Летапіс эпохі

Дзятлава, Г. Летапіс эпохі / Галіна Дзятлава // Літаратура і мастацтва. — 2026. — 4 верасня (№ 34). — С. 14—15.

Спецыялісты Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. I. Леніна на працягу апошняга дзесяцігоддзя актыўна ствараюць віртуальныя праекты, у межах якіх прадстаўляюць гісторыка-культурную спадчыну рэгіёна

На цяперашні час на інфармацыйным сайце ўстановы прадстаўлена 28 віртуальных краязнаўчых праектаў, сярод якіх вылучаюцца віртуальныя музеі народнага паэта А. Куляшова і народнага пісьменніка I. Чыгрынава. З нагоды Дня беларускага пісьменства наспеў час пазнаёміць са зместам віртуальных музеяў народных пісьменнікаў, якіх падараваў Беларусі Касцюковіцкі край.

Лічбавыя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў паўсядзённае жыццё людзей, актыўна выкарыстоўваюцца ў інфармацыйных, адукацыйных і забаўляльных мэтах. Інтэрнэт дае магчымасць без асаблівых намаганняў адшукаць неабходную інфармацыю. Аднак сёння трэба клапаціцца пра дакладнаць, актуальнасць і бяспечнасць інфармацыі ў віртуальнай прасторы.

Стварэнне віртуальных музеяў, прысвечаных пісьменнікам-землякам, — новае слова ў літаратурным краязнаўстве. Музеі Аркадзя Куляшова і Івана Чыгрынава — найбольш значныя і маштабныя праекты ў галіне захавання і папулярызацыі творчай спадчыны народных пісьменнікаў Беларусі. Раздзелы музеяў напоўнены дакументамі, якія ў свой час былі размешчаны ў друкаваных выданнях, але да гэтай пары не былі сабраны ў адным месцы і не сістэматызаваны. Гэтая вялікая праца спецыялістамі Магілёўскайабласной бібліятэкі вялася на працягу не аднаго года, а ўзначалілі яе вучоны сакратар Юлія Касцюк і бібліятэкар Іван Малінін, які і афармляў тэматычныя экспазіцыі. Дарэчы, гэты творчы калектыў быў адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь менавіта за стварэнне электронных рэсурсаў прысвечаных тэме малой радзімы.

«Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога»

Сярод паэтаў Магілёўскай вобласці ганаровае звание народнага носіць толькі Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў. Ен — унікальная асоба ў беларускай літаратуры, паэт-вундэркінд. Беларуская паэзія не ведае другога такога ранняга і крутога творчага ўзыходу: першыя спробы пяра — у шэсць гадоў, першы надрукаваны верш — у дванаццаць, першы ганарар — у чатырнаццаць, першая кніга паэзіі — у шаснаццаць, а ў васямнаццаць — Куляшоў ужо аўтар трох вершаваных зборнікаў. У дваццаць гадоў ён стаў сябрам Саюза пісьменнікаў.

Творчы шлях паэта доўжыўся роўна паўстагоддзя, і як вынік — амаль пяцьдзясят выдатных кніг паэзіі. Цікава, што пісаць ён пачаў на рускай мове: да 1924 года Касцюкоўшчына ўваходзіла ў склад РСФСР. Свае першыя юнацкія творы, напісаныя ад рукі, Аркадзь аб’яднаў у два блакноты і з гумарам назваў «Собрание сочинений Кулешова Несчастного».

У 2019 годзе з мэтай ушанавання памяці Аркадзя Куляшова і да 105-годдзя з дня яго нараджэння спецыялістамі Магілёўскай абласной бібліятэкі створаны віртуальны музей «Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога», дзе прадстаўлена жыццё, вялікая літаратурная спадчына паэта і грамадскага дзеяча Аркадзя Аляксандравіча Куляшова.

Асветніцка-адукацыйны інтэрнэт-праект складаецца з сямі раздзелаў: «Жыццё», «Творчасць», «Творы», «Паэт у мастацтве», «Куляшоў у школе», «Памяць», «Бібліяграфія», а кожны з іх уключае па некалькі тэматычных падраздзелаў.

Так, раздзел «Жыццё» названы «Шлях да акіяна» згодна з аднайменнай літаратуразнаўчай работай Васіля Бечыка, прысвечанай аналізу творчасці Куляшова і сугучнай з адным з апошніх і самых глыбокіх твораў Куляшова «Далёка да акіяна», галоўнай тэмай якога з’яўляецца роздум паэта пра пройдзены жыццёвы і творчы шлях, сувязь пакаленняў, філасофскі аналіз гісторыі, вайны і чалавечага лёсу.

Раздзел уключае 13 тэматычных падраздзелаў, сярод якіх «Летапіс жыцця», «Дакументы», «Званні і ўнагароды», «Выступленні», «Малая радзіма», «Фотаальбом», «Сям’я» і інш. Матэрыялы кожнага ахопліваюць розныя бакі шматграннай жыццёвай і творчай дзейнасці Аркадзя Куляшова, узнаўляюць малавядомыя факты і істотна дапаўняюць выкладзеную ў даведніках біяграфію паэта. Шматлікія звесткі падмацаваны ўспамінамі родных, сяброў і калег па пяру, тэкстамі выступленняў А. Куляшова, інтэрв’ю, лістамі, архіўнымі дакументамі, фотаздымкамі.

У «Летапісе жыцця» — даты, падзеі, аўтабіяграфія, восем інтэрв’ю з паэтам, некалькі дзясяткаў архіўных дакументаў, у тым ліку звесткі аб званнях і ўзнагародах, больш за 40 артыкулаў з успамінамі родных, сяброў і калег па пяру, за дзве сотні фотаздымкаў, у тым ліку перыяду Вялікай Айчыннай вайны, чатыры дакументальныя стужкі аб жыцці і дзейнасці.

Цікавым падаецца першы дакументальны фільм пра А. Куляшова «Край крынічны», зняты ў 1972 годзе. Яго дапаўняе артыкул «Саматэвічы» дачкі паэта Валянціны Куляшовай, якая ўтой час працавала як аўтар ці рэдактар тэлеальманаха «Літаратурная Беларусь», цыкла пісьменніцкіх тэлемемуараў «Старонкі памяці» і аўтарскіх вечароу народных пісьменнікаў БССР.

На той час у фондах беларускага тэлебачання амаль не было матэрыялаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю дзеячаў беларускай культуры і літаратуры. Паступова Валянціне Аркадзьеўне разам з калегамі ўдалося зрабіць відэазапісы перадач з удзелам Міхася Лынькова, Петруся Броўкі, Пімена Панчанкі, Міколы Аўрамчыка, некаторых замежных пісьменнікаў і перакладчыкаў. Яна заўважыла, што перад камерай яны трымаліся з вялікім унутраным спалохам і выглядалі ненатуральна. У далейшым, запісваючы пісьменніка для тэлеперадачы, творчая трупа шукала нешта, што дапаможа зняць псіхалагічны заціск і дапаможа яму раскрыцца. Так, Міхась Лынькоў расказаў пра сустрэчы з Купалам, а паэт Мікола Аўрамчык выступіў з успамінамі пра класікаў беларускай літаратуры, і ў кадры яны ўжо не вяглядалі такімі напружанымі і скаванымі.

Валянціна Аркадзьеўна усведамляла, што сям’я жыве побач з вялікім паэтам, таму яна лічыла сваім абавязкам зняць бацьку на кінастужку, каб захаваць яго выяву і воблік для грамадства і для сям’і. А каб Аркадзь Аляксандравіч у фільме выглядаў натуральна і праўдападобна, трупа знайшла выйсце — арганізаваць яму сустрэчу з роднымі мясцінамі.

Здымачная трупа з Мінска выехала на Магілёўшчыну 2 ліпеня. Чатыры дні яны працавалі на малой радзіме Куляшова, дзе Аркадзь Аляксандравіч сустрэўся з роднымі, аднакласнікамі і землякамі, паблукаў па берагах чыстай і крынічнай Бесядзі, правёў вечар на яе беразе каля вогнішча.

У родных мясцінах ён выглядае па-сапраўднаму шчаслівым. Гэта месца яго сілы, невычэрпная крыніца натхнення і трывалы падмурак для ўсіх жыццевых выпрабаванняў. Фільм атрымаўся!

Для выкладчыкаў, настаўнікаў, студэнтаў і навучэнцаў найбольш карыснымі будуць раздзелы «Творчасць» і «Творы», дзе ў некалькіх тэматычных рубрыках грунтоўна разглядаецца літаратурная спадчына паэта і перакладчыцкая дзейнасць, прадстаўлена храналогія выхаду яго кніг, размешчаны выбраныя творы, цыклы вершаў, агучаныя творы, у тым ліку прачытаныя самім Куляшовым, а таксама некалькі яго твораў на мовах свету.

Тут жа прадстаўлены машынапісы і рукапісы. Цікава, што Куляшоў не захоўваў рукапісы. Як толькі твор быў гатовы, ён знішчаў чарнавік, таму іх захавалася вельмі нямнога, калі параўноўваць з напісаным і выдадзеным. Дарэчы, калі супрацоўнікі Магілёўскай абласной бібліятэкі працавалі над стварэннем віртуальнага музея, звярталіся ў беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Таму ў віртуальным музеі размешчаны рукапісы і машынапісы з папраўкамі А. Куляшова, у большасці сваей малавядомыя шырокаму колу чытачоў.

Напісанае А. Куляшовым — мастацкі летапіс цэлай эпохі. Яго творы ўключаны ў праграмы агульнаадукацыйнай школы і вышэйшых навучальных устаноў. Карысныя матэрыялы ў дапамогу вывучэнню літаратурнай спадчыны творцы, арганізацыі тэматычных мерапрыемстваў з нагоды юбілеяў паэта змешчаны ў раздзеле «Куляшоў у школе».

Творчасць А. Куляшова прызнана чытачамі, стала духоўным здабыткам для многіх пакаленняў беларусаў, а яго творы, якія вывучаюць школьнікі і студенты, уваходзяць у залаты фонд нацыянальнай лггаратуры. Памяці А. Куляшова прысвячаюць вершы:

Калі чытаю Куляшова

Калі чытаю Куляшова —

Вялікай шчырасці радкі,

Нібы плыву ў чаўне вярбовым

Па хвалях Бесядзі-ракі.

Таемным пачуццём сагрэты,

З вачмі, вільготнымі ад слёз,

Я чую ранні спеў паэта

Ля саматэвіцкіх бяроз.

Нібы хлапчук усхваляваны

Зноў ціхім берагам ідзе…

Цячэ рака да акіяна,

I не мялець ёй анідзе.

Змітрок Марозаў

Як ушаноўваецца памяць пра Аркадзя Куляшова ў нашай краіне, сведчыць раздзел «In memoriam». У гонар Аркадзя Аляксандравіча Куляшова Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт, які носіць яго імя, з пачатку двухтысячных гадоў праводзіць штогадовую навукова-практычную канферэнцыю «Куляшоўскія чытанні». Удзел у чытаннях прымаюць і навукоўцы, і студенты, па выніках канферэнцыі выдаецца зборнік. Спецыялісты абласной бібліятэкі алічбавалі матэрыялы канферэнцыі, якія датычацца жыцця і дзейнасці А. Куляшова з 2001 года, а ў адпаведным раздзеле музея прадставілі больш за 60 навуковых дакладаў удзельнікаў канферэнцыі за ўсе гады.

Віртуальны музей «Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога» ўтрымлівае каля сотні рэцэнзій на шэсць паэтычных зборнікаў і 13 паэм, а самымі зацікаўленымі даследчыкамі творчасці А. Куляшова з’яўляюцца: Я. Клімуць, Р. Бярозкін, В. Бечык, М. Абабурка і Л. Рублеўская.

Цікавы раздзел «Паэт у мастацтве». Тут прадстаўлены ўсе знойдзеныя партрэты паэта, выкананыя А. Прыньковай, А. Карповічам, А. Яр-Краўчанкам, іншымі мастакамі, бюст работы З. Азгура, тэатральныя пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача і Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы па творах А. Куляшова з водгукамі і рэцэнзіямі на пастаноўкі. У асобных падраздзелах песні на словы паэта, яго работы для кіно і радыё.

Дапаўняе музей біябібліяграфічны паказальнік «Пясняр свайго часу», складзены спецыялістамі Магілёўскай абласной бібліятэкі да 100-годдзя паэта з мэтай найбольш поўнага адлюстравання і папулярызацыі шматграннай дзейнасці слыннага земляка. Выданне ўключае інфармацыю аб 802 дакументах (кнігі, артыкулы са зборнікаў, часопісаў, газет, ноты, гуказапісы, фотадакументы, выяўленчыя матэрыялы) за 1926—2013 гг. на беларускай, рускай, украінскай, польскай, літоўскай, іспанскай, румынскай мовах з фондаў Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. I. Леніна і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусь. Гэты паказальнік стаў практычным дапаможнікам пры стварэнні віртуальнага музея.

Аркадзь Куляшоў, безумоўна, любіў сваю радзіму быў гатовы абараняць яе «штыком і пяром». Выдатны мастак слова, Куляшоў праславіў Магілёўшчыну, сваю малую радзіму — Касцюковіцкі раён і заслужыў, каб напісанае ім было сабрана і прадстаўлена грамадству ў найбольш поўным аб’ёме.

«Вернасць праўдзе»

Другім маштабным праёктам па ўшанаванні памяці выбітнага сына касцюковіцкай зямлі стала стварэнне віртуальнага музея народнага пісьменніка Беларусі Івaна Гаўрылавіча Чыгрынава.

Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў — пісьменнік са сваім непаўторным бачаннем свету, таленавіты і самабытны мастак слова. Яго дзяцінства прыпала на цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны. Убачанае і перажытае засталося ў памяці назаўсёды і прымусіла ўзяцца за пяро.

Сюжэтамі яго твораў станавіліся гісторыі, якія адбыліся з ім ці пра якія ён пачуў. Каб здабыць цікавы сюжэт, пасля атрымання дыплома ўніверсітэта I. Чыгрынаў за летнія месяцы ад вёскі да вёскі прайшоў практычна ўсю Магілёўскую вобласць.

Таіса Грамадчанка, даследчык літаратуры, назвала Чыгрынава «патрыётам свайго краю, усёй беларускай зямлі, улюбёным у яе сучаснасць і мінулае. Менавіта гэта ў спалучэнні з высокім прафесійным майстэрствам забяспечыла яго творам непераходную цікавасць у шырокага кола чытачоў, а аўтару — звание народнага пісьменніка Беларусі…»

Асветніцка-адукацыйны інтэрнэт-праект «Вернасць праўдзе» складаецца з сямі раздзелаў: «Жыццё», «Творчасць», «Творы», «Асоба ў мастацтве», «Чыгрынаў у школе», «Памяць», «Бібліяграфія» і прадстаўляе жыццё, творчую, грамадскую дзейнасць, літаратурную спадчыну I. Г. Чыгрынава, сабраную ім за трыццаць пяць гадоў самаадданай працы, дзе дакладна намалявана Беларусь у віры гістарычных падзей, раскрыта душа беларускага народа, прадстаўлена непарыўная сувязь лёсу чалавека і лёсу краіны.

У раздзеле «Жыццё» — 16 тэматычных падраздзелаў, сярод іх — «Успаміны». 19 аўтараў — пісьменнікі, журналісты, літаратурныя крытыкі, ураджэнцы Касцюковіцкага раёна — пакінулі свае ўспаміны пра Чыгрынава. Тут змешчана чатыры артыкулы Міхася Ласоўскага — бібліятэкара з Трасціно Хоцімскага раёна, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

Ласоўскі расказвае, што Іван Гаўрылавіч неаднаразова быў у Трасцінскай бібліятэцы, падарыў кнігі з аўтографамі, у якасці госця наведваў яго дом. Аднойчы на застоллі Чыгрынаву так прыйшліся даспадобы салёныя рыжыкі, што ўзяў рэцэпт прыгатавання, а пасля ім дзяліўся Зазыба — герой рамана «Апраўданне крыві».

У падраздзеле «Лісты» апублікаваны лісты самога Чыгрынава і звароты да яго. Вылучаецца ліст да Куляшова, датаваны 25 лютага 1952 года, калі Івану было 18. Ен просіць Аркадзя Аляксандравіча «помогите мне в этом трудном деле поставить меня, как говорится, на ноги. Высылаю Вам два стихотворения, как Вы дадите отзыв, а может быть, устроите куда-нибудь их».

«Фота» змяшчае вялікую колькасць фотаздымкаў пісьменніка, толькі партрэтных больш за шэсць дзясяткаў. Тут ён і за работай, у час выступленняў, сустрэч з чытачамі, калегамі, з сям’ёй і на адпачынку…

Добра прадстаўлены ўзнагароды і дакументы, копіі якіх абласной бібліятэцы перадала сям’я пісьменніка, калегі з Касцюковіцкай раённай бібліятэкі, якая носіць імя Чыгрынава.

Як і многія пісьменнікі, Іван Чыгрынаў пачынаў з вершаў, якія друкаваліся ў касцюковіцкай раённай газеце. Творчы прыклад А. Куляшова і асабістае знаёмства з ім натхнілі Чыгрынава і падштурхнулі пісаць: «Мне, пэўна, пашанцавала з прыкладам — у Саматэвічах нарадзіўся і правёў дзіцячыя гады вялікі савецкі паэт Аркадзь Куляшоў. Чытаючы яго вершы, паэмы, я раптам сапраўды зразумеў, што гаршкі не багі абпальваюць, вельмі ўжо моцна была прывязана творчасць Аркадзя Апяксандравіча да родных мясцін, быццам ён увесь час хадзіў з тапаграфічнай картай сярод знаёмых людзей уздоўж Бесядзі, ад вытокаў яе да вусця. Гэта вучыла мяне разумець літаратуру і надавала смеласці пісаць самому».

У 1952 годзе, калі Чыгрынаў паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультета БДУ, у часопісе «Полымя» быў апублікаваны яго верш «Сон трактарыста» (урывак):

Лёгкі ветрык жвавай хваляй

Абдымае ніву,

Песціць шчодрай цеплынёю

Залатую грыву.

I калыша над палямі

Дзень многагалосы,

Песню жаўранка сплятае

З песняю калосся.

У гэтых песнях чуе хлопча

Гімн рукам мазольным,

Што ўзрасцілі буйны колас

На калгасным полі.

Пачаткам літаратурнай дзейнасці сам Іван Гаўрылавіч лічыў 1961 год, калі ў газеце «Літаратура і мастацтва» надрукавалі яго апавяданне «Праз гады». Усесаюзная і нацыянальная вядомасць прыйшла да Чыгрынава ў 1970-х гадах, дзякуючы выхаду яго галоўнага твора — рамана «Плач перепёлки», які адкрыў знакамітую пенталогію пра першыя дні Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі, так званую «верамейкаўскую хроніку». Паводле раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёрам I. Дабралюбавым у 1991 годзе створа ны шматсерыйны тэлефільм «Плач перапёлкі». Вядомы кінакрытык М. Шпагін аднёс гэтую работу да ліку самых праўдзівых кінакарцін пра вайну, за якія не сорамна, і раіў глядзець тэлефільм сэрцам.

Аўтар раманаў пра трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і цяжкі пасляваенны час I. Чыгрынаў у сваёй аўтабіяграфіі дакарае сябе за тое, што практычна ўсю творчасць прысвяціў тэме вайны і з-за гэтага, верагодна, прапусціў нешта важнае. Ен згадвае, што кожны раз даваў сабе слова: кожны твор аб вайне будзе апошнім. Але ў выніку ўсё роўна вяртаўся да гэтай тэмы.

Практычную накіраванасць мае раздзел «Чыгрынаў у школе». Тут метадычныя распрацоўкі ўрокаў, матэрыялы ў дапамогу настаўніку, сцэнарыі мерапрыемстваў, цікавыя факты пра пісьменніка і займальны матэрыял: крыжа ванкі, віктарыны і гульні, якія можна смела выкарыстоўваць на уроках беларускай літаратуры, што надасць ім інтэрактыўнасці і выклікае зацікаўленасць дзяцей.

Прэзентацыя віртуальнага музея «Вернасць праўдзе» адбылася ў сакавіку 2025 года ў межах XXXII Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, дзе дачка Івaна Гаўрылавіча пазнаёмілася з матэрыяламі музея. Пасля члены сям’і Чыгрынава дасканала прааналізавалі ресурс і даслалі такі водгук: «Паважаныя супрацоўнікі Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. I. Леніна, стваральнікі віртуальнага музея Народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава «Вернасць праўдзе». Шчыры вам дзякуй ад сям’і Івана Гаўрылавіча. Не проста з цікавасцю, а з захапленнем пазнаёміліся з музеем. Уражвае праца, якая праведзена пры яго падрыхтоўцы. Матэрыял багаты, разнастайны, сістэматызаваны дасканала. Нават для нас, сям’і, знайшліся новыя звесткі. Гэты музей будзе цікавым і даследчыкам творчасці Івана Чыгрынава, і аматарам беларускай літаратуры, і ўвогуле ўсім беларусам. Шчыры дзякуй!»

Алена Чыгрынава, дачка пісьменніка

Цікавасць да творчасці Аркадзя Куляшова і Івана Чыгрынава не згасае, жыццё і напоўненая грамадская дзейнасць прызнаных майстроў слова да гэтай пары хвалююць людзей, таму ў рабоце над віртуальнымі музеямі нельга ставіць кропку.

Галіна ДЗЯТЛАВА