Зігуля, Н. Па артэрыях жыцця / Нэлі Зігуля, Алена Даўжанок // Звязда. — 2025. — 23 кастрычніка. — С. 14—15.
Моцныя рэгіёны — стратэгія, якой кіруецца Беларусь у развіцці. І дарогі — адзін са складнікаў вялікага плана дзеянняў. Яны павінны быць надзейнымі і зручнымі. Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка мы пагутарылі са спецыялістамі, ад якіх залежаць стан і перспектывы транспартнай сеткі Магілёўскай вобласці менавіта ў сельскай мясцовасці.
У склад буйнога вытворчага аб’яднання «Магілёўаблдарбуд» сёння ўваходзяць КУП «УТПК-Аблдарбуд» і 22 філіялы, дзе працуюць 1560 чалавек розных прафесій: ад ІТР-спецыялістаў да дарожных рабочых. На абслугоўванні прадпрыемства знаходзіцца 10,5 тысячы кіламетраў дарог. Утрымліваць іх у рабочым стане дазваляе 640 адзінак будаўніча-дарожнай тэхнікі, транспарту і абсталявання. І аўтапарк пастаянна абнаўляецца. На сёння на гэтыя мэты пайшло болей чым 5699 тысяч рублёў.
Летась дзеля развіцця сеткі рэспубліканскіх аўтамабільных дарог і фарміравання транспартнай інфраструктуры Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў перад дарожнікамі задачу наладзіць якасную дарожную сувязь паміж райцэнтрамі і аграгарадкамі, каб забяспечыць гадзінную даступнасць да гарадоў-спадарожнікаў. І, як запэўніў генеральны дырэктар КУП «Магілёўаблдарбуд» Ігар Зусманаў, гэта даручэнне ў Магілёўскай вобласці цалкам выканана.
Прадпрыемства «Магілёўаблдарбуд» клапоціцца, каб мясцовыя дарогі былі больш функцыянальнымі
— Усе аграгарадкі рэгіёна на сёння маюць транспартную сувязь з райцэнтрамі і рэспубліканскімі аўтамабільнымі дарогамі, — падкрэсліў Ігар Міхайлавіч. — Гэта работа вялася не першы год. За пяцігодку зроблена каля 51 кіламетра ўдасканаленага пакрыцця на гравійных участках пад’язных дарог ад райцэнтраў да аграгарадкоў. Дзяржава рацыянальна глядзіць на развіццё дарожнай галіны і плануе на пяцігодкі. Выдзяляецца пэўная сума фінансаў, якая з кожным годам узрастае. Акрамя сродкаў, выдзяляецца і тэхніка. Абнаўляем аўтапарк і набываем новыя асфальтабетонныя ўстаноўкі (АБУ). Сёлета аснасцілі АБУ наш касцюковіцкі філіял. Прапрацоўваем набыццё яшчэ адной для Бабруйскага раёна. На чарзе — Круглае, Магілёўскі раён. Шчыльна працуем па інвестпраектах з «Белінвестбанкам».
— Якія аб’ёмы работ выканалі сёлета і які матэрыял пры гэтым выкарыстоўваўся ?
— За 9 месяцаў зроблены рамонт болей чым 460 кіламетраў пакрыцця мясцовых аўтадарог вобласці, што ў 1,2 раза перавышае даведзены гадавы паказчык дзяржпраграмы «Дарогі Беларусі». Перавыкананы і намечаны рэспубліканскім планам аб’ём рамонту дарожнага пакрыцця — 405 кіламетраў. Асноўныя віды работ — рамонт існуючых удасканаленых пакрыццяў з найбольшай інтэнсіўнасцю руху і ўладкаванне больш узмоцненага пакрыцця на гравійных дарогах. Выкананы капрамонт двух аб’ектаў у Магілёўскім раёне з прымяненнем тэхналогіі «Вайттопінг». Яна дазваляе ўдасканаліць танкаслойнае дарожнае пакрыццё з цэментнай сумесі на існуючым асфальтабетонным пакрыцці. Яшчэ на некалькіх аб’ектах у Магілёўскім і Чавускім раёнах на гравійных участках зроблена цэментнае пакрыццё.
