Хмялькоў, А. Наша задача — рабіць традыцыю жывой і запатрабавальнай / Алег Хмялькоў ; гутарыла Крысціна Башарымава // Мастацтва. — 2025. — № 9. — С. 44—45.
У сучасным свеце традыцыйная культура і народнае мастацтва займаюць асаблівае месца – яны сімвалізуюць нацыянальную ідэнтычнасць, перадаюць унікальны досвед и дух народа. У той жа час, каб зберагчы гэтую спадчыну і зрабіць яе актуальнай, патрэбны нетрывіальныя падыходы, найноўшыя тэхналогіі і актыўная работа з моладдзю. Дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў распавядае пра сваё бачанне перспектыў развіцця народнай творчасці, пра праекты, якія ўжо здзяйсняюцца, а таксама пра важнасць захавання нацыянальнай ідэнтычнасці і міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры.
Алег Фёдаравіч, Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці — адна з перадавых устаноў галіны культуры. Часопіс «Мастацтва» ўжо знаёміў сваіх чытачоў з асноўнымі напрамкамі вашай дзейнасці. Якія формы вашай работы на сённяшні дзень уяўляюцца найбольш перспектыўнымі?
— На сёння наш цэнтр не проста назіральнік, а рэгулятар развіцця традыцыйных рамёстваў Магілёўшчыны. Наш галоўны прыярытэт — пераўтварэнне традыцыі ў актыўную і жывую крыніцу развіцця культурнага жыцця. Будучыня — за комплексным падыходам, дзе традыцыя знаходзіць новае жыццё праз сучасныя праекты і актыўную працу з людзьмі. Можна выдзяліць некалькі ключавых напрамкаў: па-першае, гэта работа з калектывамі і майстрамі. Па-другое, фестывалі як рухавікі развіцця: такія буйныя мерапрыемствы, як, напрыклад, «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), — гэта не толькі свята. Для нас гэта магутны інструмент для абмену досведам, выяўлення новых тэндэнцый і найперспектыўнейшых калектываў. Па-трэцяе, стварэнне новых праектаў. Свет мяняецца, і мы павінны адказваць на яго выклікі. Таму мы штогод ініцыюем новыя фарматы сустрэч, конкурсаў і майстар-класаў, каб захапіць і маладое пакаленне, і заядлых знаўцаў традыцый.
Вялікую працу вы робіце кожны год для падрыхтоўкі і правядзення свята «Александрыя збірае сяброў», традыцыйна прыме-каванага да Купалля. Сёлета ў аснову канцэпцыі быу пакладзены вобраз «Купальскае дрэва жыцця». Раскажыце, як традыцыі народнага мастацтва былі скарыстаны для арганізацыі сучаснага фестывалю?
— Мы асабліва ганарымся тым, што на працягу ўжо 16 гадоў менавіта наш цэнтр стварае канцэпцыю і ўдзельнічае ў арганізацыі такога вялікага культурнага мерапрыемства. Гэта давер, які накладвае вялікую адказнасць і натхняе нас на пошук новых, яшчэ больш глыбокіх формаў дыялогу паміж мінулым і сучаснасцю. Трансфармацыя аўтэнтычных каштоўнасцей — гэта іх творчае пераасэнсаванне. Мы не інсцэніруем абрад як музейную пастаноўку, а ствараем на яго аснове магутнае тэатралізаванае дзеянне. Сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі і спецэфекты — светлавыя праекцыі, сучасная аранжыроўка народных мелодый — выступаюць магутным інструментам для ўзмацнення эмацыйнага ўздзеяння. Галоўнае ў нашай працы —уменне аднаўляць і ажыўляць традыцыю, робячы яе зразумелай і прывабнай для сучаснага чалавека. Вобраз «Купальскае дрэва жыцця», абраны ў якасці канцэптуальнай асновы, паходзіць з глыбінь народнай міфалогіі. Менавіта вакол яго будаваўся ўвесь сцэнарый свята, што дало магчымасць аб’яднаць у адзінае цэлае розныя жанры народнай творчасці — ад спеваў і танцаў да рамесных традыцый.
Якія кірункі беларускага народнага мастацтва сёння найболей запатрабаваныя? Ці шмат людзей зараз цікавіцца народнай творчасцю?
— Цікавасць да народнай творчасці — гэта пошук нацыянальнай ідэнтычнасці, каранёў, аўтэнтычнасці ў глабальным свеце. Найбольш запатрабаванымі застаюцца традыцыйныя рамёствы, якія маюць прыкладное, утылітарнае значэнне: ткацтва, разьба па дрэве, пляценне з саломы і лазы, кераміка. Менавіта гэтыя прадметы людзі часта набываюць не проста як сувенір, але як рэч для стварэння асаблівага, цёплага асяроддзя ў сваім доме, што нясе ў сабе частку душы.
У вёсцы традыцыйная культура больш арганічна і натуральна ўплецена ў паўсядзённасць. Гараджане часцей прыходзяць да традыцыі праз усвядомлены выбар і інтэлектуальную цікавасць. Цяпер адбываецца ўзаемапранікненне: вёска захоўвае і перадае аўтэнтычныя формы, а горад, запазычваючы іх, дапамагае ствараць новыя, сучасныя фарматы іх бытавання. Наша задача — быць мастком у гэтым дыялогу.
