Зорка зямлi магiлёўскай

Якубоўскi, У. Зорка зямлi магiлёўскай / Уладзiмiр Якубоўскi // Магілёўскія ведамасці. — 2003. — 23 декабря. — С. 5.

Значнай культурной з’явай у грамадскім жыцці Магілёва сталі сустрэчы ў творчай гасцёўні «Віленскі тракт», якая дзейнічае пры падтрымцы шэрагу грамадскіх суполак. Героем чарговай з іх, што адбылася 11 снежня ў абласной бібліятэцы, быў вядомы на Магілёўшчыне тэатральны рэжысёр і грамадскі дзеяч, зас­лужены работнік культуры Беларусі Валянцін Ермаловіч.

А калі дакладней, то ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў акцыі было некалькі пакаленняў шматлікай сям’і Ермаловічаў. Гэта бацькі, іх чацвёра дзяцей, сярод якіх, акрамя Валянціна Іванавіча, быў таксама вядомы беларускі гісторык і асветнік Мікола Ермаловіч. Гэта, нарэшце, дзеці дзяцей і ўнукі, кожны з якіх пэўным чынам працягвае культурныя традыцыі сваіх продкаў.

Аб гэтым у творчай гасцёўні шмат расказвалі сябры, паплечнікі, вучні Валянціна Ермаловіча, яго сын Вячаслаў. Адным словам, аднадумцы. Гэта кандыдаты гістарычных навук Аляксандр Агееў і Ігар Пушкін, кандыдат філалагічных навук Яраслаў Клімуць і іншыя.

Але галоўным апавядальнікам у гэты вечар быў, вядома ж, сам Валянцін Іванавіч. Што зведаў сялянскі хлапчук з хутара з-пад Дзяржынска, калі ў 1937 годзе па ілжываму даносу забралі бацьку, які згінуў у нетрах сталінскага Гу­лага? А ў час страшэннай фашыс­цкай навалы ен стаў адважным партызанскім сувязным. Пасля вызвалення — радавы 609 палка 139 Рослаўскай стралковай дывізіі. Баі, раненні, кантузіі… I сумнае паведамленне ў родную хату, што «паў смерцю храбрых» каля хута­ра Чары пад Ломжай у Польшчы.

Ды пэўна, тыя Чары былі сапраўднымі, бо выжыў салдат. Выжыў і здзейсніў дзіцячую мару — скончыў тэатральны інстытут і стаў сапраўдным артыстам. Спачатку ў Пінску, а потым у Магілёве, дзе на сцэне драматычнага тэат-ра выканаў дзесяткі складаных роляў.

I ўдзельнікі вечарыны адчулі сапраўдную асалоду ад сустрэчы з вялікім мастацтвам. Некуды знік цяжар 78 гадоў, калі Валянцін Ермаловіч натхнёна чытаў вершы Аляксея Пысіна «Франтавыя дарогі», Янкі Купалы «Годзе». Трэба было бачыць, з якім захапленнем слухала моладзь урывак з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля».

Былі ў жыцці Валянціна Ермаловіча і 29 гадоў настаўніцкай працы ў Магілёўскім культасветвучылішчы. Многія сотні ўдзячных вучняў, якім перадаўсваю
любоўдапрафесіі… I гапоўная справа жыцця — кіраўніцтва самадзейнымі творчымі калектывамі. Валянцін Іванавіч стварыў ці вярнуў да жыцця пяць самадзейных тэатраў, з іх чатыром прысвоена ганаровае званне народнага. Дзесяткі спектакляў, шмат якія з іх упершыню ўбачылі жыццё дзякуючы Ермаловічу. За дзесяцігадовае плённае кіраўніцтва Краснапольскім народ­ным тэатрам у 1988 годзе яму прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусі.

I пры ўсім тым Ермаловіч заўсёды заставаўся грамадскім дзеячом, актыўным рупліўцам на ніве беларускай культуры. Цяжка пераацаніць ягоны уклад у выхаванне павагі да беларускай мовы.

I зараз, нягледзячы на гады і стан здароў’я, Валянцін Ермаловіч поўны творчых задум. У тэатра «Валянцін», якім ён Kipve, ужо больш года няма пастаяннай сцэны — гарадскі цэнтр куль­туры працяглы час рамантуецца. А Ермаловіч марыць зрабіць дэкаду беларускіх спектакляў, прысвечаных 10-годдзю тэатра.

… А у заключэнне сустрэчы ў творчай гасцёўні артысты тэат­ра «Валянцін» паказалі ўрывак са спектакля «Хто смяецца апошнім», які быў пастаўлены Валянцінам Іванавічам па п’есе Кандрата Крапівы.