Крокі ў неба і скарбонка настрою

Сінькевіч, Г. Крокі ў неба і скарбонка настрою / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 2 чэрвеня. — С. 8.

Святлана Рэянтовіч: фарміраванне чытацкай дасведчанасці — галоўны падмурак, на якім будуецца адукацыя

У біяграфіі настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Магілёва Святланы Рэянтовіч ёсць незвычайныя старонкі. У маладосці яна займалася альпінізмам, турызмам і нават здзяйсняла скачкі з парашутам. Такая загартоўка зрабіла яе смелай у прафесійных пошуках. Педагог ператварае ўрокі ў захапляльныя падарожжы па краіне ведаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Выдатная загартоўка

У педагогіку Святлана Міка­лаеўна прыйшла свядома. З прафесійным выбарам вызначылася яшчэ ў дзяцінстве. Выдатніца вучобы, пераможца алімпіяд, яна марыла перадаваць свае веды іншым.

— Найбольш мяне вабіла работа з малышамі, таму без разваг стала студэнткай тагачаснага Магілёўскага педінстытута імя А.А.Куляшова. Менавіта ў інстытуцкіх аўдыторыях спазнала важную ісціну: каб захапіць дзяцей, настаўнік павінен быць цікавай асобай, — падзялілася суразмоўніца.

Гэтая думка стала для Святланы Рэянтовіч штуршком да выпрабавання сябе: яна пачала займацца альпінізмам, турызмам і парашутным спортам.

— Крокі ў неба, пад’ёмы на горныя пікі былі своеасаблівай перамогай над уласнымі страхамі і сумненнямі. Экстрэмальныя віды спорту выдатна загартавалі характар: я навучылася браць на сябе адказнасць, дзейнічаць у крытычных сітуацыях, выпрацавала звычку пастаянна асвойваць нешта новае. Усё гэта дапамагае ў працоўных буднях. Лічу, што ўвесь час вынаходзіць і ўдасканальвацца — адзіны магчымы курс настаўніцкага жыцця, — запэўніла Святлана Мікалаеўна.

Трывалы падмурак

Сёння за плячыма ў Святланы Рэянтовіч амаль 35 гадоў плённай педагагічнай дзейнасці. Увесь гэты час яна працуе ў 21-й магілёўскай школе, якая стала для яе па-­сапраўднаму роднай.

Свае ўрокі настаўніца імкнецца рабіць максімальна творчымі і займальнымі. Заняткі яна ператварае ў дынамічную вандроўку, дзе ёсць і складаныя пад’ёмы, і нечаканыя адкрыцці, і прыпынкі для роздумаў.

— У сучасных рэаліях роля настаўніка трансфармавалася. Перадаваць гатовыя веды ўжо недастаткова — неабходна абу­джаць у дзіцяці даследчыка, стымуляваць яго пазнавальную актыўнасць. Для гэтага шырока прымяняю прыёмы развіццёвага навучання. Прапаную вучням супярэчнасць ці праблему, якую варта вырашыць самастойна. Эфектыўна зарэкамендаваў сябе і прыём “Пастка”: навучэнцам трэба заўважыць памылку і аргументавана даказаць сваё меркаванне. Гэта вучыць аналізаваць, рабіць высновы, даказваць уласны пункт гледжання, — паведаміла нас­таўніца.

Прафесійны прыярытэт Святланы Рэянтовіч — фарміраванне чытацкай дасведчанасці вучняў. Педагог пераканана: уменне працаваць з тэкстам — трывалы падмурак, на якім будуецца далейшая адукацыя.

— Калі навучыць дзіця арыентавацца ў велізарных інфармацыйных патоках, у яго будзе надзейны інструмент для паспяховай вучобы па ўсіх прадметах школьнай праграмы, — патлумачыла педагог.

На працягу трох гадоў Святлана Мікалаеўна ўдзельнічала ў рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта па ўкараненні тэхналогіі мнагамернага чытання. Яна распрацавала дзейсныя алгарытмы работы з суцэльнымі, несуцэльнымі і змешанымі тэкстамі на розных этапах.

Да знаёмства з творам настаўніца выкарыстоўвае прыёмы “Асацыятыўны куст”, “Хэштэг жанру”, якія даюць вучням уяўленні пра змест і структуру тэксту. У ходзе чытання клас пагружаецца ў “дыялог з аўтарам”, збірае “кошык фактаў”, уключаецца ў гульню “Лаві памылку”, стварае лагічныя ланцужкі, праводзіць сюжэтныя лініі, адказвае на тоўстыя і тонкія пытанні. Пасля чытання надыходзіць час рэфлексіі: дзеці ствараюць пашпарты твораў, сіквейны, кластары, інтэлект-­карты.

