Пара-пара-парадуемся — пакахаемся

Бунцэвіч, Н. Пара-пара-парадуемся — пакахаемся / Надзея Бунцэвіч // Культура. — 2026. — 11 верасня (№ 37). — С. 11.

Магілёўскі абласны драматычны тэатр адкрыў сезон 10 верасня летняй прэм’ерай — “Час кахання”. Следам прайшлі паказы папярэдняй — “Тры мушкецёры”, што ўпершыню прэзентаваліся да 138-га дня нараджэння творчай установы. Дзве прынцыпова розныя а-ля камедыі — і безліч настальгічных разважанняў.

МІЛЭДЗІ З 10 “А”

Рэжысёр Ігар Казакоў ніколі не спецыялізаваўся на рыцарах плашча і шпагі — наадварот, імкнуўся да глыбока трагічных тэкстаў, пераасэнсоўваючы іх у кідка іранічнай, часам гратэскавай манеры постмадэрну са смелым развенчваннем стэрэатыпаў бязмежным морам гумару. I раптам бэстсэлер Аляксандра Дзюма? Але ж твор з бясконцым шлейфам прыгодніцкіх экранізацый і сцэнічных увасабленняў паўстаў тут пазнавальна непазнавальным.

Пазнавальны каркас сюжэта з дастаўкай падвесак каралевы Ганны. Адразу пазнавальны рэжысёрскі почырк, вядомы па “Пікавай даме” на той жа драматычнай сцэне, шматлікіх спектаклях у Магілёўскім абласным тэатры лялек, у шэрагу расійскіх калектываў, дзе казакоўская “Зойкіна кватэра” ў Екацярынбургу атрымала найпрэстыжную “Залатую Маску” як найлепшы спектакль. Непазнавальныя ж “рамка” для вядомых перыпетый, іх “начынне”, выкладанне, сутнасць. Бо гісторыі мушкецёраў становіцца ўспамінамі нейкага кіраўніка “Зелянбуду” пра сваё школьнае сяброўства, дзе была і Мілэдзі ў 10 “А”, рамантычная прыказка “адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. Сталы распаўнелы мужчына зноў адчувае сябе Д’Артаньянам (Аляксей Цыбін) і распавядае пра гэта падначаленым, калі тыя зграбаюць восеньскае лісце — не пажухлае, пацямнелае ад дажджоў настальгіі, а яркае ды вясёлае. У фінале “зелянбудаўцы”, скінуўшы адзенне мушкецёраў, сыходзяць хто куды. Партос (Аляксандр Зянькоў) збіраецца ўладкавацца ў службу дастаўкі, Атос (Захар Чарнецкі) — працаваць ахоўнікам. Араміс (Уладзіслаў Страхаў) — стаць барыста. А Д’Артаньян? Яго фраза: “Я тут застануся, тут” — прачытваецца як сыход у мастацтва, у паралельную рэальнасць, што можа выратаваць ад цяжкасцяў жыцця. Дазволіць удосталь пасмяяцца — і задумацца.

Спектакль менавіта пра супрацьстаўленне складаных жыццёвых рэалій, побытавых праблем — і свету мастацтва-дзяцінства-юнацтва. Бо творцам (хай не па прафесй, а толькі ў душы) становіцца той, хто не страчвае з узростам празорлівых фантазій дзіцячага светаўспрымання. Таму веласіпед уяўляецца верным канём. Крыналін ператвараецца ў клетку для Ганны (Марыя Рудакова) і яе фрэйлін. Кардынал (Аляксандр Куляшоў) танцуе ў стылі contemporary, агаляючы душу. Катаецца на крэсле, бы на самакаце. Толькі яно раптам становіцца гільяцінай, узнімаючы тэмы ўлады, смерці. А яго “доўгія рукі”, пра якія гавораць навокал, паўстаюць вялізнымі далонямі ў выглядзе роставых лялек і захопліваюць напужанага Банасье (Вадзім Арціменя). Дарэчы, такая гульня маштабамі, што часцяком ужываецца ў лялечным мастацтве, — таксама прыкмета дзяцінства з яго казачнасцю і неверагоднымі пераўтварэннямі.

Лялек у спектаклі — мноства, самых розных (мастак — вядомая сваёй крэатыўнасню Кацярына Шымановіч). Наверсе збудавання — гэткай паваротнай “сцэны на сцэне” — квартэт смешных механічных музыкантаў, што раз-пораз наярваюць запальную музыку Леаніда Паўлёнка ў працяг традыцый Горана Брэгавіча. Кароль Людовік (Аляксандр Палішчук) — з вялізнай галавой, якую то здымае, то надзявае нанова. Дэ Трэвіль (Дзмітрый Дудкевіч) — адразу са знятай, трымае яе ў руцэ, бы мапет-ляльку. Мілэдзі (Алена Крыванос) тройчы страчвае сваю цацачную галаву ў час пакарання, каб застацца са сваёй. Фокус-покус! Мушкецёры, апроч жывога плана, паўстаюць крэсламі з дададзеным скульптурным верхам. Чакаючы прысуду, становяцца маленькімі фігуркамі, што вылазяць з падполля. Мяккія лялькі ў чалавечы рост замяняюць гвардзейцаў, каб з тымі можна было змагацца ўсур’ёз, ды без аніякіх пашкоджанняў. А падвескі то ззяюць на агромністым скульптурным бюсце, то хаваюцца ў фірменных пакетах буйных маркетплэйсаў.

Характары персанажаў пераасэнсаваныя. Канстанцыя (Вольга Мацюшко) добра валодае ўсходнімі адзінаборствамі. Бэкінгем (Максім Чарнюк) з доўгай ружовай шпагай — гэткі Казанова.

Мушкецёры — зусім не героі, бо дзейнічаюць з-пад палкі. А жанр спектакля — “пара-пара-пара ў дзвюх дзеях” — спасылка на савецкі фільм з Міхаілам Баярскім і хітовую песню-лейгматыў Максіма Дунаеўскага.

НАЗАД У СССР

“Час кахання” Валянціна Катаева паставіла расійская каманда на чале з рэжысёрам Надзеяй Новікавай у рамках міжнароднага супрацоўніцгва з краінай-суседкай і пры яе падгрымцы.

Тая ж паваротная сцэна, што дазваляе рабіць хуткія перамяшчэнні ў часе і месцы дзеяння, часткова — тыя ж артысты. А быццам зусім іншы тэатр! Звыклы, а не сусветнага ўзроўню, што акрэслівае новыя мастацкія далягляды.

Кожная сцэна суправаджаецца плакатамі-заклікамі савецкіх часоў: “Цані працоўную хвіліну”, “Слава савецкай жанчыне!” і інш. Заяўленая лірычная камедыя насамрэч аказваецца іранічнай пародыяй на псеўдапачуццёвыя жарсці. Героі не ўмеюць нармальна размаўляць адно з адным і дамаўляцца.

Яны наўмысна нягеглыя, быццам штучна лялечныя, падпарадкаваныя не жывым памкненням сэрца, а “выкананню плана”, куды нечакана ўваходзіць і неабходнасць жаніцьбы напярэдадні замежнай камандзіроўкі. Афрыка пададзена праз карнавал жывёл, як на дзіцячым ранішніку. Ігар-хірург (Захар Чарнецкі) — са здзіўлена-разгубленым тварам, бы ў першакласніка, якому прапаноўваюць задачку з вышэйшай матэматыкі. Інгрыд Стуул (Алена Камянкова) размаўляе з падкрэсленым акцэнтам. Вольга Агароднікава (Марыя Рудакова) — на трасянцы. Але перамагаюць каханне і савецкія песні-танцы. Глядач — задаволены. Што яшчэ трэба?

Надзея БУНЦЭВІЧ