—Дарогі павінны быць не толькі трывалыя, але і бяспечныя…
— Так. У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па павышэнні бяспекі дарожнага руху ў Магілёўскай вобласці ў шэрагу аграгарадкоў устаноўлены сігнальныя слупкі, пешаходныя агароджы, штучныя няроўнасці, новыя дарожныя знакі. Напярэдадні новага навучальнага года абнавілі гарызантальныя разметкі і зрабілі штучныя няроўнасці паблізу 126 устаноў адукацыі.
— Развіццю аўтамабільных дарог, у тым ліку мясцовых, у краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Ці атрымліваецца трымаць тэмп?
— Мы ўжо на пяць гадоў наперад ведаем, што будзем рабіць. Дзяржава працуе ў гэтым кірунку выразна і дынамічна. Яно і зразумела: дарогі — гэта артэрыі краіны. Калі іх дзесьці няма, тэрыторыя адмірае. Наша задача — зрабіць так, каб агульны «арганізм» якасна функцыянаваў нават у самых маленькіх аддаленых куточках.
КАДРЫ ВЫРАШАЮЦЬ УСЁ
У цэнтральным офісе прадпрыемства на вуліцы Карла Маркса ў Магілёве можна ўбачыць выстаўку дзіцячых малюнкаў на дарожную тэматыку. Гэта малявалі дзеці тутэйшых работнікаў. Падлеткі дэталёва перадалі асаблівасці прафесіі. Магчыма, хтосьці з іх аднойчы таксама прыйдзе сюды працаваць.
Сем’ям тут наогул удзяляецца асаблівая ўвага. На сёння ў «Магілёўаблдарбудзе» працуе каля 40 дынастый. Тут ганарацца поспехамі ветэранаў і тых, хто стварае прыгожае сёння. Такімі, як Вікенцій Піменавіч Самусеў і Васіль Афанасьевіч Лапацін, якія былі ўдастоены знака «Ганаровы дарожнік». Каля 80 работнікаў прадпрыемства з’яўляюцца ўладальнікамі знака «Ганаровы дарожнік» І і ІІ ступеняў.
Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Сяргей Феакцістаў расказвае, што для ўмацавання калектыву штогод у канцы верасня ладзіцца трохдзённае сямейнае спартыўнае свята. Сёлета тут пабывала каля 460 работнікаў з усёй вобласці. Шмат увагі аддаецца падрыхтоўцы маладых спецыялістаў.
— Працуем над мэтавым наборам, — кажа Сяргей Міхайлавіч. — У калектыўным дагаворы замацавалі, што будзем плаціць дадатковую стыпендыю яшчэ і ад прадпрыемства. Два гады таму распрацавалі Палажэнне аб настаўніцтве, каб маладыя людзі больш арганічна ўліваліся ў калектыў. Сёлета для маладых спецыялістаў зрабілі экскурсію ў «Белдарцэнтр», дзе яны наведалі музей і даведаліся, як развівалася галіна. Відавочны плюс — арэнднае жыллё. На яго мо-уць прэтэндаваць маладыя спецыялісты, якія працуюць на раёнах.
МОЛАДЗЬ ГАНАРЫЦЦА ПРАФЕСІЯЙ
Уласнае праектнае бюро дазваляе прадпрыемству не толькі сябе забяспечваць неабходнай для будаўніцтва і абслугоўвання дакументацыяй, але і аказваць у гэтым паслугі іншым. Побач з вопытнымі прафесіяналамі працуюць і пачынаючыя спецыялісты, якія за свой зусім яшчэ невялічкі стаж паспелі ўжо паўдзельнічаць у важных для вобласці праектах. Інжынеры-праекціроўшчыкі Алена Гунева, Максім Мангутаў, Мікіта Камароў, Марыя Малашанка з іх ліку.
