Крупянькова, Л. Вяртанне да вытокаў / Лізавета Крупянькова // Літаратура і мастацтва. — 2026. — 4 верасня. — С. 3.
«Алесь і Алеся» — помнік шчыраму пачуццю
Новая скульптурная кампазіцыя, прысвечаная знакамітаму твору Аркадзя Куляшова, упрыгожыць горад да XXXIII Дня беларускага пісьменства. Аўтар інсталяцыі — вядомы магілёўскі майстар Аляксандр Мінькоў, чые работы можна ўбачыць у розных кутках рэгіёна.
— Вобраз з’явіўся адразу дзякуючы багатай літаратурнай спадчыне Касцюковічаў. Тут нарадзіўся знакаміты беларускі паэт Аркадзь Куляшоў, таму з сюжэтам кампазіцыі вызначыліся хутка, — прызнаецца скульптар. — Асноўны пасыл, які я закладваў у інсталяцыю, — гэта каханне. Першае, няўпэўненае і вельмі шчырае. Натхняўся ранняй паэзіяй Куляшова. Спачатку задумка была такая: хлопец і дзяўчынка стаяць спінамі адзін да аднаго, ён чытае кнігу і марыць пра сваю каханую, якую не можа знайсці. Але падчас работы канцэпцыя змянілася і ўвазе гледачоў прапануем цёплы момант сустрэчы.
Скульптурная кампазіцыя разам з пастаментам будзе ў вышыню каля 2 метраў. Убачыць інсталяцыю можна на абноўленай плошчы каля райвыканкама. «Вельмі ўдалае размяшчэнне. Праз плошчу праходзіць шмат людзей, таму скульптура будзе радаваць жыхароў Касцюковічаў кожны дзень», — лічыць аўтар, Хоць скульптар прывык працаваць з каменем, традыцыйную бронзу вырашылі замяніць на сучасныя палімерныя матэрыялы. Падчас работы майстар натхняўся знакамітым хітом ансамбля «Песняры», а ў тварах герояў можна знайсці падабенства з блізкімі Аляксандра. Увогуле, інсталяцыя мае для майстра асаблівае значэнне: яго бацька нарадзіўся ў Касцюковічах, у дзяцінстве будучы скульптар часта бываў тут у бабулі з дзядулем.
Акрамя «Алеся і Алесі» ў Касцюковічах скульптар працуе над тэматычнымі кампазіцыямі да «Дажынак» у Шклове і да Дня маці ў Быхаве. У Шклове плануецца ўстанавіць бюст маці-гераіні і гераіні сацпрацы, якая працавала ў калгасе. Лірычная скульптура ў Быхаве — маці з сынам — будзе стаяць на ўездзе ў горад і сустракаць гасцей.
Мастак часта ўдзельнічае ў творчых сімпозіумах за мяжой, дзе абменьваецца вопытам з калегамі. Зусім нядаўна Аляксандр прыехаў з Арменіі. Сярод суровых горных вяршынь майстар працаваў з не менш складаным матэрыялам — мармурам. Восенню творца плануе адправіцца на сімпозіум у Ташкент.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА