Сінькевіч, Г. Салдатамі былі ўсе / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 20 лютага. — С. 5.
У эпіцэнтры абароны Магілёва: як у школе, дзе знаходзіўся штаб 172-й стралковай дывізіі, захоўваюць памяць пра яе байцоў
Нараўне з гераічнай абаронай Брэсцкай крэпасці ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны вялікімі літарамі ўпісана абарона Магілёва. Упартыя баі дазволілі стрымаць наступленне нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паказалі веліч духу і доблесць савецкага народа. Своеасаблівым помнікам таго гістарычнага перыяду з’яўляецца сярэдняя школа № 11: тут знаходзіўся штаб 172-й стралковай дывізіі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Цэнтр абароны
— Наша школа была ў эпіцэнтры баявых дзеянняў. У вучэбных кабінетах размясцілася камандаванне дывізіі і цэнтральны штаб. Збіраліся звесткі аб становішчы на розных участках абароны, перадаваліся загады і распараджэнні ў вайсковыя падраздзяленні. Сцены, у якіх цяпер мірна ажыццяўляецца адукацыйны працэс, служылі ахоўнымі рубяжамі. Будынак стаў нямым сведкам пачатку Вялікай Айчыннай, — паведаміў дырэктар Мікалай Тычко.

Штаб 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерала Раманава размяшчаўся ў 11-й магілёўскай школе з 12 ліпеня 1941 года. У гэты час горад быў у глыбокім тыле, за 200 кіламетраў ад лініі фронту, але чырвонаармейцы працягвалі стрымліваць ворага. У тыя дні быў апублікаваны знакаміты фотаздымак поля каля вёскі Буйнічы з падарванымі нямецкімі танкамі. У нарысе ваенкара Канстанціна Сіманава апісваліся баявыя поспехі абаронцаў Магілёва. Аднак літаральна адразу пасля выхаду газеты сітуацыя рэзка змянілася: фашысты акружылі горад.
— Нягледзячы на акружэнне і істотную перавагу ворага ў колькасці войскаў і тэхнікі, гераічная абарона працягвалася. Салдатамі былі ўсе. Байцы 172-й стралковай дывізіі і гараджане, якія ўзяліся за зброю, адбівалі бесперапынныя атакі гітлераўцаў. Знакавыя падзеі адбыліся 24—25 ліпеня. На Мінскай шашы былі захоплены тры нямецкія штабныя машыны. У іх аказалася шмат узнагародных знакаў, якія прызначаліся для тых, хто пераможным маршам павінен быў прайсці па Маскве. Захоп гэтых машын паслужыў нагодай для новага наступлення фашыстаў. Бой ішоў непасрэдна каля школы. Вечарам 25 ліпеня немцы раптоўна спынілі агонь. Гітлераўскія парламенцёры прапанавалі камандаванню дывізіі капітуляваць, але генерал Раманаў адмовіўся прыняць ультыматум. Пачаўся ўраганны артабстрэл. Тады ў школьным падвале адбылася апошняя нарада штаба дывізіі. Вычарпаўшы магчымасці абароны, камдыў вырашыў весці воінаў на прарыў. Чырвонаармейцы гатовы былі стаяць да канца. Начны бой выдаўся жорсткім і непрацяглым. Толькі нямногім тады ўдалося прарвацца ў лясы да партызан, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аксана Сламянец.