— Дзякуючы такому падыходу, навучэнцы ўсведамляюць, што і літара, і націск у слове, і знак або сімвал у тэксце, і інтанацыя маюць пэўнае значэнне. Тэхналогія мнагамернага чытання дапамагае развіваць крэатыўнае мысленне дзяцей, вучыць іх быць уважлівымі да дэталей і бачыць сутнасць рэчаў за знешняй абалонкай, — расказала настаўніца.

Формула даверу

Вялікую ўвагу Святлана Рэянтовіч удзяляе не толькі якасці навучання, але і выхаванню. Цяпер у яе 25 хлопчыкаў і дзяўчынак з 2 “В” класа. Кожны вучань з’яўляецца для настаўніцы непаўторным сусветам, у кожным яна стараецца ўбачыць унікальную асобу, дапамагае раскрыць здольнасці і таленты.

— Узаемадзеянне з дзецьмі будую на абсалютнай шчырасці. Вучні тонка адчуваюць фальш, таму, калі даю абяцанне, абавязкова яго выконваю. Любыя канфлікты ці цяжкасці мы разбіраем па-даросламу: разам шукаем першапрычыну і варыянты вырашэння. Шмат размаўляю з дзецьмі, падаю ім прыклад у паводзінах і ўчынках. Дзякуючы гэтаму ў класе пануе атмасфера даверу, — адзначыла Святлана Мікалаеўна.

Ва ўзаемаадносінах з навучэнцамі педагог нярэдка прымяняе гумар. Яна ўмее разрадзіць напружанне жартам, пачынае дзень з пазітыўных выказванняў. Настаўніца упэўнена: з усмешкай вучоба даецца лягчэй.

У выхаваўчай рабоце Святлана Рэянтовіч робіць упор на фарміраванне ў дзяцей грамадзянскасці і патрыятызму, далучае іх да грамадскіх акцый і мерапрыемстваў, рэгулярна наведвае з імі музеі і гістарычныя мясціны.

— Лічу важнымі калектывізм, адзінства, згуртаванасць дзяцей. Гэта тыя якасці, якія паступова фарміруюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, — гаворыць педагог.

Пачуццё патрыятызму Святлана Мікалаеўна развівае ў дзецях праз любоў да малой радзімы. Яна з’яўляецца адным з аўтараў кнігі “Азбука Магілёва”, якая знаёміць навучэнцаў з адметнасцямі і славутасцямі горада, у якім яны жывуць.

С.М.Рэянтовіч дзейнічае ў моц­ным тандэме з бацькамі вучняў. З імі яна працуе па формуле “разуменне + падтрымка + супрацоўніц­тва”. Кантактуе з мамамі і татамі праз месенджары, да сходаў рыхтуе для іх індывідуальныя лісты і прэзентацыі пра дзяцей.

— З бацькамі мы паплечнікі, якія глядзяць у адным кірунку. Яны гэта адчуваюць, прыслухоўваюцца да рэкамендацый і парад, уключаюцца ва ўсе нашы ініцыятывы, — расказала Святлана Мікалаеўна.

Галоўная вяршыня

Святлана Рэянтовіч — педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Нягледзячы на багаты працоўны вопыт, яна ніколі не спыняецца ў прафесійным росце. Сведчанне гэтага — сёлетняе выніковае выступленне на конкурсе “Настаўнік года”. На гарадскім этапе Святлана Мікалаеўна стала пераможцай у сваёй намінацыі, на абласным — прызёрам. Увогуле яна мае мноства ўзнагарод, але самай каштоўнай лі­чыць невялікую скрыню, напоўненую вучнёўскімі падарункамі.

— Гэта мая скарбонка настрою. Дастаю яе, калі адольвае стомленасць. Гляджу на самаробныя паштоўкі, кранальныя малюнкі і атрымліваю неверагодны зарад энергіі і натхнення. Важкім дасягненнем лічу жыццеўладкаванасць выпускнікоў, паспяховасць сённяшніх вучняў, — падкрэсліла Святлана Рэянтовіч. — Прыемна назіраць, як выхаванцы з задавальненнем вучацца. Калі бацькі расказваюць, што дзеці з нецярпеннем чакаюць раніцы, каб пайсці на ўрокі, а на канікулах сумуюць па школе, разумею: працую недарэмна. Для мяне галоўная педагагічная вяршыня — бачыць шчаслівыя вочы навучэнцаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара