«Я родам з дзяцiнства»

   Сцяжко, Н. «Я родам з дзяцiнства» : старонкi айчыннага кiнамастацтва / Наталля Сцяжко // Роднае слова. — 2017. — №2. — С. 94-95.

Фільм “Я родам з дзяцінства” Віктара Турава створаны на кінастудыі “Беларусьфільм” у 1966 г. Сцэнарый Генадзя Шпалікава выглядае нечаканым для свайго часу, бо ў ім няма класічнай кампазіцыі, калі галоўны герой нешта пераадольвае і ўрэшце дабіваецца сваёй мэты. Сюжэт больш нагадвае не мастацкі, а дакументальны фільм — гэта хроніка жыцця падлеткаў Ігара і Жэнькі ў невялікім беларускім горадзе напрыканцы вайны. Драматургія стужкі раскаваная, натуральная, пабудавана не па законах бесперапыннага дзеяння, а на моцных эмацыйных і асацыятыўных сувязях. Віктар Тураў распавядаў, што імкнуўся зняць кіно пра тое, як людзі мараць пра мірнае жыццё. Гэта было новым словам у беларускай кінематаграфіі, працягам неарэалізму, які прыйшоў да нас з Еўропы.

Безумоўна, тут праявіўся адметны почырк маладога рэжысёра Віктара Турава: вялікая ўвага да дробязей, дэталей, вельмі простыя дыялогі, недасказанасць ствараюць насычаную эмацыйную атмасферу, паглыбляюць у пэўны час і раскрываюць трагедыю не толькі ваеннага дзяцінства, але і ўсяго пакалення. Здаецца, што на экране не адбываецца нічога асаблівага: сцэны ваеннага шпіталя, вяртання з нямецкага палону сястры Ігара Надзеі, знаёмства сляпога лейтэнанта з дзяўчынай на танцах, смяротнае пакаранне нямецкіх афіцэраў на плошчы — усё гэта эпізоды тагачаснага жыцця. Першапачаткова стужка называлася “Франтавы горад”, але назва “Я родам з дзяцінства” вызначыла больш пранікнёную і чуллівую інтанацыю фільма.

Кадр з фiльма "Я родам з дзяцiнства"
Кадр з фiльма «Я родам з дзяцiнства»

Аўтар сцэнарыя Генадзь Шпалікаў нарадзіўся ў сям’і ваеннага інжынера. Яго бацька загінуў у 1944 г„ і хлопчык на льготных умовах трапіў пасля вайны ў Сувораўскае вучылішча. Там атрымаў вельмі сур’ёзную траўму калена і быў вымушаны адмовіцца ад кар’еры ваеннага. Ён паступіў у 1956 г. на сцэнарны факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве. У той жа год туды на рэжысёрскі факультэт паступіў і Віктар Тураў. Тады ж там вучыўся і будучы аператар фільма “Я родам з дзяцінства” Аляксандр Княжынскі, які ў 1979 г. працаваў з Андрэем Таркоўскім і зняў знакаміты “Сталкер”. Адметную ролю ў гісторыі сусветнага кіно пакінуў і фільм “Я крочу па Маскве” па сцэнарыі Генадзя Шпалікава рэжысёра Георгія Данэліі. Ён заслужыў сапраўдную народную любоў. Такія таленавітыя людзі вучыліся разам у інстытуце кінематаграфіі. Віктар Тураў і Генадзь Шпалікаў марылі зняць трыпціх пра сваё ваеннае дзяцінства. Фільм “Я родам з дзяцінства” быў першым, але застаўся адзіным. На жаль, Генадзь Шпалікаў пайшоў з жыцця, калі яму было толькі 37 гадоў.

Кінафільм “Я родам з дзяцінства” пачынаецца з эпізоду, калі дзеці хорам спяваюць песню “Враги сожгли родную хату” — так глядач знаёміцца з будучымі героямі стужкі, іх характарамі. Увогуле, у фільме вельмі шмат музыкі, яна, нібы адзін з галоўных герояў, не толькі стварае атмасферу, але і выбудоўвае рытм. Кампазітар карціны — наш славуты зямляк Яўген Глебаў. Гучаць у фільме і песні Уладзіміра Высоцкага, у тым ліку і ў выкананні Марка Бернеса. Дарэчы, Уладзімір Высоцкі ў гэтым фільме выканаў сваю першую, адносна вялікую, ролю. Спачатку Віктар Тураў думаў здымаць у гэтай ролі Мікалая Губенку, але той адмовіўся і прапанаваў У. Высоцкага, які разам з ім працаваў тады ў Тэатры на Таганцы. Вось як распавядаў пра свайго героя У. Высоцкі: “У гэтым фільме мне была даручана роля капітана-танкіста, які гарэў у танку, а пасля паўгода ляжаў у шпіталя. Ён баяўся паглядзець у люстэрка, таму што баяўся ўбачыць тое страшэннае, што сталася з яго тварам. Потым ён прыходзіць да дому. У доме няма мэблі, бо яе спалілі — было халодна і не было чым сагрэцца. I толькі хтосьці пашкадаваў гітару і люстэрка. Так ён упершыню бычыць уласны твар пасля шпіталя. Працірае люстэрка і бачыць, што ён сівы чалавек у трыццаць гадоў, што ў яго шнары на твары”.

