Бунцэвіч, Н. Рознакаляровасць «Белай Вежы» / Надзея Бунцэвіч // Мастацтва. — 2025. — № 9. — С. 26—29.
XXIX Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа» сабраў 29 калектываў із шасці краін: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Тэатральных праглядау было больш за 30, бо некаторыя спектаклі паказваліся двойчы. I кожны абмяркоўваўся экспертамі —тэатральнымі крытыкамі, якія увайшлі ў склад савета на чале са старшынёй Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, доктарам мастацтвазнаўства Веранікай Ярмалінскай. Званнямі лаурэатаў і спецыяльнымі дыпломамі адзначаны 12 спектакляў, з іх два — беларускія. Усяго ж у фестывалі ўдзельнічалі сем нашых пастановак, усе яны былі аншлагавымі, у кожнай — свая разыначка, Вынікі форуму для «нашых» дастаткова добрыя, асабліва калі ўлічваць беларускую гасціннасць ды імкненне падтрымаць найперш замежнікаў.
Прыз глядацкіх сімпатый, які можа лічыцца галоўнай узнагародай, атрымала «Першае каханне» ТЮГа імя Аляксандра Бранцава (Санкт-Пецярбург). Аднайменная аповесць Івана Тургенева займела не проста інсцэніроўку, а самастойную п’есу Ганны Гейджан, куды дадаліся спасылкі на іншыя творы рускага класіка. Рэжысёр Галіна Зальцман і мастак Дзмітрый Разумаў прапанавалі такое ж сучаснае прачытанне, надалі кожнай дэталі глыбокае сімвалічнае значэнне, прычым без аніякіх пераносаў дзеяння, з дакладным захаваннем тургенеўскай паэтыкі. Спектакль вылучаўся неверагоднай прыгажосцю, вытанчанай эстэтычнасцю, што у аднолькавай меры прыцягнула знаўцаў і аматараў, Акцёры, пластычнасць якіх дасягае ўзроўню прафесінных гімнастаў, прадэманстравалі, што могуць здзейсніць любыя пастаноўчыя фантазіі.
Найлепшы спектакль тэатра драмы «Улпан» Казахскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра для дзяцей і юнацтва імя Габіта Мусрэпава.
Госці з Алматы не ўпершыню знаходзяць прызнанне, бо разглядаюць нацыянальную тэму ў рэчышчы сучасных сусветных тэндэнцый і агульначалавечай праблематыкі. Здзівілі падыходы да раскрыцця галоўна1 тэмы — гісторыі пра няпросты і незвычайны лёс жанчыны. Сцэна кірмашу ператварылася ў… вальс. У лазні ўсе артысты заўзята адбівалі рытмаформулы музычнага мінімалізму. А фіналам стала буйная харавая сцэна гімнічнага характару.
«Гульцы» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра атрымалі дыплом лаўрэата як «Найлепшы спектакль малой формы». Вядомая п’еса Мікалая Гогаля, з грунтоўнымі скарачэннямі і, наадварот, дадаткамі з іншых твораў пісьменніка, ператварылася ў містычны трылер і камедыю абсурду. Сышлося ўсё: выкшталцоная праца расійскага рэжысёра Данііла Сухава, апантанасць таленавітых беларускіх артыстаў, дзе кожны меў своеасаблівы бенефіс і апроч акцёрства паўставаў заўзятым музыкантам-ударнікам. Аляксандр Зянькоў сыграў адразу чатырох розных персанажаў. У ролі Кругеля імпазантна кульгала Алена Крыванос, непазнавальная ў бліскучым данясенні мужчынскага аблічча і характару. А спектакль пра махлярства ў картачнай гульні наблізіўся да глыбокіх філасофскіх роздумаў — пра знакамітую гогалеўскую тройку, пра лёс Расіі.
«Капітанская дачка» Северадзвінскага драматычнага тэатра паводле аднайменнай аповесці Аляксандра Пушкіна, вырашаная пераважнаў чорнай колеравай палітры, была адзначана «За сучаснае ўвасабленне рускай класікі». Заяўлены жанр «электра-вулічны нуар» аказаўся падобным на тэатралізаванае чытанне, аздобленае ансамблева-харавымі зонгамі і паваротнай сцэнай з непарушнай канструкцыяй, што паўставала з розных ракурсаў. Сёлета на «Белай Вежы» было як ніколі шмат пастановак для дзяцей. Сярод такіх спектакляў перамаглі «Казкі Пушкіна» Омскага ТЮГа, пазначаныя творчай фантазіяй рэжысёраў Настассі Старцавай і Аляксея Осіпава. Уступ да «Руслана і Людмілы» вынаходліва візуалізаваў дуб ля Лукамор’я. Цар Дадон у «Казцы пра залатога пеўніка» быў смешна апантаны комплексам Напалеона. Таямнічая Шамаханская царыца засталася віртуальнай, пазначанай праз відэа адных вачэй пад чорным вэлюмам. Меней пастаноўчых цудаў засталося на «Казку пра цара Салтана», бо ўсё імкнуліся абмежаваць адной гадзінай без антракту. Дзецям насамрэч цяжкавата выседзець доўгую імпрэзу. А трэба было зрабіць папросту два розныя спектаклі — магчыма, з аднолькавым уступам, бы своеасаблівую дылогію.
