Служыць закону са школьнай парты

Сінькевіч, Г. Служыць закону са школьнай парты / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 4 верасня. — С. 16.

Клас “Юны пракурор” у сярэдняй школе № 2 Магілёва стаў першым у краіне з такім профілем. Навучэнцы не проста спасцігаюць асновы права, а праходзяць сур’ёзную раннюю прафарыентацыю, каб свядома і ўзважана выбраць прафесійны шлях.

Профільны клас такога напрамку стварылі тры гады назад, — гаворыць дырэктар школы Марына Гарбаценка. — Ідэя супрацоўніцтва з пракуратурай нарадзілася на аснове запытаў вучняў і бацькоў. Мы бачылі вялікую зацікаўленасць у прававой адукацыі. Ініцыятыву падтрымала адміністрацыя Ленінскага раёна горада, кіраўніцтва гарадской пракуратуры таксама адразу пайшло насустрач.

Адбор у клас «Юны пракурор» даволі строгі. Добрай вучэбнай паспяховасці не заўсёды дастаткова.

— Звяртаем увагу не толькі на балы па профільных прадметах, але і на паказчыкі здароўя, дысцыплінаванасць, маральна-валявыя якасці падлеткаў. Праводзім персанальныя гутаркі з кожным, хто падае дакументы на навучанне. Пасля набору з класам сустракаецца работнік пракуратуры, які нагадвае моладзі аб адказнасці і важнасці захавання станоўчага іміджу людзей, датычных да прававой сферы, — расказвае Марына Аляксандраўна.

Сёння ў 11 класе прававога профілю 23 навучэнцы. Яшчэ адна група правазнаўцаў набіраецца ў 10 клас.

— Цікавасць да профілю высокая: да нас прыходзяць хлопцы і дзяўчаты з іншых школ горада. Аднак напаўняльнасць класа рэгламентавана: набіраем не больш за 25 чалавек, каб забяспечыць максімальную эфектыўнасць заняткаў, — адзначае Марына Гарбаценка.

Вучэбны працэс у класе «Юны пракурор» характарызуецца сістэмнасцю. У пачатку навучання хлопцы і дзяўчаты пішуць эсэ-разважанні аб сваёй будучыні. Змест творчых работ сведчыць, што профіль яны выбіраюць не выпадкова. Падлеткі хочуць служыць закону, і ў школе ім забяспечваюць для гэтага трывалы старт. На павышаным узроўні дзеці вывучаюць рускую мову і грамадазнаўства. Некалькі разоў на тыдзень у спецыяльна абсталяваным кабінеце для іх праходзяць факультатывы.

— Вяду факультатыў «Асновы права», — расказвае настаўніца грамадазнаўства Святлана Быструшкіна. — На занятках дэталёва разбіраем, як працуюць праваахоўныя органы нашай краіны. Стараюся адыходзіць ад сухой тэорыі, фарміруючы ў вучняў дакладнае разумение каштоўнасці законнасці і правапарадку ў грамадстве.

З асаблівай цікавасцю яны чакаюць практыкумаў ад работнікаў пракуратуры. На гэтых занятках дзеці непасрэдна знаёмяцца з прафесіяй. Факультатывы ад запрошаных экспертаў нязменна будуюцца на інтэрактыве.

— Неад’емнай часткай сумеснай работы з’яўляюцца круглыя сталы і дыялогавыя пляцоўкі, дзе вучні глыбока аналізуюць вострыя сацыяльныя тэмы, — тлумачыць Святлана Анатольеўна.

Убачыць спецыфіку прафесіі пракурора знутры навучэнцы могуць у ходзе наведвання рэальных судовых пасяджэнняў. У школе рэгулярна ладзяцца такія прафарыентацыйныя выхады.

— У асноўным прысутнічаем на пасяджэннях, дзе фігуруюць маладыя людзі, — удакладняе педагог. — Бываем на разгляданні як адміністрацыйных, так і крымінальных спраў. Пасля завяршэння пасяджэння суддзя застаецца ў зале, каб у нефармальнай абстаноўцы пагутарыць з навучэнцамі і адказаць на іх пытанні. Выезды пакідаюць у дзяцей незабыўныя ўражанні. Бо паназіраць за судом па тэлевізары — гэта адно, а ўбачыць, як вяршыцца правасуддзе, на ўласныя вочы — зусім іншае.

Вучні прававога класа актыўна далучаюцца да захавання гістарычнай памяці. Яны прысутнічаюць на раскопках у месцах, дзе пракуратурай расследуюцца факты генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Хлопцы і дзяўчаты вядуць шэфства над ветэранамі, у святочныя даты прымаюць удзел ва ўрачыстых мітынгах, ушаноўваюць подзвігі герояў.

— Сур’ёзная грамадская дзейнасць не праходзіць бясследна. Прававы профіль мяняе светапогляд навучэнцаў. Яны пачынаюць інакш глядзець на падлеткавую злачыннасць, аналізаваць учынкі з пункту гледжання юрыдычных наступстваў. Прадстаўнікі класа «Юны пракурор» — узор для пераймання для астатніх вучняў школы і нашы цудоўныя памочнікі ў прававой асвеце малодшага пакалення, — заўважае дырэктар. — Яны выступаюць з дакладамі падчас правядзення Школы актыўнага грамадзяніна, а самыя мэтанакіраваныя становяцца членамі маладзёжнага парламента пры Магілёўскім гарадскім Савеце дэпутатаў.

Выбудаваная сістэма работы прыносіць плён: вучні свядома падыходзяць да прафесійнага самавызначэння. Большасць выпускнікоў класа «Юны пракурор» працягваюць адукацыю па профілі ў вядучых установах вышэйшай адукацыі краіны, некаторыя вучацца па мэтавых дагаворах.

У школы вялікія планы па развіцці запатрабаванага профільнага кірунку. Штогод тут укараняюць новыя формы супрацоўніцтва з пракуратурай, прадумваюць сумесныя мерапрыемствы.

— У новым навучальным годзе таксама будзе чым зацікавіць дзяцей,—падкрэслівае Марына Гарбаценка. — Наша галоўная задача — не толькі даць багаж ведаў, але і сфарміраваць асобу. Прыкладаем усе намаганні, каб са сцен школы выпускнікі выходзілі адказнымі грамадзянамі. Імкнёмся да таго, каб незалежна ад выбранай прафесіі яны былі гатовы да любых выклікаў часу: умелі крытычна мысліць, прымаць узважаныя рашэнні, заўсёды заставацца вернымі закону і прынцыпам справядлівасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.