У фільме “Я родам з дзяцінства” ўпершыню прагучалі песні Уладзіміра Высоцкага ў арыгінальным выкананні. Дазвол на гэта Віктар Тураў мог бы і не атрымаць, калі б не адзін выпадак. На той час старшынёй Дзяржкіно БССР быў Барыс Уладзіміравіч Паўлёнак. Аднойчы ён цэлы дзень правёў на здымачнай пляцоўцы. Увесь гэты час з тонвагена гучалі песні Высоцкага. Барыс Паўлёнак прыйшоў у захапленне ад таго, што ўбачыў і пачуў. Ён і даў дазвол рэжысёру на выкарыстанне песень у стужцы. Аднак Віктар Тураў узяў на сябе смеласць і прапанаваў Уладзіміру Высоцкаму не толькі выканаць ролю, але і праспяваць. Да гэтага голас любімага многімі выканаўцы можна было пачуць толькі з магнітафона…

Адна з самых пранікнёных сцэн фільма — прыезд на пабыўку да сям’і, на адзін дзень і адну ноч, Жэнькавага бацькі… Раніцай бацька едзе ў Маскву на новае прызначэнне, а ў хуткім часе маці, яе ролю сыграла Ніна Ургант, атрымлівае “пахаронку” на мужа. Яшчэ зусім нядаўна яна танцавала з ім, а цяпер… Жанчына не хоча ў гэта верыць, бо вайна амаль скончылася. Вельмі дакладна, з неверагодным эмацыйным напалам Ніна Ургант выканала гэтую сцэну. Тады актрыса перажыла вельмі моцны стрэс і нават трапіла ў бальніцу, бо ў яе адняліся рукі. За гэтую ролю Ніна Ургант атрымала прыз за найлепшую жаночую ролю на VII Кінафестывалі рэспублік Прыбалтыкі, Беларусі і Малдовы ў Кішынёве ў 1967 г. На тым жа фестывалі Віктар Тураў атрымаў дыплом за найлепшую рэжысёрскую працу.

Кадр з фiльма "Я родам з дзяцiнства"
Кадр з фiльма «Я родам з дзяцiнства»

Ніна Ургант вельмі добра памятала вайну. Калі тая пачалася, ёй было 11 гадоў. У яе памяці назаўсёды засталася жахлівая карціна, калі немец узяў за ножкі маленькую яўрэйскую дзяўчынку і разбіў яе галаву аб тэлеграфны слуп. Тады Ніна страціла прытомнасць. А яшчэ яна хадзіла ў царкву і прасіла Бога, каб той захаваў жыццё бацьку і брату, якія ваявалі на фронце. Яны выжылі, а актрыса з таго часу верыць у Бога. Што тычыцца яе роляў у кіно, дык іх было шмат. У 1970-я гг. Ніна Ургант знялася ў выдатных стужках: “Беларускі вакзал”, “Сыны ідуць у бой”, “Вайна пад стрэхамі”, “Прэмія”. За апошні фільм яна атрымала Дзяржаўную прэмію СССР, а ў 1974 г. — звание народнай артысткі Савецкага Саюза.

Пасля выхаду на экраны фільм “Я родам з дзяцінства” не вельмі добра прыняла крытыка. Так, напрыклад, крытык Трошын у 1967 г. пісаў у маскоўскай “Учительской газете”: «Час і людзі ў фільме заяўлены з належнай рэальнасцю, а вось кантрапунктная сувязь паміж імі адсутнічае… Добры фільм ці дрэнны? Мабыць, я хутчэй аднёс бы яго да разраду “таленавітых няўдач”».

Аднак для стваральнікаў карціны галоўнымі былі не прызы і не водгукі крытыкаў, ім важна было зрабіць гэты фільм — фільм-споведзь, фільм-успамін пра ўласнае дзяцінства, бо і кінарэжысёр Віктар Тураў, і сцэнарыст Генадзь Шпалікаў, і аператар Аляксандр Княжынскі — дзеці таго пакалення. Падчас вайны бацьку Віктара Турава, які быў партызанам, расстралялі фашысты, а яны з маці былі вязнямі сямейнага працоўнага лагера на Рэйне ў Германіі. Рэжысёр уклаў у фільм горкія ўспаміны, жыццёвы вопыт, боль усіх хлопцаў свайго пакалення. Ім нічога не трэба было прыдумляць — дастаткова было прыгадаць. I яны мелі на гэта творчае права, бо разам з краінай перажылі вялікае гора, засталіся жывыя і, галоўнае, сталі тымі, кім марылі.

Шрычная драма “Я родам з дзяцінства” займае адну з самых ганаровых старонак у залатым фондзе айчыннага і сусветнага кіно.