Яшчэ адзін дзіцячы спектакль — «Гуляем у Аланхо», пастаўлены ў Нерунгры, у Тэатры лялек Рэспублікі Саха (Якуція), — ухвалілі «За папулярызацыю нацыянальнага эпасу». Адно са шматлікіх гераічных паданняў даўніны, прызнанае ЮНЕСКА за нематэрыяльную культурную спадчыну, выкладалася ў варыянце, максімальна зразумелым для дзяцей розных народаў: валатоўна перамагала дэмана з Ніжняга свету, а дапамагаў ёй у гэтым чароўны белы сабака, здольны перакідвацца ў зайца і птушку.
Ніжнякамскі дзяржаўны татарскі драматычны тэатр імя Туфана Мінуліна прывёз «Матчына поле» і атрымаў узнагароду «За найлепшае візуальнае ўвасабленне». Знакаміты твор Чынгіза Айтматава часцей ставілі ці як монаспектакль, ці як пластычнае, нават харэаграфічнае дзеянне. Гэтая ж версія быццам спалучыла абодва варыянты: маналогі Тулганай чаргаваліся з пластычнымі фрагментамі, выразнымі сродкамі якіх перадаваліся асноўныя сюжэтныя моманты споведзі гераіні. На працягу ўсяго спектакля на авансцэне заставаліся кавадла і ручны млын. Кавальскі рыштунак успрымаўся як сімвал стойкасці гераіні і ўсяго народа, што перажыў навалу Вялікай Айчыннай, а млын азначаў няспыннасць жыцця (маўляў, усё перамелецца) і хлеба як аднаго з яго галоўных носьбітаў.
За акцёрскі ансамбль вылучылі «Ноч у тэатры», пастаўленую ў Душанбэ (Таджыкістан), у Дзяржаўным Ордэна Дружбы Народаў рускім драматычным тэатры імя Уладзіміра Маякоўскага. Спектакль з’яднаў тры п’есы Антона Чэхава: «Лебядзіная песня», «Прапанова» і «Мядзведзь». Акцёры працавалі ў найлепшых традыцыях сістэмы Станіслаўскага і выявілі мноства дадатковых дэталяў тонкага псіхалагізму, пазбаўленага звыклага гратэску ў двух апошніх чэхаўскіх «жартах»: тут усё было ўсур’ёз, без аніякага камікавання, і ўзнімалася да вяршынь сапраўднага драматызму чалавечага жыцця.
Сур’езу хапала і ў «Баладзе пра рыцара Радрыга» Цэнтра тэатральнага мастацтва «Дом Мейерхольда» (Пенза), адзначанага «За развіццё традыцый камедыі дэль артэ на рускай сцэне». Ігралі выключна мужчыны, завяршылася ўсё хэпі-эндам. Ды італьянскі тэатр масак ператварыўся ў шчымлівы аповед пра «маленькага чалавека» з рускай класікі. Зразумела, журы фестывалю вызначыла выканаўцаў найлепшай мужчынскай і найлепшай жаночай ролі. Дыпломы атрымалі Андрэй Якаўлеў з Новасібірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра «Чырвоны факел» за монаспектакль «Выратаваць камер-юнкера Пушкіна», з самага пачатку вырашаны яктрагедыя, перадсмяротны запаволены ўспамін, і Любоў Савіна з Курганскага тэатра драмы за ролю Матроны Цімафееўны ў камерным спектаклі «Добра жыць» паводле паэмы Мікалая Някрасава, вырашаным у эстэтыцы прадметнага тэатра.
Асабліва прыемна, што спецыяльным дыпломам адзначылі Ларысу Пакрэўскую з Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск) за ўвасабленне вобраза Эдыт Піяф у спектаклі «Верабей і анёл. Гісторыя сяброўства Эдыт Піяф і Марлен Дытрых». Актрыса адважылася выконваць ужывую кампазіцыі сусветна вядомай французскай спявачкі. Драму ў стылі нуар паказалі на фестывалі двойчы, і ў абодвух выпадках публіка бушавала, рэагуючы бясконцымі шалёнымі апладысментамі. Гэта быў — без перабольшвання — найлепшы музычны спектакль форуму, варты паказу на самых прэстыжных замежных сцэнах.
Тым часам дырэктар «Белай Вежы», заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Аляксандр Козак і ўвесь Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы пачалі ўжо рыхтавацца да юбілейнага, трыццатага фестывалю, які абяцае быць незвычайным.