Сінькевіч, Г. Быць арыенцірам / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 12 снежня. — С. 15.
Навучэнцы кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 46 Магілёва Аляксандра Кіркалава ганарацца сваім народам і краінай.
Звыш 25 гадоў Аляксандр Фёдаравіч прысвяціў рабоце ў міліцыі, мае звание маёра. Калі атрымаў запрашэнне заняць пасаду ваенрука, пагадзіўся без роздумаў.
— Першапачаткова сутыкаўся з пэўнымі цяжкасцямі, але паступова ўдалося знайсці падыходы да дзідячых сэрцаў, — паведаміў Аляксандр Кіркалаў.
На занятках Аляксандр Фёдаравіч не абмяжоўваецца сухой тэорыяй. Ён напаўняе ўрокі яркімі жыццёвымі гісторыямі, рэальнымі прыкладамі з уласнай міліцэйскай практыкі. Педагог наогул стараецца быць для навучэнцаў арыенцірам — мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, вучыць іх дабрыні, мужнасці, сумленнасці, адказнасці.
— Патрыятызм — не проста высокія словы. Гэта перш за ўсё ўчынкі і карысныя справы. Даношу такія перакананні да вучняў, — расказаў Аляксандр Кіркалаў.
Будучы апантаным прыхільнікам гісторыі, Аляксандр Фёдаравіч матывуе дзяцей на пошукавую дзейнасць.
— Навучэнцы даследуюць гісторыі сваіх сем’яў праз прызму важных падзей мінулага. Гэта найлепшым чынам фарміруе ў іх павагу да продкаў, імкненне да захавання гістарычнай праўды, — упэўнены Аляксандр Кіркалаў.
Знакавай работай Аляксандра Фёдаравіча стала кніга “Іх імёны ў гісторыі Перамогі” пра абарону і вызваленне Магілёва ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра мемарыяльныя комплексы, абеліскі і манументы воінскай славы. Ключавы акцэнт зроблены на біяграфіях сваякоў настаўнікаў і вучняў сярэдняй школы № 46.
— Работа над кнігай аб’яднала ўсю школу. У выніку на старонках знайшоў адлюстраванне баявы шлях 43 салдат і афіцэраў. Заўсёды нагадваю навучэнцам, што мы — нашчадкі пераможцаў. Мір і дабрабыт былі заваяваны неймавернымі намаганнямі, і памяць пра герояў вайны павінна свята зберагацца, — адзначыў Аляксандр Кіркалаў.
Адзін з экзэмпляраў памятнай кнігі быў перададзены ў фонды Музея Славы Магілёўшчыны. Адметна, што на рахунку Аляксандра Фёдаравіча выпуск памятных альбомаў аб загінуўшых пры выкананні службовага абавязку прадстаўніках Дзяржаўтаінспекцыі, воінах-інтэрнацыяналістах, супрацоўніках экалагічнага нагляду горада. Стварыў ён і памятную кампазіцыю “Батальёну міліцыі імя капітана К.Р.Уладзімірава”. Усе аўтарскія распрацоўкі педагог выкарыстовае ў арганізацыі заняткаў.
Вялікую ўвагу Аляксандр Кіркалаў надае маральнаму выхаванню навучэнцаў. Рэгулярна праводзіць для дзяцей разнастайныя экскурсіі, арганізуе працоўныя і валанцёрскія акцыі. Сумесна з вучнямі дапамагае ветэранам, займаецца добраўпарадкаваннем воінскіх мемарыялаў.— Істотнай з’яўляецца дзейнасць грамадзянска-патрыятычнага клуба “Адзінства”. Гэтае аб’яднанне сапраўды дапамагае выхоўваць ініцыятыўную, патрыятычна настроеную моладзь, — заўважыў суразмоўнік.
Дзейнасць грамадзянска-патрыятычнага клуба Аляксандр Фёдаравіч арганізуе ў супрацоўніцтве з мясцовай вайсковай часцю, раённым аддзелам унутраных спраў, абласным упраўленнем Следчага камітэта і іншымі сілавымі ведамствамі. Для навучэнцаў перыядычна праходзяць палявыя зборы, прафарыентацыйныя мерапрыемствы.
— Вядома, не ўсе вучні звяжуць будучыню з вайсковай службай. Аднак кожны абавязкова стане прыстойным законапаслухмяным грамадзянінам, патрыётам сваёй краіны. А гэта — самае галоўнае, — перакананы Аляксандр Кіркалаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.