля пад Магілёвам, дзе я ўпершыню ў ліпені 1941 года бачыў, як нашыя цягам аднаго дня падбілі і спалілі 39 нямецкіх танкаў» — робіцца асабістым, вельмі важным успамінам кожнага, хто тут пабываў.

Сучасныя інсталяцыі і інтэрактыўныя элементы, рэканструкцыі прастораў і аб’ектаў, а таксама сапраўдныя рэліквіі, дакументы, прадметныя экспанаты — ад асабістых рэчаў да зброі і абсталявання, ствараюць эфект прысутнасці, дазваляючы дакрануцца да гісторыі. Моцнае ўражанне робіць аповед пра жахі акупацыі і генацыду беларускага народа. Змаганне народных мсціўцаў, гераічныя старонкі вызвалення Магілёўшчыны паказаны як праз прадметна-інфармацыйны план, так і на мове поўнамаштабных інсталяцый. Элементы чыгуначных саставаў, асветленая бліскавіцамі выбухаў станцыя Асіповічы — гэта ўзнаўленне гістарычна дакладных абставін самай дзейснай аперацыі партызанаў і падпольшчыкаўу гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Карыкатурнымі і слабымі выглядаюць ворагі ў сцэне паланення штабных афіцэраў 12-й пяхотнай дывізіі вермахта ў Магілёве, а гэта таксама дакументальны факт: падчас вызвалення горада батальён Валянціна Фаціна ўзяўу палон двух генералаў 35 афіцэраў і больш за 500 салдатаў.

Такі дэталёвы і дакладны аповед быў бы немагчымы без карпатлівай працы па захаванні і вывучэнні дакументальных матэрыялаў, сведчанняў і ўспамінаў пакалення пераможцаў — ад ваеначальнікаў да шараговых байцоў. Гэтая праца працягваецца і цяпер, таму ў экспазіцыі музея ёсць таксама зала, што расказвае пра дзейнасць гісторыка-патрыятычных пошукавых атрадаў і груп Магілёўшчыны, удзельнікі якіх працуюць пад дэвізам «Вайна не скончыцца датуль, пакуль не будзе пахаваны апошні салдат, які загінуў на ёй».

Музей Славы Магілёўшчыны з’яўляецца прыкладам сучаснай музейнай прасторы. Цікавасць адмыслоўцаў і простых наведнікаў засноўваецца на ўдалым спалучэнні трох ключавых прынцыпаў: беражлівага захавання дакументальных гістарычных матэрыялаў, удалага ўкаранення ў вобразную структуру музейнай экспазіцыі мультымедыйных тэхналогій і ўсвядомленай, адказнай стратэгіі адукацыйна-асветніцкай працы. Увага да такіх ключавых аспектаў, як інфармацыйнае напаўненне з акцэнтам на дакументальнасць і дакладнасць, эмацыйнае ўцягненне наведнікаў праз візуальныя, аўдыя- і інтэрактыўныя эфекты, забеспячэнне шматузроўневага ўспрымання — ад простага знаёмства да глыбокага пагружэння — зрабілі магчымым стварэнне ў Музеі Славы Магілёўшчыны цэльнай інфарматыўнай прасторы з вялікай колькасцю паслядоўнай, лагічнай, запамінальнай інфармацыі, прасякнутай глыбокай уцягненасцю. У выніку атрымаўся якасна новы музейны досвед ва ўмовах дынамічных, інтэрактыўных і эмацыйна насычаных экспазіцый, якія спрыяюць захаванню гістарычнай памяці для будучых пакаленняў, каб глыбей зразумець трагедыю і веліч народнага подзвігу.