Алена Гунева, якая працуе ў праектнай брыгадзе № 1 крыху болей чым год, праектавала арганізацыю дарожнага руху на ўчастку вуліцы Раўчакова ў Магілёве, дзе сёлета быў устаноўлены помнік мірным ахвярам фашыстаў, удзельнічала ў праектаванні добраўпарадкавання тэрыторыі ў раёне папулярнага ў магіляўчан Святога возера. Паралельна актыўная дзяўчына ўзначальвае пярвічку БРСМ на прадпрыемстве.
Максім Мангутаў займаецца штучнымі збудаваннямі — праектуе масты, трубы.
— Калі вучыўся, лічыў, што мая спецыяльнасць — дарогі, навошта масты вывучаць? — усміхаецца хлопец. — Але так атрымалася, што трэба. Ужо ўцягнуўся і задаволены, што займаюся менавіта мастамі. Дарэчы, мой дзядуля Даджы Раманавіч падчас вайны будаваў масты.
А вось Мікіта Камароў натхніўся прыкладам маці, якая працуе ў праектным бюро галоўным інжынерам. «Мне яшчэ ў школе падабалася чарціць, таму стаў прадаўжальнікам дынастыі», — аргументуе ён.
Па праектах Марыі Малашанка пабудаваны дзіцячыя пляцоўкі ў Магілёве і райцэнтрах.
— Марыла стаць інжынерам-праекціроўшчыкам, каб бачыць вынік сваёй работы: ад думкі да ўвасаблення, — прызналася яна.
РАМАНТЫКА МЯСЦОВЫХ ДАРОГ
ДРБУ-130 — касцюковіцкі філіял «Магілёўаблдарбуда», які абслугоўвае яшчэ і Краснапольскі раён. Яго аб’екты бываць таксама ў Хоцімскім і Клімавіцкім раёнах. Кіруе арганізацыяй прафесіянал сваёй справы Сяргей Шаўцоў. Ён з ліку тых маладых людзей, якія дзе нарадзіліся, там і працуюць на карысць малой радзімы. На чале арганізацыі ён ужо дзесяць гадоў. з задавальненнем кажа, што не памыліўся з прафесіяй.
— Пра тыя аб’ёмы работ, якія выконваем цяпер, дзесяць гадоў таму можна было толькі марыць, — расказвае ён. — Фінансаванне павялічылася ў разы. Раней у раёне па дарогах даводзілася «паўзці», цяпер едзеш як па рэспубліканскай трасе. За апошнюю пяцігодку асабліва шмат зроблена па мясцовай дарожнай сетцы, штогод абнаўляем па 35-40 кіламетраў дарог.
Малады кіраўнік вельмі даражыць раённым пераходным сцягам, які зна-ходзіцца ў арганізацыі ўжо другі год запар. Наогул, калектыў заслугоўваў яго ўжо тры разы. Першы раз ён быў уручаны ў 2019-м, потым вярнуўся ў 2023-м і застаўся на 2024 год.
На рахунку арганізацыі і асабіста кіраўніка шмат ганаровых грамат, падзяк, спартыўныхузнагарод. Адчуваецца, што тут прывыклі быць першымі ва ўсім.
За дзесяць гадоў колькасць працаўнікоў у арганізацыі павялічылася з 44 чалавек да 102. Некаторыя прыводзяць за сабой родных. Услед за Сяргеем Шаўцовым сюды прыйшоў працаваць варшчыкам бітуму яго бацька. Маюць аўтарытэту арганізацыі браты Мікалай і Дзмітрый Васілеўскія, сужэнцы Алеся і Андрэй Афоніны. З Андрэем Афоніным пагутарылі непасрэдна на працоўным месцы — падчас будаўніцтва дарогі ў Клімавіцкім раёне. Прызнаўся, што да прыходу ў ДРБУ-130 працаваў у Расіі. Але дома лепш. «Работа напружаная, але з калектывам пашчасціла», — удакладніў суразмоўнік.
