Сінькевіч, Г. Па перадавых тэхналогіях / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 21 кастрычніка. — С. 10.
Доследна-дэманстрацыйны цэнтр “Індустрыя 4.0” адкрылі ў Беларуска-Расійскім універсітэце.
У сучасных лабараторыях будзе праводзіцца навучанне па кампетэнцыях у галіне мехатронікі, робататэхнікі, адытыўных, эфектыўных прамысловых тэхналогій.
Інавацыйная пляцоўка з’явілася ў БРУ ў рамках рэалізацыі праекта Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА) «Садзейнічанне ўкараненню тэхналогій чацвёртай прамысловай рэвалюцыі ў Магілёўскай вобласці Беларусі». Новыя лабараторыі аснашчаны калабаратыўнымі робатамі, інтэрактыўнымі сістэмамі, пяцікаардынатнымі апрацоўчымі цэнтрамі. Перадавое абсталяванне дазволіць істотна пашырыць адукацыйныя і навуковыя магчымасці ўніверсітэта.
— Адкрыццё доследна-дэманстрацыйнага цэнтра — значная падзея. Цяпер вучэбны працэс будзе арганізаваны на яшчэ больш высокім узроўні, — адзначыў рэктар БРУ Міхаіл Лусцянкоў. На базе цэнтра аб’ядноўваюцца тры групы зацікаўленых — студэнты, навукоўцы і вытворцы. Наш універсітэт практыка-арыентаваны, мы рыхтуем кадры для рэальнага сектара эканомікі. Студэнты, атрымаўшы неабходныя кампетэнцыі на гэтым абсталяванні, пасля змогуць укараняць іх на прадпрыемствах. Таксама плануем праводзіць тут навуковыя даследаванні і ажыццяўляць гаспадарча-дагаворную дзейнасць.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.