Сiнькевiч, Г. Зрок захавае своечасовая прафiлактыка: [супрацоўнiцтва памiж СШ № 34 Магiлёва i установамi адукацыi Тулы] / Ганна Сiнькевiч // Настаўніцкая газета. — 2017. — 18 лютага. — С. 7.
Вынікі дабрачыннага праекта «Я бачу!» падвялі надоечы ў Магілёве. Арганізатарамі сацыяльнай ініцыятывы выступалі Беларускі дзіцячы фонд, кампанія Velcom і мясцовы аблвыканкам. Рэалізацыя ідэі аб правядзенні дыягностыкі і выяўленні парушэнняў зроку ў сельскіх школьнікаў расцягнулася амаль на год. Але ў выніку праект пайшоў на карысць здароўю соцень дзяцей.
Сёння ў кожнага другога вучня ёсць праблемы Са зрокам. Таму карэкцыю парушэнняў, прафілактыку пагаршэння зроку трэба праводзіць на самым раннім этапе. Калі гарадскія дзеці могуць рэгулярна правяраць зрок у спецыялістаў, то ў сельскіх вучняў такая магчымасць ёсць не заўсёды. Выправіць сітуацыю пастаралася выязная брыгада афтальмолагаў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. Спецыялісты правялі скрынінгавы агляд звыш 12 тысяч сельскіх школьнікаў з 19 раёнаў.
Як адзначыла намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына Чарнякова, эфект ад праекта вельмі значны. У многіх дзяцей былі выяўлены захворванні зроку, якім па розных прычынах не ўдзялялася належная ўвага. Больш за тое, на пачатак 2016 года не ўсе магілёўскія раённыя паліклінікі былі забяспечаны ўрачамі-афтальмолагамі. Акцыя ж дазволіла правесці якасную дыягностыку зроку ў сельскіх школьнікаў, а таксама паспрыяла правядзенню своечасовай прафілактыкі і лячэння парушэнняў.
Добрая справа стала рэальнай дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі Velcom. Гэтая камерцыйная арганізацыя правяла спецыяльную дабрачынную акцыю, усе сродкі ад якой былі накіраваны на рэалізацыю дабрачыннага праекта “Я бачу!”. Калі дакладней, было закуплена сучаснае перасоўнае дыягнастычнае абсталяванне, аплачана праца спецыялістаў і іншыя выдаткі.
На падвядзенні вынікаў праекта быў агучаны падрабязны аналіз сітуацыі са зрокам у сельскіх навучэнцаў вобласці. Сяродасноўных выяўленых паталогій — міяпія, астыгматызм, кан’юнктывіт, гіперметрапія. Усе дзеці па выніках агляду атрымалі канкрэтныя рэкамендацыі. Кожнаму вучню ўрачы пры неабходнасці выпісвалі рэцэпты на медыкаменты і акуляры. У самых жа складаных сітуацыях дзеці атрымлівалі накіраванні на далейшае абследаванне, лячэнне ці аперацыі.
— Даныя аб кожным з дзяцей, у якіх былі выяўлены парушэнні зроку, цяпер знаходзяцца ў інфармацыйнай базе нашай установы. Такім чынам, гэтыя дзеці застануцца пад пастаянным назіраннем і кантролем афтальмолагаў, — запэўніла каардынатар праекта ўрач-афтальмолаг абласной дзіцячай бальніцы Марыя Малашка.
На Магілёўшчыне для дзяцей з сур’ёзнымі парушэннямі зроку створаны ўсе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі. Дзейнічаюць спецыяльныя дзіцячыя садкі і школы-інтэрнаты. Але, па меркаванні начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі Уладзіміра Рыжкова, трэба прыкладаць усе намаганні, каб не дапусціць непазбежных наступстваў зніжэння зрокавых функцый у дзяцей. Для гэтага неабходна карэкціраваць захворванні на максімальна ранняй стадыі.
— Менавіта прафілактычнае лячэнне галоўным чынам дапаможа ліквідаваць праблемы са зрокам у дзяцей, захаваць іх здароўе. У гэтым і заключаецца важнасць праекта “Я бачу!”. Важнасць ініцыятывы яшчэ ў тым, што яна аб’ядноўвае ўсе зацікаўленыя структуры ў агульнай справе на карысць дзяцей, — падкрэсліў Уладзімір Рыжкоў.
У найбліжэйшай перспектыве Беларускі дзіцячы фонд плануе правесці падобныя дабрачынныя акцыі ў іншых рэгіёнах краіны. Сёлета праект працягнецца ў Гомельскай вобласці.