Лёсы абаронцаў Магілёва склаліся трагічна. Большасць байцоў і камандзіраў загінулі. Пра баявую славу герояў памятаюць педагогі і навучэнцы — сярэдняя школа № 11 носіць імя Міхаіла Раманава.
— Неверагодна ганарымся тым, што школе прысвоена імя легендарнага военачальніка. Міхаіл Цімафеевіч Раманаў — выбітная асоба. Яго біяграфія — наглядны прыклад сапраўднага патрыятызму і самаахвярнага служэння Радзіме, — падзялілася вучаніца 11 класа Марыя Кучкіна.
Подзвіг у сэрцах
Галоўным месцам памяці ў школе з’яўляецца музей. Ён быў створаны да 20-годдзя вызвалення Магілёва ад фашысцкіх захопнікаў і прысвечаны абароне горада. Стэнды захоўваюць нямала рэліквій ваеннага ліхалецця. У экспазіцыях прадстаўлены копіі дакументаў, фатаграфіі, фрагменты зброі і абмундзіравання, асабістыя рэчы салдат і апалчэнцаў. Усяго ў фондах налічваецца больш за тысячу прадметаў.
— Каштоўны экспанат — сумачка падпольшчыцы Веры Базылевай. Дзяўчына бясстрашна выконвала работу сувязной, перадавала неабходныя звесткі партызанскім атрадам. На заданні яна хадзіла менавіта з гэтай невялікай дамскай сумачкай, куды хавала запіскі аб тэхнічнай сіле ворага. У 1943-м Веру схапілі і забілі фашысты. За праяўленую мужнасць яна ўзнагароджана медалём “За адвагу”, — адзначыла Аксана Віктараўна.
Актыўную барацьбу з нямецкімі акупантамі вяла ўся сям’я Базылевых. Пасля забойства Веры кіраўніцтва падпольнай групай узяла на сябе яе сястра Марыя, жыццёвы шлях якой пасля аказаўся трывала звязаны з 11-й школай.
— Марыя Базылева ў мірныя гады працавала над стварэннем школьнага музея. У Вялікую Айчынную яна была байцом народнага апалчэння, разведчыцай і сувязной. Пасля заканчэння вайны завяршыла вучобу ў педінстытуце і маладой настаўніцай прыйшла ў нашу школу выкладаць геаграфію. Яна прысвяціла ўстанове амаль шэсць дзесяцігоддзяў, была настаўнікам-прадметнікам, завучам, дырэктарам. Але самая плённая старонка яе працоўнай біяграфіі — краязнаўчая і пошукавая дзейнасць. Для Марыі Іванаўны гэта стала справай жыцця. Заслужаны настаўнік БССР, яна прыкладала намаганні, каб подзвіг абаронцаў горада заставаўся ў памяці падрастаючых пакаленняў, — патлумачыла Аксана Сламянец.
Пад кіраўніцтвам Марыі Базылевай навучэнцы-пошукаўцы наладзілі перапіску з ветэранамі і сваякамі загінуўшых воінаў, сабралі мноства ўнікальных артэфактаў. У лік музейных экспанатаў сёння ўваходзяць лісты з фронту чырвонаармейца Генрыха Зуева, які ў 1944-м вызваляў горад. Навучэнцы таксама запісалі дэталёвыя ўспаміны пра абарону Магілёва начальніка абласнога ўпраўлення міліцыі Васіля Сырамолатава, аповеды аб барацьбе з акупантамі кіраўніка падпольнай групы “Непакорныя” Ільі Гурыева. Таксама пошукаўцы збіралі інфармацыю пра педагогаў школы — удзельнікаў вайны. Іх стараннямі назапашаны аб’ёмны матэрыял: пра гэтых настаўнікаў падрабязна расказваецца на асобным тэматычным стэндзе.
Эстафета памяці
У музеі сярэдняй школы № 11 рэгулярна праходзяць экскурсіі, вучэбныя заняткі, урокі мужнасці, знакавыя сустрэчы і мерапрыемствы.
Эстафету памяці ад пошукаўцаў падхапілі юныя міратворцы. Ужо больш за 10 гадоў установа адукацыі мае ганаровы статус “Школа міру”. Тут функцыянуюць 7 міратворчых атрадаў, у якія ўваходзяць вучні з 1 па 11 клас.

— Сумесна з настаўнікамі яны даглядаюць абеліскі і мемарыялы, добраўпарадкоўваюць воінскія пахаванні, падтрымліваюць парадак на прылеглых тэрыторыях. Хлопцы і дзяўчаты праяўляюць клопат аб ветэранах вайны, вязнях фашысцкіх канцлагераў. Наведваем іх дома, аказваем бытавую дапамогу, віншуем са святамі, слухаем і запісваем успаміны. Старшакласнікі выступаюць у ролі экскурсаводаў па музеі. Акрамя таго, мы зрабілі так званы музей у чамадане. З гэтай міні-экспазіцыяй выязджаем на памятныя мерапрыемствы, у гарадскія ўстановы адукацыі. Нашы вучні расказваюць пра гістарычныя факты аднагодкам у фармаце “роўны вучыць роўнага”, — зазначыла Аксана Віктараўна.
Вялікі водгук сярод вучняў знаходзяць школьныя канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям’і”. Дзеці апытваюць родных, шукаюць звесткі на архіўных сеткавых рэсурсах, з гордасцю расказваюць пра мужнасць і подзвігі сваякоў.
— Канферэнцыя праходзіць масава. Праз прызму сямейных гісторый тэма вайны становіцца больш блізкай і зразумелай навучэнцам, яны выразна ўсведамляюць важнасць памяці аб ваенным мінулым, — заўважыла Аксана Сламянец.
Экспазіцыя пастаянна папаўняецца. У планах калектыву — павялічыць колькасць музейных памяшканняў.
— Вельмі б хацелася ў перспектыве рэканструяваць школьны падвал. Там захаваліся дзверы, прабітыя кулямі ў ходзе баёў, стол, за якім генерал Раманаў праводзіў нарады з камандзірамі. Падвал выкарыстоўвалі як бамбасховішча. Даволі доўга тут размяшчаўся перасовачны шпіталь. Упэўнены, наведванне такога месца будзе незабыўным для кожнага вучня, — падкрэсліў Мікалай Тычко. — Яшчэ будзем спрабаваць уключыць будынак школы ў экскурсійны маршрут пра абарону Магілёва, каб імёны герояў ніколі не былі забыты.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара