Вучыць, верыць і натхняць

Вільчынская, Г. Вучыць, верыць і натхняць / Ганна Вільчынская ; гутарыла Ірына Сліжэўская // Культура. — 2026. — 11 верасня (№ 37). — С. 6—7.

Ганна Вільчынская, выкладчык па класе домры Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 1 імя І.М. Лучанка, — адзін з тых педагогаў, хто атрымаў узнагароду спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

“За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі — не проста радок у працоўнай біяграфіі, а вынік шматгадовага служэння мастацтву, штодзённага цярпення і бязмежнай веры: у кожным дзіцяці — іскра, здольная заззяць ярчэй за любую зорку.

— Ганна Аляксандраўна, вы скончылі тую ж навучальную ўстанову. Чаму вярнуліся сюды ўжо ў ролі настаўніка?

— Люблю сваю школу. Яна не проста месца працы — частка жыцця, душы. Ніколі не думала аб іншай прафесіі. З дзяцінства ведала: буду вучыць музыцы. Рашэнне выверанае. Калі пераступіла парог як настаўнік, адчула ўнутраную апору. Гэтае месца сілы нібыта родны дом, куды заўсёды жадаеш вяртацца. Тут я вырасла як педагог — і менавіта тут хачу і далей дзяліцца любоўю да музыкі з новымі пакаленнямі. Гэта штодзённы свядомы выбар, і ён прыносіць сапраўднае шчасце. З вялікім гонарам заўважаю, як многія выпускнікі працягваюць шлях у профільных навучальных установах і робяць музыку сваёй прафесіяй. Вось найлепшае пацвярджэнне таго, што мы запальваем у дзецях іскру, якая ператвараецца ў полымя на ўсё жыццё.

— Што, на ваш погляд, больш важнае ў выкладанні: паставіць тэхніку або заразіць выхаванца любоўю да музыкі?

— Адно без другога не існуе. Але, магчыма, мой адказ здасца камусьці нечаканым: тэхнічны аспект — на чале. “Як атрымаецца” — не наша дарога. Выпраўляць заўсёды складаней, чым рабіць слушна з самага пачатку. Пераканана, што лепш усё выбудаваць адразу. Няма слова “потым” — толькі тут і цяпер.

З першых урокаў удзяляю вялікую ўвагу пастаноўцы рук, пасадцы, гуказдабыванню. Гэта карпатлівая праца, і не хаваю: такі падыход даецца няпроста. Але менавіта праз правільную тэхніку дапамагаем дзіцяці раскрыцца як сапраўднаму артысту, каб яно магло свабодна і ярка выяўляць сябе праз музыку, каб яго выкананне стала жывым, а інструмент — другім голасам.

— Вашы вучні — пераможцы прэстыжных конкурсаў. Ці існуе сакрэт падрыхтоўкі да такіх спаборніцтваў?

— Ніякага сакрэту няма, але ёсць сістэма. У цэнтры — праца з канцэртмайстрам Кацярынай Уладзіміраўнай Бухенка. Мы адно цэлае. Разам шукаем тое самае гучанне, дамагаемся адзінага дыхання, выбудоўваем канцэпцыю, агульную музычную думку. Тут істотная кожная дэталь. Адточваем іх і ў класе, і на сцэне. Падрыхтоўка да конкурсу — гэта не толькі рэпетыцыі. Каб перамагчы, патрэбен немалы сцэнічны досвед. Таму імкнёмся іграць заўсёды і ўсюды. Ёсць свае традыцыі: ладзім выступленні адно перад адным, “хатнія” конкурсы, на якіх вучні дзеляцца на журы і ўдзельнікаў, выстаўляюць балы, вызначаюць месцы, а затым мяняюцца ролямі. Гэта дапамагае прыбраць страх сцэны і адчуць атмасферу канкурэнцыі ў бяспечнай, сяброўскай абстаноўцы.

Зрабіла выснову: псіхалагічна дзецям нашмат прасцей на конкурсах, калі побач знаёмы, сябар, таварыш. Таму стараюся рыхтаваць да кожнага спаборніцтва максімальную колькасць выхаванцаў.

З намі заўсёды бацькі, з якімі існуе дакладная дамоўленасць: яны не чуюць памылак і толькі падтрымліваюць. Для дзіцяці няма нічога больш важнага, чым бачыць шчаслівыя вочы самых блізкіх людзей — мамы, таты, што прыйшлі падбадзёрыць яго ў зале. Усё роўна, якое месца будзе. Важна, што вучань змог пераадолець нялёгкі шлях падрыхтоўкі, справіўся з хваляваннем, сабраўся і выступіў на сцэне.

— У летку вам прысуджана ўзнагарода “За уклад у выхаванне таленавітай моладзі” спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Што значыць такое прызнанне?

— Гэта гонар і адказнасць. Але не адчуваю узнагароду як асабістую — яна па праве належыць усяму калектыву, усёй нашай вялікай камандзе.

У першую чаргу ўдзячная адміністрацыі школы — дырэктару Ірыне Уладзіміраўне Пякарскай, — завучам Алесі Аляксееўне Берднікавай і Ірыне Генадзьеўне Аўдзевіч. Яны па-сапраўднаму натхняюць і вераць у нас.

Дзякуй дарагім калегам — тым, хто шчыра радуецца поспехам, хто заўсёды гатовы падставіць плячо і падтрымаць нават самую смелую ідэю. У нашым калектыве пануе дзіўная атмасфера творчасці і ўзаемадапамогі, і гэта захапляе штодня.

Такія дасягненні былі б немагчымыя без выбітнага канцэртмайстра — Кацярыны Уладзіміраўны Бухенка. Таленавітыя выхаванкі — Вераніка Сінькоўская, Аляксавдра Смірнова і Эмілія Ціханава—удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта. I ў гэтым заслуга Кацярыны Уладзіміраўны. Вельмі цаню яе за высокае майстэрства і сталую дапамогу.

Удзячная за старанні і маім выдатным вучням. Яны для мяне любімыя дзеці. Асобная павага бацькам — нашай надзейнай апоры, тым, хто заўсёды побач. Разам мы робім адну вялікую справу — выхоўваем любоў да мастацтва, мэтанакіраванасць і працавітасць.

I, вядома, чалавек, якому аба-вязана, — мой выкладчык Іраіда Аляксееўна Забелава. Для мя-не яна не толькі настаўнік, але і шчыры сябар, чыя парада заўжды слупіная, а падтрымка бязмеж-ная. Дзякуй, пгго вы ў нас ёсць!

Гэтую ўзнагароду ўспрьмаю як агульную — як наша агульнае дасягненне, нашу агульную ра-дасць.

— А якая з перамог выхаванцаў для вас самая значная і чаму?

— I перамогі, і паражэнні адно-лькава важныя ў развіцці асобы. Немагчыма выгадаваць выдатных музыкантаў, абапіраючыся толькі на поспех. Часам мусіць быць пераасэнсаванне, аналіз таго, што не атрымалася. Варта правільна сфарміраваць стаўленне да любой сітуацыі, вынесці патрэбны ўрок, разгледзець няўдачу як вопыт, як крок на шляху да новых вяршынь.

Сярод вучняў ёсць пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. I я ганаруся кожным. Але яшчэ больш ганаруся здольнасцю годна прымаць любы вынік, рабіць высновы і ісці далей. Менавіта гэтыя якасці — устойлівасць, мудрасць, уменне бачыць у розных сітуацыях магчымасць для росту — імкнуся выхаваць. Бо сапраўдны артыст не той, хто ніколі не памыляецца, а той, хто ператварае памылкі ў ступені да майстэрства.

Таму кожны этап — яркая перамога ці не зусім удалае выкананне — аднолькава каштоўны, усё гэта часткі вялікага шляху, які мы праходзім разам.

— Ці памянялася нешта ў дзецях за гады паміж вашым вучнёўствам і настаўніцтвам?

— Цяперашнія дзеці — больш інфармаваныя і патрабавальныя да сябе, больш смелыя, упэўненыя і яркія. Яны не баяцца агучваць сваё меркаванне, спрачацца, прапаноўваць, шукаць уласны шлях у музыцы. Сучаснае пакаленне адкрыта кажа пра пачуцці, што вельмі цешыць. Інтэрнэт даў доступ да творчасці найлепшых музыкантаў планеты — можна ўбачыць, пачуць, раўняцца на самыя высокія стандарты. У тым вялікі плюс: ёсць арыенцір. Але адваротны бок — расце ўнутраны ціск. Хочацца бьщь не горшым, а гэта сур’ёзны стрэс.

Канкурэнцыя сёння каласальная, патрабаванні вельмі значныя. Але заўважаю, што мае выхаванды становяцца мацнейшымі духам. Яны вучацца спраўляцца з хваляваннем, вытрымліваць нагрузку, не пасаваць перад цяжкасцямі. Тут дапамагае наш падыход: смела ўдзельнічаем у розных праектах, не баімся пакідаць зону камфорту. Менавіта гэта дае той самы досвед, які потым выручае на любых конкурсах.

Галоўная задача — навучыць дзяцей не баяцца сцэны, атрымліваць ад яе задавальненне. Каб выступление было не выпрабаваннем, а святам. Каб яны адчувалі сябе не тымі, каго ацэньваюць, а тымі, хто дорыць радасць.

— Не сакрэт, што домра — інструмент спрадвечна народны. Як вам удаецца зрабіць яго гучанне актуальным для моладзі XXI стагоддзя?

— Цікавасць да класікі не згасае. Нашы дзеці настолькі рознабакова развіваюцца, што з задавальненнем і з вялікай павагай выконваюць музыку розных эпох. На домры можна іграць творы самых размаітых стыляў, і гэта дае агромністую прастору. Эксперыментуем, шукаем новыя тэмбры, раскрываем усё новыя гучанні, паказваючы, што інструмент мае бязмежныя магчымасці.

Багата ўвагі ўдзяляем і беларускай музыцы. Для мяне гэта асабліва істотна: выконваем апрацоўкі народных песень, сачыненні сучасных айчынных аўтараў. Калі дзіця іграе музыку свайго народа, то адчувае яе глыбей, прапускае праз сябе. Гэта нашы карані, наша культура, наша ідэнтычнасць.

А яшчэ свет не стаіць на месцы — змяняецца і сам інструмент. Сёння існуе сучасная версія класічнай домры — яе электраварыянт. Сапраўдны прарыў! Электрадомра адкрывае новыя гарызонты: яна дазваляе сінтэзаваць цікавы, незвычайны гук, ствараць неверагодныя тэмбральныя эфекты, эксперыментаваць, робячы інструмент больш папулярным і прывабным для шырокай аўдыторыі. З выхаванцамі з задавальненнем асвойваем свежыя магчымасці, таму што ўпэўнены: у домры вялізная будучыня, і яна толькі пачьшаецца.

— Улічваючы цяперашнюю ўзнагароду, якія планы намячаеце на гэты навучальны год?

— Часам здаецца, што мая праца зусім асаблівая. У сацыяльных сетках, можа, пішу пафасна, але вельмі падабаецца выраз “запальваем зоркі”. I я сапраўды так адчуваю. Кожнае дзіця, якое адчыняе дзверы класа, для мяне новая зорачка. Задача — дапамагчы ёй заззяць, зрабіць яё яркай, адкрыць унікальнае святло, непаўторнае гучанне.

Планаў шмат: працягваць працаваць над рэпертуарам, шукаць цікавыя праграмы, рыхтаваць выхаванцаў да праектаў самага высокага ўзроўню. Хочацца, каб дзеці выступалі на вялікіх міжнародных пляцоўках і годна прадстаўлялі нашу краіну.

Галоўная мэта, калі казаць коратка, — запаліць як мага больш зорак. Каб кожны мой вучань, выходзячы на сцэну, адчуваў сябе не проста выканаўцам, а асобай, якая мае свой голас, гісторыю, святло. Шчаслівая, што магу быць побач з імі ў гэтай дзіўнай вандроўцы.

Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