Вы часта гаворыце, што для спецыялістаў, якія абралі сваёй прафесіяй вывучэнне і захаванне народнай спадчыны, народныя традыцыі не проста праца, а аснова светапогляду, крыніца натхнення. Вялікае значэнне для кожнага мае малая радзіма, успаміны дзяцінства, увогуле — карані. Якое месца ў вашай творчай працы займае спадчына Бялынічаў, вашай малой радзімы?
— Для мяне Бялыніцкі край назаўжды застанецца тым месцам, дзе ўсё пачалося, дзе я на ўласныя вочы ўбачыў, што такое жывая традыцыя. Але сапраўдным адкрыццём, якое пераканала мяне ў тым, што гэта справа майго жыцця, стала экспедыцыя па зборы фальклору сумесна з Акадэміяй навук, у якую мне пашчасціла трапіць. Менавіта там я навучыўся не проста слухаць, але і разумець песні. Кожны напеў расказваў гісторыю — пра цяжкую долю, пра разлуку, пра радасць або простую жыццёвую мудрасць. Спадчына маёй малой радзімы — гэта, па-сучаснаму кажучы, мой унутраны GPS, які паказвае, куды ісці, каб не зблудзіць і захаваць усё самае каштоўнае і сапраўднае. Гэта пачуццё адказнасці перад людзьмі, якія даверылі нам свой скарб, і перад будучымі пакаленнямі, каб яны маглі пачуць жывыя галасы і зберагчы сапраўдную культуру.
Што новага, цікавага адбываецца ў Магілёўскім цэнтры народнай творчасці? Якія дасягненні ўстаноў, калектываў, народных майстроў вы б хацелі асабліва адзначыць?
— Насамрэч жыццё ў цэнтры ніколі не спыняецца, і зараз мы ўваходзім у вельмі насычаны перыяд. Галоўная падзея бліжэйшага часу— мерапрыемства Саюзнай дзяржавы «Фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш»», які пройдзеў Магілёве напрыканцы верасня. Мы працуем над тым, каб гэта было сапраўды маштабнае і запамінальнае свята, якое яшчэ мацней звяжа культурныя супольнасці Беларусі і Расіі. Што ж да дасягненняў, то мне хочацца асабліва падкрэсліць не канкрэтныя ўзнагароды, а той якасны скачок, які робяць нашы калектывы і майстры народнай творчасці. Гэта выяўляецца ў іх прафесійным росце, у дасягненні высокага мастацкага ўзроўню. Мы вельмі ганарымся іх поспехамі. Перамогі на прэстыжных конкурсах усё мацней заяўляюць пра самабытнасць і высокае майстэрства Магілёўшчыны.
Асаблівай цеплынёй і ўтульнасцю сярод праектаў і выстаў МАМЦНТ вылучаецца «Беларуская хатка». Як стваралася гэтая экспазіцыя? Якія формы работы з наведвальнікамі там праводзяцца?
— «Беларуская хатка» — гэта і сапраўды асаблівы, духоўны праект нашага цэнтра. Яна стваралася не як звычайны музейны куточак, а як спроба аднавіць і перадаць сапраўдную атмасферу беларускага сялянскага побыту, дзе кожная рэч мае сваю гісторыю і душу. Шмат прадметаў — посуд, мэбля, ручнікі, прылады працы — былі сабраныя па ўсёй Магілёўшчыне. Прадугледжаны розныя формы работы з наведвальнікамі. Інтэрактыўныя экскурсіі і майстар-класы дазваляюць не толькі паслухаць і паглядзець, але і навучыцца рабіць нешта ўласнымі рукамі. Мы імкнёмся, каб «Беларуская хатка» стала месцам, дзе кожны можа адчуць сябе ўдзельнікам народных традыцый, навучыцца цаніць сваю спадчыну.
Алег Фёдаравіч, вы з’яўляецеся старшынёй Рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Як гэты савет спрыяе працы нашай галіны? Якія формы падтрымкі, на вашу думку, патрабуюцца для ўдасканалення дзейнасці клубаў, дамоў рамёстваў, цэнтраў народнай творчасці?
— У якасці старшыні савета я бачу нашую галоўную задачу не ў кантролі, а ў кансалідацыі і сістэмнай падтрымцы ўсіх спецыялістаў галіны. Мы выступаем своеасаблівым мостам паміж мясцовымі ўстановамі культуры і міністэрствам, каб праблемы і ідэі рэгіёнаў былі пачутыя, а найлепшы вопыт — абагульнены і перададзены. На мой погляд, ключавым напрамкам на сёння можна лічыць метадычную падтрымку: неабходна стварыць сучасную сістэму павышэння кваліфікацыі спецыялістаў — з акцэнтам на практыку, абмен ведамі і сучасныя формы работы. Наша мэта — зрабіць так, каб кожны клуб, кожны дом рамёстваў меў не толькі душу, але і сучасныя інструменты для развіцця. Каб традыцыя была не хобі, а жывым і запатрабаваным рамяством.
Гутарыла Крысціна Башарымава