Дарэчы, сярэдняя зарплата за студзень — верасень па ДРБУ-130 склала 2758 рублёў. Але, як заўважае начальнік, грошы трэба яшчэ зарабіць. Павысіць прадукцыйнасць працы дапамагае новая тэхніка і асфальта-бетонная ўстаноўка магутнасцю 130тон/гадзіну, якая была закуплена сёлета па «чарнобыльскай» праграме. Для параўнання: на старой выраблялася 30 тон/гадзіну. Як працуе ўстаноўка, журналісты «Звязды» ацанілі на месцы. Сапраўды, ёсць чым ганарыцца. «Новая ўстаноўка — «казка». Няма пылу, кіраванне аўтаматызаванае», — задаволены майстар Аляксандр КАНАНКОЎ, які каардынуетут работу.
— Дзякуючы новай АБУ, дарогу працягласцю два кіламетры мы робім за 4-5 дзён, а не тыдзень, як было раней, — рэзюмуе Сяргей Шаўцоў. — Збіраемся рабіць на ёй новыя болей зносастойкія сумесі — шчэбенева-масцікавыя. У зімовы перыяд каэфіцыент счаплення ў іх лепшы.
На тэрыторыі асфальтабетоннага завода ідзе мадэрнізацыя будынка, дзе размесціцца лабараторыя для кантролю якасці сумесяў, што выпускаюцца, і ўваходнага кантролю якасці матэрыялаў, якія паступаюць. Не трэба будзе вазіць усё гэта ў Магілёў у цэнтральную лабараторыю.
ДРБУ-130 паспявае не толькі сельскімі дарогамі займацца, але і зарабляе валюту на экспарце будаўнічых паслугу Расіі. Сёлета, напрыклад, даход склаў 79 тысяч долараў у эквіваленце. Ёсць дамоўленасць аб супрацоўніцтве і на наступны год.
КУРС НА ПАЎДНЁВЫ ЎСХОД
У журналістаў «Звязды» была ўнікальная магчымасць паназіраць і за тым, як істотна абнавілася дарога на самай усходняй ускраіне вобласці на ўчастку Хоцімск — Ліпаўка — Гаўрылаўка — граніца Расійскай Федэрацыі.
— Дарога стратэгічная, шмат расійскіх машын рухаецца па ёй у Касцюковічы на Беларускі цэментавы завод, — кажа Сяргей Шаўцоў. — Раней яна была гравійная, падчас дажджоў яе размывала. Сёлета мы падрыхтавалі аснову, паклалі два слаі асфальтабетону і цяпер займаемся адсыпкай абочын. Застанецца ўстанавіць пару знакаў, нанесці дарожную разметку — і работа будзе скончана. Працягласць — болей чым 3,5 кіламетра.
На месцы знаёмімся з майстрам ра-монтна-будаўнічагаўчасткаДРБУ-130 Даніілам Зайцавым. Сам ён родам з Оршы Віцебскай вобласці, сёлета прыехаў адпрацоўваць сюды пасля заканчэння Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ).
— Мне тут вельмі падабаецца, — прызнаецца малады спецыяліст. — Цудоўны калектыў, жыллё арэнднае далі — аднапакаёўку. Наогул, Касцюковічы — сімпатычны ціхі гарадок, ёсць ФАК з басейнам, месцы, дзе можна адпачыць.
Начальнік новым супрацоўнікам таксама задаволены — талковы хлопец.
— У сакавіку мы паехалі ў БРУ, каб прэзентаваць перад выпускнікамі сваю арганізацыю, — кажа ён. — Паказалі нашы аб’екты, паведамілі пра зарплату, арэнднае жыллё. Данііл зацікавіўся і прыехаў. Мы вельмі гэтаму рады.
Нэлі ЗІГУЛЯ, Алена ДАЎЖАНОК.