Прыярытэт — асоба дзіцяці

Сінькевіч, Г. Прыярытэт — асоба дзіцяці / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 20 лютага. — С. 4.

Павышэнне якасці адукацыі і захаванне яе даступнасці. Гэтую і іншыя актуальныя тэмы абмеркавалі ўдзельнікі сумеснага выніковага пасяджэння калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі і камісіі па справах непаўналетніх Магілёўскага аблвыканкама.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Людмілы Здорыкавай, многае зроблена па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў. На правядзенне капітальных і бягучых рамонтаў, рэканструкцыю ўстаноў адукацыі было накіравана звыш 120 млн рублёў, у прыватнасці для стварэння камфортных і бяспечных умоў пры арганізацыі вучэбнага працэсу, тэхналагічнага пераабсталявання харчаблокаў, абнаўлення аўтапаркаў для падвозу сельскіх школьнікаў. Сёлета запланавана мадэрнізацыя 69 навучальных устаноў. Актыўнымі тэмпамі ўзводзіцца сярэдняя школа на 1020 месцаў на вуліцы Гагарына ў Магілёве.

— У найбліжэйшых планах — будаўніцтва дзіцячага сада на 50 месцаў у Мсціславе, інтэрната для абласнога ліцэя, басейна ў Чэрыкаве. Усяго ў галіновую дзяржаўную праграму да 2030 года ўвайшоў 21 аб’ект: сем дзіцячых садоў, дзве школы, два басейны, інтэрнат, два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, чатыры вытворчыя майстэрні, — паведаміла Людміла Яўгенаўна.

Апошнім часам сістэма адукацыі вобласці дэманструе добрыя паказчыкі. Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 Магілёва прызнаны лепшым у краіне. У галіне спецыяльнай адукацыі абсалютна ўсе дзеці з АПФР атрымліваюць навучанне і карэкцыйна-педагагічную дапамогу. У прафесійнай адукацыі наладжана цесная сувязь з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, створаны пяць вучэбных майстэрань на прадпрыемствах. Яркае пацвярджэнне канкурэнтаздольнасці рэгіянальнай прафесійнай адукацыі — 19 медалёў на конкурсе ProfSkills Belarus 2025.

— На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашы навучэнцы летась заваявалі 91 дыплом. На міжнароднай арэне школьнікі ўзялі дзесяць узнагарод. На ЦЭ 2025 года атрыманы 152 стабальныя сертыфікаты. Прычым некаторыя хлопцы і дзяўчаты на ўступных іспытах атрымалі 400 балаў з 400 магчымых, — адзначыла Людміла Здорыкава.

Зараз 72% настаўнікаў вобласці маюць вышэйшую ці першую кваліфікацыйную катэгорыю. У жніўні ў навучальныя ўстановы былі размеркаваны 438 маладых спецыялістаў. Згодна з маніторынгам, 71% маладых педагогаў застаюцца ў прафесіі на першых працоўных месцах.

— Доўгатэрміноваму замацаванню маладых спецыялістаў неабходна ўдзяляць першачарговую ўвагу. Трэба забяспечваць сацыяльныя гарантыі, ствараць спрыяльныя ўмовы для прафесійнага росту. Варта таксама ўзмацніць арыентацыю выпускнікоў школ на выбар педагагічных спецыяльнасцей, больш шырока выкарыстоўваць мэтавае навучанне, — матывавала Людміла Яўгенаўна.

Па яе словах, галоўны прыярытэт для кожнай навучальнай установы — асоба дзіцяці, выхаванне патрыётаў, дастойных, ініцыятыўных грамадзян. У гэтым кірунку выключную важнасць набывае цеснае супрацоўніцтва з сям’ёй.

— Сістэме адукацыі ёсць чым ганарыцца, але і праблемныя моманты пакуль прысутнічаюць, — заўважыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Сцельмашок. — Абапіраючыся на ўжо створанае, трэба ісці наперад.

Па завяршэнні пасяджэння калегіі быў прыняты шэраг рашэнняў па ўдасканаленні работы на ўсіх узроўнях. Адбылося таксама ўручэнне заслужаных узнагарод лепшым педагагічным калектывам. Па выніках леташняга працоўнага спаборніцтва лідарамі ў ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці сталі ўпраўленне па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама, аддзел па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама, аддзел па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 Магілёва, Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 1, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці аграгарадка Александрыя Шклоўскага раёна, Цялушская сярэдняя школа Бабруйскага раёна, Раснянская спецыяльная школа-інтэрнат, Магілёўскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прамыслова-тэхналагічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны каледж будаўніцтва імя А.П.Старавойтава, Магілёўскі дзяржаўны політэхнічны каледж, Магілёўскі абласны цэнтр творчасці і сацыяльна-педагагічны цэнтр Шклова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.