«Гiсторыя не мае ўмоўнага ладу»

   Барысенка, М. «Гiсторыя не мае ўмоўнага ладу» : [гутарка з краязнаўцам М. Барысенка] / Мiкалай Барысенка ; гутарыла Iнеса Петрусевiч // Лiтаратура i мастацтва. — 2016. — 28 кастрычнiка. — С. 5.

Колькі мы ведаем, прыкладам, пра вайну? Возьмем Другую сусветную… Не ўсё, канечне, але вельмі шмат! Калі верыць Мікалаю Барысенку, то не вельмі. І нават не шмат… А верыць хочацца — пасля таго, як пагартаеш яго кнігі. Потым узнікае патрэба пачытаць. Уважліва. Сур’ёзна. Дакументалістыка — справа ўвогуле сур’ёзная. І ўрэшце ўзніклі пытанні. Такім чынам Мікалай Барысенка апынуўся госцем «ЛіМа» і маім суразмоўцам.

5_43_barysenka_na_prezentacyi_knizhki_nash_kray_mogilevskiy._magilyou_2016_g

— Мікалай Сяргеевіч, да кнігі, якая сёлета прынесла вам Нацыянальную літаратурную прэмію і, адпаведна, стала нагодай для размовы, мы звернемся абавязкова. Пазней. Бо ў вашым варыянце цяжка не зачапіцца за жыццёвыя перыпетыі самой асобы пісьменніка. Гісторык і марак, выхавацель цяжкіх падлеткаў і аператыўнік МУС… Дык што цяпер пераважае ў асобе Мікалая Барысенкі, дакладней, пісьменніка Барысенкі? Кім адчуваеце сябе сёння?

— Несумненна, пісьменнікам! Жыццёвы і прафесійны досвед, да якога я так доўга і настойліва імкнуўся, зрабіў сваю справу. Напэўна, гэта нармальна, калі тое, пра што пішаш, прайшло праз цябе. А пісаць трэба тады, калі… як кажуць гумарысты (не я — выбачайце!), перастаўляючы націск у гэтым слове, трываць ужо немагчыма!

Краязнаўства, з якога я пачаў свае пісьменніцкія вопыты, захапіла яшчэ падчас марскіх паходаў у юнацкія 1970-я гады. У далёкіх плаваннях штурманам на розных суднах марскога і рыбалавецкага флоту мне пашчасціла наведаць дзясяткі краін Еўропы, Азіі і Афрыкі. Рэйсы былі працяглымі, каля 6 месяцаў, а гэта давала добрыя магчымасці пад качку акіянскіх хваляў разважаць пра мітуслівасць і кароткасць жыцця наогул і пра далёкі, за тысячы міляў, родны край у прыватнасці. Радзіма цягнула да сябе, з цеплынёй і пяшчотай узгадваліся дэталі дзяцінства… Рачулка, лес, іншыя патаемныя куточкі, дзе адчуваў сябе хоць на кароткі міг, але шчаслівым… Усе гэтыя думкі паступова занатоўваў у тоўсты сшытак, які пільна захоўваў пад падушкай. Асобныя невялікія нататкі адсылаў у марскія выданні Калінінграда і магілёўскую прэсу. З гэтага ўсё і пачалося.

Потым былі гістарычны факультэт БДУ, школа і зноў краязнаўства, якое канчаткова вызначыла мой пісьменніцкі шлях як гісторыка, краязнаўцы і пошукавіка.

Ведаеце, калі дзесяцігоддзі займаешся навукова-папулярнай дакументалістыкай (а справа гэта вельмі цікавая), то паступова праца з дакументамі і іх каментарый пачынаюць надакучваць, хочацца зрабіць нешта больш мастацкае, рамантычна-патрыятычнае, але каб яно абавязкова адпавядала гістарычным фактам. Здзейсніць гэта іншым часам было вельмі няпроста: кавалак нязручнага, няёмкага гістарычнага факта і… мэтазгоднасць часу! Але, на шчасце, гісторыя не мае ўмоўнага ладу: як адбылося, так і засталося ў стагоддзях. Мне падаецца, што ў нашай краіне сёння гэта разумеюць.

На абраным шляху пісьменніка чакае і яшчэ адна не менш важная праблема — сутыкненне асабістага мастацкага падыходу да аб’ектыўнага асвятлення гістарычнай падзеі ці з’явы. Сёння асабліва цяжка гэта даецца сцэнарыстам і рэжысёрам мастацкіх фільмаў, у тым ліку і пра вайну.

А вайна суправаджала мяне па жыцці з самага дзяцінства, многія з нас гулялі ў «вайнушку» сапраўднай зброяй. Бо родам я з в. Удоўск Чавускага раёна, адтуль, дзе ў 1941-м праходзілі жорсткія баі па выхадзе з акружэння абаронцаў Магілёва. І шмат чаго ад тых баёў заставалася яшчэ ў 1960-я гады на палях і ў лясах. А калі ўлічыць, што вырас я адзін, без бацькі, з бабулей і дзядулем ( маці працавала па вярбоўках на цаліне і ў Сібіры, а бацька загінуў у надзвычайным здарэнні падчас вайсковай службы), то стане зразумелай мая зацікаўленасць ваенным пошукам і лёсам салдат, якіх пабілі тут у 41-м. Да таго ж, з васьмі братоў роднага дзеда Дзяніса шасцёра не вярнуліся з вайны. Такі трагічны лёс сям’і пастаянна будзіў разважанні, дзе не было месца абыякавасці і чэрствасці.

Не сакрэт, што лепшыя творы пра вайну стварылі пісьменнікі-празаікі — яе ўдзельнікі ці сведкі. Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Віктар Астаф’еў, Канстанцін Сіманаў, Мікалай Чаргінец — гэтыя імёны для мяне сёння арыенціры і прыклады таго, як важна акуратна, трапятліва і ўважліва ставіцца да фактаў ваеннай гісторыі. І калі ў Магілёве ці з Мінска журналісты, рэдактары тэлебачання ці сцэнарысты звяртаюцца па экспертную ацэнку той ці іншай ваеннай падзеі, а потым на сумневы апанентаў адказваюць: «Матэрыял глядзеў Барысенка!», то для мяне гэта найвышэйшая адзнака маёй творчай дакументальнай дзейнасці.

— Калі знаёмішся з вашай творчасцю, узнікае вобраз брутальнага, я б сказала, пісьменніка ў сэнсе яе тэматычнага напрамку. Мужнасць. Подзвіг. Вайна. Прычым вайна ў самыя драматычныя ці трагічныя моманты. А яшчэ — памяць. Пераемнасць пакаленняў… Чаму — менавіта ўсё гэта? Грамадзянская пазіцыя? Генетычная памяць?.. Ці нешта іншае?

— Напэўна, усё разам. Справа ў тым, што акрамя пісьменніцкай дзейнасці я займаюся яшчэ і пошукавай працай з моладдзю — практычна па ўсіх войнах, што пракаціліся па Усходняй Беларусі: Паўночная вайна, вайна 1812 года, Першая і Другая сусветныя войны… У 1994 годзе мы стварылі Магілёўскі гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб “Віккру” і з таго часу дапамагаем родным і блізкім загінуўшых высветліць лёс салдат, што прапалі без вестак, вяртаем гісторыі невядомыя старонкі тых падзей. А іх незлічонае мноства, нягледзячы на тысячы спецыялізаваных фаліянтаў і фільмаў, зробленых у савецкія гады. Я б нават сказаў, што аб’ектыўна пра апошнія дзве сусветныя вайны ў грамадстве больш невядома, чым вядома…

Значны час забірае якраз гэтая праца ў арганізацыі, якой я кірую ўжо 22 гады. Як можна зацікавіць больш як сотню членаў клуба ў неабходнасці такой патрыятычнай дзейнасці без паказу мужнасці і подзвігу на вайне, грамадзянскай пазіцыі і пераемнасці пакаленняў? Да таго ж, сярод нашых членаў — студэнты і гісторыкі, пісьменнікі і навукоўцы, педагогі і краязнаўцы… Вось такі своеасаблівы, лічу, вельмі адукаваны, інтэлігентны пласт грамадства Магілёўшчыны, аб’яднаны патрыятычнай ідэяй. Сярод найбольш актыўных і вядомых — Ігар Марзалюк, Сяргей Бяспанскі, Аляксандр Косцераў, Святлана Хадоркіна, Міхаіл Шымукенус, Уладзімір Якубоўскі ды іншыя. Арганізацыя стала сапраўднай навуковай лабараторыяй па даследаванні вайны і краязнаўства на ўсходзе Беларусі. Менавіта так на справе мы правяраем архіўныя напрацоўкі з прывязкай іх да мясцовасці. А робіцца гэта падчас пошукавых экспедыцый, у школьных музеях, сустрэч са старажыламі і сведкамі падзей. Для творчага чалавека гэтую крыніцу інфармацыі цяжка пераацаніць, і невыпадкова на такіх матэрыялах пабудаваны практычна ўсе мае творы. Працаваць з аднадумцамі адначасова і лёгка, і цяжка, бо пастаянна трэба адпавядаць іх высокім патрабаванням і ўзроўню ведаў. Калі гэтага не будзе, паміж лідарам і калегамі-аднадумцамі ўзнікае бездань, асабліва калі ўлічыць, што кожны тут займаецца сваёй працай добраахвотна, без прымусу і аплаты, у адрозненне ад некаторых «саюзаў і арганізацый», якія пазіцыянуюць сябе як грамадскія, а самі сядзяць на бюджэце.

Дзякуючы падтрымцы абласных улад (я назваў бы імёны Валерыя Малашкі, Андрэя Кунцэвіча, Алега Пішчанкі, Алега Стальмашка і Леаніда Мінава), мы працягваем выключна на грамадскіх пачатках выхоўваць моладзь і служыць на карысць Беларусі. Пэўную дапамогу аказвае і расійскі бок. Кніга, пра якую ідзе размова, выйшла пры фінансавай падтрымцы расійскага пасольства.

— Бачна, што ўганараваная нацпрэміяй кніга сталася вынікам агромністай працы. Архівы, дакументы, ілюстрацыі… І, безумоўна, аб’ём… Як усё гэта нараджалася на свет?

— Адназначна назваць дату, калі пачалося стварэнне кнігі «Эхо Великой войны в Восточной Беларуси (1914 — 1918)», немагчыма. На працягу апошніх прыкладна 10 год забытая тэма Першай сусветнай паціху развівалася: збіраўся матэрыял, складаўся банк дадзеных па Георгіеўскіх кавалерах — ураджэнцах Усходняй Беларусі. Прычым дапамагалі ўсім мірам, людзі прыходзілі, тэлефанавалі, пісалі на электронны адрас, сустракаўся з імі ў раёнах, у музеях, дапамагалі і калегі-краязнаўцы, асабліва з Расіі. Найбольш масава разгарнулася праца ў апошнія 2-3 гады, пасля таго як разам з абласной газетай «Магілёўскія ведамасці» мы распачалі праект «Георгиевские кавалеры: вы были — мы помним!». Далі плён дзясяткі артыкулаў у прэсе, выступленні на радыё, тэлебачанні, перад педагогамі. На сёння вядома ўжо каля 170 Георгіеўскіх кавалераў — нашых землякоў, але я добра разумею, што гэта толькі маленькая цаглінка ў падмурку вялікай высакароднай працы, якую абавязкова трэба працягваць. Тым не менш пакуль што гэта самы буйны банк дадзеных на Беларусі. Дарэчы, царскі поўны Георгіеўскі кавалер (чатыры крыжы IV — I ступеняў) стаіць на адным узроўні з Героем Савецкага Саюза ці кавалерам ордэна Славы трох ступеняў. І пры цару, і пры савецкай уладзе Айчына ў салдата адна. Здзейсніўшы геройскі подзвіг падчас яе абароны, ён годны таго, каб быць ушанаваным сваёй радзімай у памяці нашчадкаў і занатаваным у гісторыі. Спадзяюся, што прыйдзе час, калі звесткі пра поўных Георгіеўскіх кавалераў — ураджэнцаў магілёўскага краю будуць размешчаны на плошчы Славы ў Магілёве.

І такая ёмістая праца ішла толькі над адным з раздзелаў кнігі, хоць і адным з найцікавейшых. Але ж у кнізе ёсць яшчэ раздзелы пра бежанцаў і ваеннапалонных, пра шпіталі, пра Стаўку у Магілёве Вярхоўнага Галоўнакамандуючага расійскай арміі, якая ператварыла наш горад у палітычны цэнтр імперыі, пра цара Мікалая II ды іншыя цікавыя звесткі пра забытую ў савецкі час Вялікую вайну.

Навукова-папулярная дакументалістыка адметная тым, што аўтар пастаянна вымушаны стрымліваць фантазію: максімальнае, што ён можа зрабіць, — гэта акунуцца ў тую эпоху і збоку, як назіральнік, разглядаць падзеі і факты, якія адбываюцца вакол . Тут не можа быць памылак з датамі, імёнамі, падзеямі. А вось у каментарыях, ацэнках, высновах ты адносна вольны, канечне, у залежнасці ад глыбіні пранікнёнасці ў тэму, кругагляду, назапашанага матэрыялу і таго, што хочаш данесці да чытача. Поспех у гэтым жанры, хаця такога жанру ў класічнай літаратуры і не існуе, залежыць ад таленту аўтара ўжо як публіцыста і аналітыка.

— Слоган на вашым персанальным сайце абвяшчае: гісторыю трэба ведаць дзеля таго, каб прымяніць яе ўрокі для сучаснасці. Якія ўрокі, з вашага пункту гледжання, вынікаюць з кнігі для сучаснай гісторыі, у тым ліку айчыннай?

— Займацца гісторыяй для самаўдасканалення ці самаадукацыі — гэта крэда яркіх індывідуалістаў-эгаістаў. Яны не хочуць дзяліцца ведамі з іншымі ці не ведаюць, як гэта зрабіць, акрамя, зразумела, педагогаў-прафесіяналаў. Я не магу доўга трымаць нешта новае толькі ў сабе, як асоба грамадская, абавязкова выкарыстоўваю гэта ў стасунках: у першую чаргу з калегамі, пры выступленнях перад моладдзю ці педагогамі, на тэлебачанні і г. д. Калі ты сапраўдны спецыяліст у сваёй галіне, твае думкі ў гісторыі — маці ўсіх навук — абавязкова будуць запатрабаваны не толькі сярод блізкага акружэння, але і ў грамадстве — на карысць Беларусі.

Калі вярнуцца да нашай тэмы, то можна з упэўненасцю сказаць, што XX стагоддзе пачалося ў 1914 годзе, перш за ўсё таму, што Першая сусветная ў многім сфарміравала вобраз сучаснай цывілізацыі. Не было ніводнай сферы жыцця чалавека, грамадства, якія б не закранула тая вайна. Менавіта тады масава былі прыменены аэрапланы, танкі, падводныя лодкі і атрутныя рэчывы. Сутыкненні мільённых армій упершыню ў сусветнай гісторыі прывялі да мільённых страт.

Спадзяюся, што, нягледзячы на пэўныя ідэйныя прыярытэты, чытач з увагай прыслухаецца да аргументаў і доказаў аўтара, бо ўсе падзеі, іх прычыны і вынікі ў кнізе праламляюцца праз жыцці і лёсы канкрэтных людзей.

Тэзіс «У пачатку вайны ваявалі арміі, а ў канцы яе — народы», — гэта не проста прыгожая фраза. У ім закладзена канстатацыя сутнасці сучаснай вайны, якая ўпершыню адзначана ў ходзе Першай сусветнай. Менавіта гэтыя абставіны (у першую чаргу!), а не маштабы ваенных дзеянняў і колькасць уцягнутых у яе людскіх і матэрыяльных рэсурсаў, дазволілі сучаснікам назваць яе Вялікай вайной. Яе падзеі праз погляд магілёўскага мешчаніна, ваеннапалоннага, мірнага бежанца, прыдворнага чыноўніка, баявога афіцэра складваюцца ў стракатую мазаіку, якая паступова дае падставу для роздуму пра кардынальныя пытанні гісторыі XX стагоддзя.

Для арыентацыі чытача звярну ўвагу на пэўныя паралелі паміж падзеямі 1914 — 1918 гг. і сітуацыяй канца XX — пачатку XXI стагоддзя. Бо менавіта гэтыя абставіны звязаны з акалічнасцямі развалу СССР і, у цэлым, усталяваным пасля Вялікай вайны сусветным парадкам. Асаблівы інтарэс маюць працэсы распаду палітычных інстытутаў, пачынаючы з дэцэнтралізацыі ўлады, падзелу ваенных і адміністратыўных структур, якія ахапілі імперыю ад сталіцы да ўскраін. Многія падзеі 1980 — 1990-х гадоў у СССР, затым у Расіі, а цяпер ва Украіне сведчаць пра тое, што ўрокі Вялікай вайны ў сучасным грамадстве не ўлічаны. І будзе гэта працягвацца да таго часу, пакуль палітычнае кіраўніцтва найбуйнейшых краін свету не дамовіцца паміж сабой аб мірным суіснаванні на планеце Зямля. Без высакамернасці да больш дробных у тэрытарыяльных ці эканамічных адносінах суседзяў.

— Дзякуй, Мікалай Сяргеевіч, за размову. Упэўнена, што вашы новыя працы абавязкова стануць штуршком для яе працягу.