На шляху да павышэння якасцi адукацыi

  Дзёмiна, А. На шляху да павышэння якасцi адукацыi : [настаўнiкi пачатковай адукацыi СШ № 4] / Алена Дзёмiна // Настаўніцкая газета. — 2016. — 23 жнiўня. — С. 5.

Галоўнае, як лічаць нашы настаўнікі, зрабіць так, каб у школе было цікава дзецям і бацькам, а настаўнікам хацелася б творча працаваць, атрымліваючы задавальненне ад сваёй дзейнасці. Мы імкнёмся да таго, каб кожны дзень, чвэрць, навучальны год былі напоўнены новымі адукацыйнымі формамі, зместам і вынікамі.

Вялікая роля ў павышэнні якасці адукацыі, фарміраванні асобы належыць настаўнікам пачатковых кпасаў. Педагагічны калектыў настаўнікаў пачатковых кпасаў нашай школы мае даволі высокі ўзровень навукова-тэарэтычнай і метадычнай падрыхтоўкі. Дзве настаўніцы Таццяна Саланец і Алена Дзёміна з’яўляюцца кіраўнікамі раённых метадычных фарміраванняў.

Метадычная работа з педагагічнымі кадрамі будуецца на дыягнастычнай аснове з улікам задач школы і накіравана на рэалізацыю абноўленага зместу адукацыі ў пачатковых класах. На пасяджэннях метадаб’яднанняў разглядаюцца актуальныя праблемы вучэбна-выхаваўчага працэсу, укаранення сучасных здароўезберагальных і інфармацыйных тэхналогій навучання.

У цяперашні час адным з істотных кампанентаў адукацыйнай дзейнасці любой навучальнай установы з’яўляецца інавацыйная дзейнасць. I гэта невыпадкова. Менавіта ўкараненне інавацый стварае аснову для канкурэнтаздольнасці той ці іншай установы на рынку адукацыйных паслуг, вызначае напрамкі прафесійнага росту педагога, яготворчага пошуку, рэальна спрыяе асабістаму росту выхаванцаў. Пад інавацыямі ў адукацыі мы разумеем працэс удасканалення педагагічных методык, прыёмаў і сродкаў навучання, таму імкнёмся да таго, каб нашы інавацыі ўплывалі на фарміраванне ўпэўненасці маленькага чалавека ў сабе і сваіх сілах.

Апошнія гады ў Беларусі даволі шырокае прымяненне атрымала адукацыйная тэхналогія “Крок за крокам”. Настаўніцы пачатковых класаў Таццяна Саланец, Алена Дзёміна яшчэ ў 90-я гады падхапілі гэтую ідэю і паспяхова адаптавалі яе да беларускай школы. Тэхналогія дазволіла павысіць якасць ведаў выпускнікоў на выхадзе са школы. На базе нашай установы праходзілі і праходзяць абласныя семінары па арганізацыі сучаснага ўрока ў класах, якія працуюць з выкарыстаннем элементаў гэтай тэхналогіі.

Ды і ў цэлым настаўніцы Таццяна Мірановіч, Марыя Растова, Таццяна Саланец, Алена Дзёміна, Галіна Барадзінская працуюць творча, шмат увагі ўдзяляюць усвядомленаму засваенню дзецьмі вучэбнага матэрыялу, мэтанакіравана фарміруюць агульнавучэбныя ўменні і навыкі, умеюць ствараць і падтрымліваць добры мікраклімат на ўроку, выкарыстоўваючы ў сваёй рабоце сучасныя падыходы выхавання і навучання, тэхналогію калектыўнага ўзаемадзеяння.

Святлана Соладава і Наталля Сяргутка прымяняюць у 1 класе методыку М.А.Зайцава, якая дапамагае дзецям вучыцца, гуляючы, спрыяе ранняму навучанню чытанню і матэматыцы. Настаўніцы Марына Супрына і Ірына Нікалаева ў сваёй рабоце выкарыстоўваюць методыку арганізацыі групавой дзейнасці. Даволі актыўна ў сваёй рабоце многія педагогі прымяняюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэх-налогіі.

Выкарыстанне IКТ настаўніцамі пачатковай школы Святланай Соладавай, Аленай Дзёмінай і Таццянай Саланец дазваляе рабіць заняткі больш эфектыўнымі, актывізаваць у навучэнцаў матывацыю да навучання, прымяняць метады педагогікі супрацоўніцтва і асобасна арыентаванага навучання.

Пачатковая школа з’яўляецца складовай часткай усёй сістэмы бесперапыннай адукацыі. Адна з галоўных яе задач — закласці патэнцыял узбагачанага развіцця асобы дзіцяці. Настаўнікі пачатковых класаў нашай школы аб’ядналіся ў групу па тэме “Інавацыйныя тэхналогіі ў пачатковай школе”. Галоўная мэта дзейнасці педагогаў — выхаванне маральна-прававой, эмацыянальна-эстэтычнай, інтэлектуальна-інфармацыйнай і камунікатыўнай культуры, а таксама культуры здароўя малодшага школьніка.

Прызнаннем педагагічнага майстэрства нашых настаўнікаў з’яўляецца той факт, што іх выбралі кіраўнікамі раённых метадычных аб’яднанняў. Педагогі папулярызуюць свой вопыт, праводзячы майстар-класы і выступаючы на розных мерапрыемствах. Пра тое, што наш калектыў пачатковай школы цікавы іншым, адкрыты І гатовы да супрацоўніцтва, гаворыць і тое, што на базе нашай установы перыядычна праходзяць абласныя, гарадскія i раённыя семінары.