Мальчэўская, А. Прыгожая цётка Воля : [прэм’ера «Час СЭКАНД ХЭНД» на малой сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра] / А. Мальчэўская // Звязда. — 2015. — 11 лютага. — С. 6.
Для таго, каб дабрацца да месца ў зале, трэба ісці па сцэне. Чапляю нагой купку магнітафонных касет на падлозе — грымяць і разлятаюцца. Становіцца няёмка. Хочацца хутчэй сесці. Але заняць месца — не паратунак, а згода на перажыванне больш няёмкага і няўтульнага стану. Стану, калі ты разумееш пра сябе тое, што не вельмі хацела б разумець і ведаць. На малой сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра паказваюць «Час СЭКАНД ХЭНД», прэм’еру паводле аднайменнай кнігі Святланы Алексіевіч.
Чалавек як адзінка вымярэння
Рэжысёр Уладзімір Пятровіч дакладна адчувае інтанацыю аўтара і ўвасабляе яе сцэнічнымі сродкамі. Алексіевіч піша: «Мяне заўсёды вабіла вось гэта маленькая прастора — чалавек… адзін чалавек». І рэжысёр (ён жа і выканаўца першага маналогу) скарачае глыбіню малой сцэны літаральна да трох метраў. За спінай героя заднік з поліэтылену і чырвоны сцяг «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!», на іх час ад часу праецыруюцца фотаздымкі савецкай рэчаіснасці. Гледачы, што размясціліся ў трох шэрагах, знаходзяцца на адлегласці выцягнутай рукі. Тэорыя постдраматычнага тэатра вызначае: выкарыстанне такой прасторы, калі глядач знаходзіцца настолькі блізка, што заўважае, напрыклад, кропелькі поту на твары акцёра, яго рытм дыхання, пераўтварае тэатр, які перадае знакі, у тэатр сумесна перажываемых энергій. Такім сцэнаграфічным рашэннем Уладзімір Пятровіч выштурхоўвае маленькага чалавека ў маленькую прастору і прымушае нас не проста слухаць, а жыць разам з ім. Супраціўляцца ці падпарадкоўвацца той энергіі, што транслюе выканаўца, выпраменьваць сваю.
«Час СЭКАНД ХЭНД» — гэта дзве гісторыі. Маналог спачатку вайскоўца, потым бізнесмена, а пасля эмігранта, які з’ехаў з думкай, што жахі сталінскай эпохі мусяць некалі паўтарыцца; і гісторыя пра маці і дачку, што перажылі тэракт у маскоўскім метро.
Варта дадаць: рэжысёр працуе над тым, каб перавесці на сцэнічную мову яшчэ некалькі маналогаў і зрабіць спектакль-трансформер, састаўныя часткі якога могуць змяняцца. Такі прынцып часам выкарыстоўваюць, увасабляючы дакументальны матэрыял у тэатры. Тым больш што хор галасоў, зафіксаваны Святланай Алексіевіч куды больш паліфанічны за дзве прадстаўленыя гісторыі.
Тэатральны канец чырвонага чалавека
З’яўленне «Часу СЭКАНД ХЭНД» у беларускай тэатральнай прасторы мае важнае значэнне, бо з аднаго боку падтрымлівае дакументальную тэндэнцыю, якая актывізавалася ў апошнія гады на беларускай сцэне, а з іншага — свядома адыходзіць ад яе сучаснага кірунку развіцця (тэхнікі vеrbаtіm) і звяртаецца да значна больш ранніх формаў існавання дакументальнага тэатра, пераасэнсоўваючы іх. Галоўнае адрозненне «Часу СЭКАНД ХЭНД» ад vеrbаtіm у тым, што дакументальны тэкст не ствараўся спецыяльна для тэатра. Адпаведна акцёры не зафіксавалі маўленчую характарыстыку герояў (проста не мелі такой магчымасці, бо не сустракаліся з імі асабіста, не чулі дыктафонных запісаў), а прыдумалі сваю на падставе дакументальнага тэксту, запісанага Алексіевіч. Яшчэ адна адметнасць — выразны псіхалагізм: часам на сцэне акцёры даюць волю эмоцыям і, напрыклад, плачуць. У vеrbаtіm замест слёз проста прачыталі б рэмарку — плача. Дарэчы, Святлана Алексіевіч ніколі не пісала для тэатра, але, між тым, увесь яе «чырвоны» цыкл у той ці іншы час быў пастаўлены на беларускай сцэне: «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», а цяпер і «Час СЭКАНД ХЭНД».
Звяртае на сябе ўвагу лаканічная сцэнаграфія спектакля (ідэя афармлення — Іварс Новікс), што працуе як функцыянальна (поліэтыленавы заднік выступае ўдалым фонам для фотапраекцый, пераламляе і памнажае іх), так і сімвалічна. Той жа заднік, напрыклад, маці і дачка у фінале раздзіраюць на шматкі, нібы перашкоду на шляху адна да адной, чалавека да чалавека (у другой дзеі акцёры працуюць як перад празрыстым заднікам, так і за ім). Купы магнітафонных касет на сцэне атаясамліваюцца з запісамі чалавечых галасоў і гісторый. Маўляў, іх шмат, але генератар выпадковых лічбаў выбраў для вас вось гэтыя дзве. І адначасова гэта сувязь «Часу СЭКАНД ХЭНД» з папярэднімі даследаваннямі чырвонага чалавека, калі з памяці ўсплываюць аўтарскія «рэмаркі» з кніг Алексіевіч, якія сёння ўжо выглядаюць анахранізмам — «сотні запісаных касет», «мяняю касету ў магнітафоне».
Яшчэ адна асаблівасць пастаноўкі — гукавое афармленне. Два галасы ў спектаклі гучаць запісе, але з рознымі мэтамі. Адчуваючы імкненне аўтара у першую чаргу даць слова героям, выслухаць іх, Уладзімір Пятровіч пераўтварае гэты вобраз у голас, што гучыць некалькі разоў і коратка агучвае «аўтарскія рэмаркі». Другі персанаж «закадрам» — кат НКУС, які распавядае пра сваю колішнюю працу ў падрабязнасцях накшталт «кроў з рук мы выціралі аб уласныя валасы». Тут рэжысёр імкнецца максімальна аддаліць тэкст, да такой ступені, што нават пакідае найбольш уражлівым гледачам магчымасць сумнення («ці адбываліся гэтыя жахі на самай справе?») і падмацоўвае фразай з маналогу свайго героя, якому і давялося ўсё гэта выслухаць: «Можа хлусіў?»
Увогуле, рэжысёр больш парушае, чым падпарадкоўваецца законам сцэны, усталяваным сучасным артадаксальным дакументальным тэатрам, аднак гэта спрацоўвае на эфект узнікнення таго самага сумеснага пражывання энергій, пра якія гаварыла вышэй. Мы адчуваем, як баліць рэжысёру, мы заўважаем яго разгубленасць перад чалавекам, у якім, як аказалася, закладзены бясконцыя магчымасці рабіць дабро і зло. Мы самі застаемся ў разгубленасці…
Чалавек як скрыня Пандоры
Гэты фрагмент кнігі не ўвайшоў у спектакль (прымаючы пад увагу ідэю трансфармацыі, напішу: пакуль), але ён, на мой погляд, якраз і ўтрымлівае тую ідэю, што ў кожным сваім дакументальным даследаванні даводзіць да нас Святлана Алексіевіч.
Нехта з герояў узгадвае, як дзядзька Юра, што данёс на яго бацьку, пасля жыў па суседстве і дапамагаў адзінокай маці з дзецьмі рамантаваць плот, а прыгожая цётка Воля, якая так падабалася ў дзяцінстве і была такой харошай, данесла на свайго брата і перад смерцю казала, што шчырых людзей у 1937-м не было, але гэта быў вельмі шчаслівы для яе час: яна была прыгожай і яе кахалі. Герой падсумоўвае, што хімічна чыстага зла не існуе. Зло — гэта прыгожая цётка Воля побач.
Уладзімір Пятровіч імкнецца даследаваць гэтую бязмежную здольнасць чалавека ўтрымліваць унутры сябе злое і добрае. Дарэчы, папярэдняя работа рэжысёра на малой сцэне — п’еса Торстэна Бухштайнера «Норд-Ост» пра тэрарыстычны акт у маскоўскім тэатральным цэнтры — таксама прысвечана асэнсаванню гэтай здольнасці. Яна хвалюе Уладзіміра Пятровіча куды больш, чым тая ідэя, што вызначыла назву кнігі — «Час СЭКАНД ХЭНД» (ніхто не ведае, якім павінна быць жыццё пасля таго, як эксперымент з Hоmо Sоvеtісus завяршыўся, мы ўсе карыстаемся колішнім вопытам — вопытам сэканд хэнд). Пытанне «як жыць?» у спектаклі «Час СЭКАНД ХЭНД» канкрэтызуецца. Як жыць, калі побач з табой прыгожая цётка Воля? Як жыць, калі прыгожая цётка Воля — ты сам?..