Кунцевiч, А. Год культуры 2016 : [вынiкi Года культуры на Магiлёўшчыне] / Андрэй Кунцевiч // Лiтаратура i мастацтва. — 2016. — 30 снежня. — С. 3.
Андрэй Кунцэвіч, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама:
— У межах Года культуры па ўсёй Магілёўскай вобласці прайшло шмат цікавых мерапрыемстваў і праектаў. Гэта і рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), якое ў гэтым годзе наведала 110 тысяч чалавек, і міжнародны пленэр жывапісу «Вобраз радзімы ў выяўленчым мастацтве», і моладзевы тэатральны форум «Март-контакт». Мабыць, адзін з самых выбітных фестывальных праектаў года на Магілёўшчыне — гэта ІІІ Нацыянальны форум «Музеі Беларусі». Да нас прыехалі прадстаўнікі больш за 100 музеяў з усіх куткоў Беларусі. Праца на тэматычных пляцоўках форуму была карысная не толькі спецыялістам, але і ўсім аматарам культуры і мастацтва. Ганаровым старшынёй форуму «Музеі Беларусі» стала генеральны дырэктар Траццякоўскай галерэі Зельфіра Трагулава.
Яшчэ адзін творчы праект, які быў рэалізаваны праз Год культуры, — выдане кнігі-фотаальбома «Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку». Кніга ўнікальная, бо гэта першая спроба сабраць разам багатую кніжную спадчыну Спірыдона Собаля і яго паслядоўнікаў — друкароў ХVII — XVIII стагоддзяў.
Дзякуючы «Фестывалю народных талентаў Магілёўшчыны» свае творчыя прэзентацыі на сцэне абласнога цэнтра прадставілі самадзейныя і прафесійныя артысты ўсіх раёнаў Магілёўскай вобласці. Заключным акордам гэтага праекта і Года культуры стаў фінальны канцэрт пад назвай «З любоўю да цябе, Беларусь», які прайшоў на самай буйной пляцоўцы нашага горада — Палацы культуры Магілёўскай вобласці.