Яе ўзнагарода — іх удзячнасць

   Сiнькевiч, Г. Яе ўзнагарода — іх удзячнасць : [настаўнiца матэматыкi СШ № 22 Магiлёва Т. Лацапнёва] / Ганна Сiнькевiч // Настаўніцкая газета. — 2016. — 30 жнiўня. — С. 1.

У педагогіку прыходзяць па-рознаму. Адны працягваюць сямейную дынастыю, другія прыслухоўваюцца да чыёй-небудзь парады, а некаторых натхняе прыклад школьных настаўнікаў. У жыцці настаўніцы матэматыкі сярэдняй школы № 22 Магілёва Таццяны Лацапнёвай так і выйшла. Яшчэ ў дзяцінстве яна вырашыла: у будучыні абавязкова будзе настаўнічаць.

Лацапнёва-МагілёўНа гэтае дзіцячае безапеляцыйнае рашэнне паўплывалі школьныя педагогі: Юлія Гаўрылаўна Бобрыкава, Антаніна Раманаўна Скобелева, Марыя Іванаўна Данілевіч, Ганна Антонаўна Пракоф’ева.

— Гэта былі цудоўныя настаўніцы. Гледзячы на іх, немагчыма было не пранікнуцца педагагічнай працай. Іх імёны я пранесла праз усю сваю педагагічную дзейнасць, а іх методыкі навучання назаўсёды засталіся для мяне прафесійным узорам, — расказвае Таццяна Рыгораўна.

Сёння за яе плячыма трыццаць пяць гадоў выкладання школьнікам матэматыкі, хаця ў юнацтве Таццяна Рыгораўна Лацапнёва імкнулася атрымаць педагагічную спецыяльнасць іншага профілю.

— Матэматыка ўварвалася ў маё жыццё выпадкова. Я марыла стаць настаўніцай пачатковых класаў. З гэтай марай і прыйшла ў цяперашні Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова. Аднак склалася так, што я трапіла на фізіка-матэматычны факультэт, — успамінае настаўніца.

Тая выпадковасць стала для Таццяны Рыгораўны шчаслівай, бо аказалася, што вывучаць матэматыку вельмі цікава, а яшчэ цікавей дапамагаць у спазнанні яе таямніц вучням.

— Многія дзеці ставяцца да матэматыкі крыху прадузята. Яны лічаць гэты прадмет складаным і ўпэўнены, што ім ён дакладна не па плячы. На сваіх уроках я імкнуся пераканаць вучняў у адваротным, — адзначае Таццяна Рыгораўна Лацапнёва.

Калі гаварыць больш канкрэтна, то на сваіх занятках настаўніца стараецца навучыць дзяцей разумець матэматыку. Цікавасць да прадмета нараджаецца тады, калі вучань разумее, што і з якой мэтай ён робіць, таму ўрокі ў Таццяны Рыгораўны насычаны рознымі методыкамі і падыходамі, якія спрыяюць развіццю ў вучняў абстрактнага і лагічнага мыслення. Заняткі ў гэтай настаўніцы рэдка праходзяць у форме маналогу. Гэта часцей за ўсё гутаркі, дыялогі, падчас якіх навучэнцы з дапамогай настаўніцы не проста засвойваюць новы вучэбны матэрыял, але і вучацца аналізаваць, праяўляць ініцыятыву, адстойваць сваю пазіцыю і рабіць уласныя адкрыцці.

— Бачыць вочы вучняў, якія блішчаць ад таго, што складаная на першы погляд тэма стала для іх простай і зразумелай, — мая лепшая ўзнагарода пасля заканчэння ўрока, — кажа Таццяна Рыгораўна.
Педагог таксама прытрымліваецца меркавання аб неабходнасці развіцця ў вучняў умення вучыцца самастойна. Таццяна Рыгораўна Лацапнёва матывуе навучэнцаў да самаадукацыі не толькі з дапамогай адпаведных заданняў. Перыядычна яна праводзіць “самастойныя” ўрокі, да якіх дзеці рыхтуюцца самі. Такі падыход дае магчымасць кожнаму вучню вызначыць для сябе зразумелае і незразумелае ў новай тэме і, як вынік, хутчэй у ёй разабрацца. Наогул, Таццяна Рыгораўна стараецца даваць навучэнцам новы вучэбны матэрыял дазіравана і з апярэджаннем на крок наперад. Гэты прыём не дазваляе сумаваць на ўроку здольным дзецям, а таксама спрыяе лепшаму засваенню матэрыялу сярэднімі вучнямі. Немалаважным настаўніца лічыць і практыкаарыентаванасць заняткаў.

— Асобныя вучні ўпэўнены ў тым, што матэматыка наўрад ці ім дзесьці спатрэбіцца. Адсюль нараджаецца прадузятасць да прадмета. Пераканаць у адваротным можна, толькі паказаўшы дзецям, дзе матэматыка сустракаецца ў жыцці. У сувязі з гэтым сумесна з навучэнцамі мы часта разважаем над тым, як можна прымяніць атрыманыя на ўроку веды ў рэальнасці, — адзначае Таццяна Рыгораўна Лацапнёва.

Паводле яе слоў, павышэнню цікавасці дзяцей да матэматыкі спрыяюць і прафесійна складзеныя падручнікі. Большасцю вучэбных дапаможнікаў настаўніца задаволена: зразумелае, лаканічнае, канкрэтнае выкладанне тэорыі, вялікая колькасць аднатыпных задач, заданняў-трэнажораў. Аднак педагог лічыць, што не ўсе падручнікі сёння з’яўляюцца такімі. У некаторых дапаможніках матэрыял даецца не зусім зразумелай для сярэдняга вучня мовай, яшчэ адным іх мінусам з’яўляецца няўзгодненасць з матэрыялам, які вывучаецца па сумежных прадметах. Аўтарам і складальнікам варта задумацца над гэтым.

У сваёй педагагічнай дзейнасці Таццяна Рыгораўна асаблівую ўвагу ўдзяляе рабоце са здольнымі навучэнцамі. З адоранымі вучнямі яна шмат займаецца ў індывідуальным парадку. Упор робіць на дасканалае вывучэнне тэм непасрэдна школьнай праграмы, бо для далейшага развіцця неабходна дакладна ведаць менавіта гэты базавы матэрыял. Займаючыся з таленавітымі вучнямі, Таццяна Рыгораўна Лацапнёва падтрымлівае іх ва ўсім, нават у моманты памылак і промахаў. На яе думку, дакараць можна толькі за ляноту, а за памылку — ні ў якім разе, бо яе ўсведамленне дазваляе стаць лепшым. У пацвярджэнне гэтага настаўніца расказала гісторыю пра свайго адоранага вучня Алега Мацвеева. Здольны хлопчык ужо з шостага класа паспяхова ўдзельнічаў у алімпіядным руху. У восьмым класе стаў прызёрам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. А ў дзявятым нечакана для ўсіх не прабіўся ў тройку лідараў гарадскога тура. Промах дапамагла ліквідаваць Таццяна Рыгораўна.

— Разам мы правялі своеасаблівую работу над памылкамі, узмоцнена займаліся, і вынік атрымаўся адпаведным. Алег стаў абсалютным пераможцам на абласным этапе, а пасля — зноў увайшоў у лік прызёраў на рэспубліканскім туры. Промахі і памылкі здараюцца ў жыцці кожнага, важна здолець іх выправіць. Тут важная падтрымка блізкіх і, вядома, педагога, — падкрэслівае Таццяна Рыгораўна Лацапнёва.

Гэтая неардынарная настаўніца літаральна жыве школай. Штодзённыя заняткі, абавязкі класнага кіраўніка, выкладанне ў вячэрніх класах… Дзіўна, але Таццяна Рыгораўна не толькі паспяхова спраўляецца з гэтымі шматлікімі абавязкамі, але і паспявае знаходзіць свабодныя хвіліны для нефармальных зносін з вучнямі, у прыватнасці са сваімі падапечнымі, навучэнцамі профільнага транспартнага класа. За гэтых выхаванцаў педагог адчувае асаблівую адказнасць, таму рознымі метадамі стараецца сфарміраваць у іх якасці дастойных грамадзян сваёй краіны.

І ў яе гэта добра атрымліваецца. Выпускнікі падтрымліваюць сувязь са сваёй настаўніцай. Таццяна Рыгораўна ведае: большасць з іх выраслі сумленнымі, прыстойнымі людзьмі, знайшлі сваё прафесійнае прызванне. Прыемна для яе таксама тое, што некаторыя вучні выбралі для сябе педагагічны шлях. Настаўніцы радасна чуць і словы падзякі ад сваіх пасталелых выпускнікоў. Менавіта такія моманты яна лічыць сваёй галоўнай педагагічнай узнагародай.