Мінкевіч, Л. Вясёлка творчасці над Дняпром : Магілёў перадаў “ключы” ад культурных сталіц СНД і Беларусі гарадам Ош, Алматы і Гродна / Л. Мінкевіч // Народная газета. — 2013. — 12 снежня. — C. VII. — (Союзное вече).
Магілёў перадаў «ключы» ад культурных сталіц СНД i Беларусі гарадам Ош, Алматы i Гродна.
Феерычным шоу завяршыўся гадавы праект «Магілёў — культурная сталіца СНД i Рэспублікі Беларусь». Зрэз культуры Магілёўскай зямлі прадставілі ў абласным Доме культуры арганізатары свята. На вачах наведвальнікаў плялі паясы, ткалі ручнікі, ляпілі гаршкі i кавалі падковы. А на сцэне спляталіся разам, здзіўляючы гледачоў, інструментальная музыка, тэатральная дзея, пластыка i жывапіс. Сваю багатую культуру прадставілі на сцэне i іншыя гарады Беларусі i СНД. Шматколернасць сцягоў i нацыянальных касцюмаў, разнастайнасць народных музычных інструментаў i жанраў мастацтва… «Славянскі базар» у мініяцюры — напэўна, так можна апісаць тое, што адбывалася на цырымоніі перадачы эстафеты культурных сталіц у Магілёве. I гледзячы на высокі ўзровень i арганізацыі свята, i культуры Магілёўшчыны ўвогуле, міжволі пачынаеш думаць: будучым культурным сталіцам давядзецца вельмі пастарацца, каб стаць вартымі свайго папярэдніка — Магілёва.
Папераменна на сцэне з’яўляліся прафесійныя спевакі, маленькія артысты, акцёры тэатра, мастакі, прэзентуючы творчыя праекты Магілёўшчыны. Сёлета тут прайшло больш за пяцьдзясят культурных мерапрыемстваў, у тым ліку міжнародныя фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», анімацыйных фільмаў «Анімаёўка», тэатральны форум «М@рт кантакт» i музычны — «Залаты шлягер», міжнародныя пленэры па скульптуры з каменю i жывапісе, арт-праект Zabor i многае іншае. Жывы iнтарэс выклікалі ў гледача прадстаўленне Магілёўскага абласнога тэатра лялек з удзелам сапраўдных акцёраў i маляваных персанажаў, шчымлівае выкананне «Отче наш» удзельнікаў фестывалю «Магутны Божа» i яркае, поўнае жыцця выступленне маленькіх артыстаў дзіцячага фестывалю «Залатая пчолка».
— Магілёў апраўдаў высокае званне культурнай сталіцы i мае самыя вялікія надзеі, — сказаў на ўрачыстай цырымоніі мiнicтp культуры Барыс Святлоў. — Дзякуючы напружанай працы ўcix зацікаўленых структур, ад кіраўніцтва горада i вобласці да неабыякавых мясцовых жыхароў i грамадскасці са cвaiмi ідэямі i праектамі, усе мерапрыемствы праекта набылі сваё непаўторнае гучанне. Той экзамен, які Магілёў трымаў на працягу года, ён вытрымаў бліскуча i яшчэ раз пацвердзіў, што ён можа з’яўляцца лідарам культуры ў нашай краіне. I нават перадаючы сёння эстафету культурнай сталіцы, ён усё роўна застаецца ў эпіцэнтры культурных падзей. Статус сталіцы прыходзіць i сыходзіць, а культура застаецца на стагоддзі.
На Магілёў была ўскладзена вялікая адказнасць — годна прадстаўляць культуру не толькі Беларусі, але i ўсёй Садружнасці Незалежных Дзяржаў. З’яўляючыся культурнай стaліцай СНД, горад прыняў на сёлетніх мерапрыемствах прадстаўнікоў з сарака пяці краін свету!
— Атрыманы статус даў дадатковы карт-бланш Магілёву для прасоўвання яго на сусветным рынку, прыцягнення інвестыцый, рэалізацыі розных праектаў у эканамічнай i культурнай сферах, дазволіў гораду перайсці на якасна новы ўзровень культурнага жыцця, — падзяліўся старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў.
Рэалізацыя праекта «Магілёў — культурная сталіца СНД i Рэспублікі Беларусь» актывізавала прадстаунікоў айчынных i замежных дзелавых колаў, што дазволіла дадаткова прыцягнуць у эканоміку вобласці больш за пяць трыльёнаў белаpycкix рублёў.
— Падобныя мерапрыемствы дазваляюць шляхам творчай інтэграцыі ствараць адзіную інфармацыйна-культурную прастору кpaiн СНД, даюць магчымасць развіваць супрацоўніцтва, ствараюць спрыяльны клімат для аб’яднання патэнцыялу i пашырэння культурных, эканамічных i палітычных сувязяў, — лічыць намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.
Пра Магілёў i да гэтага нядрэнна ведалі ў свеце. Магілёўская зямля дала свету іканапісца Афанасія Пігарэвіча, разьбяра Кліма Міхайлава, даследчыка Арктыкі Ота Шміта, мастака Паўла Масленікава i многіх іншых. А сёння пра яго загаварылі яшчэ грамчэй.
— Горад на Дняпры стаў вядомым цэнтрам культуры i навукі не толькі Beлapyci, але i ўсёй Садружнасці Незалежных Дзяржаў, — выказаў думку дырэктар дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульна-палітычных i сацыяльных праблем Выканаўчага камітэта СНД Уладзімір Кіку.
Буйныя культурныя марафоны пад назвамі «Культурная сталіца СНД» i «Культурная сталіца Беларусі» працягваюцца. Званне культурных сталіц СНД Магілёў перадаў гарадам Ош у Кыргызстане i Алматы ў Казахстане, а статус культурнай сталіцы Беларусі — гораду Гродна. Цяпер iм несці гэтыя ганаровыя званні i цягам года даказваць, што яны ix заслугоўваюць. А нам здзіўляцца новым ідэям i праектам.