Ножнiкаў, М. Пiянер дырыжабельных трас / М. Ножнiкаў // Магiлёўская праўда. — 1983. — 25 мая.
Дзяўчатам з «Клуба дапытлівых» тэхнічнага вучылішча № 44 бытавога абслугоўвання цікавіліся чыім імем названа ў Магілёве вулiца Гудаванцава. Яны ж разам са сваім кіраўніком Лiзаветай Мікалаеўнай Аўдзеевай падказалі кірунак пошуку. I вось што ўдалося высветліць…
Перш за ўсё трэба ўдакладніць: у назву, што напісана на шыльдачках, укралася памылка — патрэбна вуліца імя Мiкалая Гудаванцава — камандзіра самага вялікага ў нашай краіне ў даваенны час дыры-м5бля «СССР В-6», тады, на пачатку 30-х гадоў, «Комсомольская правда» кінула заклік «Даеш эскадру савецкіх дырыжабляў!». Яны былi вельмі патрэбны маладой краіне — паветраныя караблі, якiя не патрабуюць дорага-каштуючых пасадачных пляцовак могуць перавозіць грузы людзей у самыя аддаленыя месцы, манеўраваць на вельмі абежаванай тэрыторыі або нерухома вісець у паветры…
У Маскоўскім авіяцыйным iнстытуце быў арганізаваны дырыжабельны факультэт. Яго студэнты сталі першымі будаўнiкамі і вадзіцелямі дырыжабляў.
29 жніўня 1930 года стартаваў самы першы савецкі дырыжабль— «Комсомольская правда». Усяго 20 мінут працягваўся яго палёт. Неўзабаве быў створаны дзяржаўны трэст «Дырыжабльбуд».
Пачалося ўзвядзенне дырыжабельнага камбіната побач са станцыяй Даўгапрудная пад Масквой. Будавалі адначасова верф, элінгі, газавы завод, жылыя дамы. Камбінат атрымаў імя К. Э. Цыялкоўскага, які яшчэ ў 1892 г. прапанаваў канструкцыю цэльнаметалічнага дырыжабля са змяняемым аб’ёмам, грузападымальнасцю 1.300 тон. Тады бацька сусветнай касманаўтыкі хварэў, і стваральнікі дырыжабляў ездзілі да яго ў Калугу на кансультацыі.
Па закліку «Комсомольской правды» па ўсёй краіне быў аб’яўлен збор сродкаў на будаўніцтва дырыжабляў. Ён даў 28 мільёнаў рублёў.
На працягу некалькіх год была створана серыя дырыжабляў, якія маглі выконваць даволі шырокія практычныя задачы. Самым вялікім быў «СССР В-6», пабудаваны ў 1934 г, Яго абалонка ўмяшчала Каля 20 тысяч кубічных метраў вадароду. Даволі высокую для дырыжабляў скорасць — звыш ста кіламетраў у гадзіну яму надавалі тры маторы па 810 конскіх сіл. У гандоле размяшчалася каля дваццаці чалавек экіпажа. Яна навешвалася да 100-метровага металічнага кіля, да якога мацаваліся ўсе асноўныя часці і вузлы карабля. 6 тон гаручага ў 18 баках давалі магчымасць пакрываць без пасадкі і дазапраўкі адлегласці ў многія сотні кіламетраў.
Камандзірам быў прызначаны выпускнік дырыжабельнага факультэта сібірак камсамолец Мiкалай Гудаванцаў — адзiн з пiянераў новага вiду паветранага транспарту. У экiпаж увайшлi яго таварышчы, з якiмi ён пачынаў дырыжабельную справу.
Нягледзячы на маладосць, умелы i мужны паветраплавальнiк адным з першых у краіне быў удастоены ў 1935 годзе ордэна Чырвонай Зоркі за выратаванне дырыжабля «В-2 Смольны».
Выхадзец з сям’і чыгуначнага машыніста, Мікалай, у якога былі яшчэ два браты і чатыры сястры, дзякуючы сваёй настойлівасці і працавітасці здолеў скончыць індустрыяльны тэхнікум у Омску, дзе і захапіўся лётнай справай. Далейшы шлях быў вызначаны дакладна — авіяцыйны інстытут.
У пачатку 1938 года карабель «СССР В-6» быў падрыхтаваны да важнай справы — асваення першай у краіне рэгулярнай паветранай грузапасажырскай трасы Масква — Новасібірск, аднак…
1 лютага з першай у свеце навуковай станцыі «Паўночны полюс», якая амаль 9 месяцаў дрэйфавала ў Ледавітым акіяне, паступіў сігнал трывогі. Кіраўнік палярнай экспедыцыі Герой Савецкага Саюза I. Д. Папанін паведамляў, што іх ільдзіна стала разломвацца. На выратаванне папанінцаў накіраваліся караблі, падводныя лодкі, самалёты. 3 дырыжабельнага порта Даўгапрудны 5 лютага вылецеў магутны «СССР В-6» з 19 чалавекамі экіпажа на борце. На невялікай вышыні ён імкліва рухаўся праз непагоду туды, дзе цярпелі бяду героі лёдавага дрэйфу.
Злая выпадковасць не дала магчымасці ажыццявіць задуманае. У, некалькіх кіламетрах ад горада Кандалакшы Мурманскай вобласці дырыжабль урэзаўся ў тару, якая не была пазначана на картах. Усяго за некалькі дзён да палёту яе ўпершыню ўбачылі лётчыкі. Па радыё экіпаж чамусьці не паспелі папярэдзіць пра гэта, а ланцужок вогнішчаў, якія былі раскладзены на зямлі ў абход тары, з-за непагоды не ўбачылі на борце карабля. 13 членаў экіпажа загінулі ў катастрофе, Сярод іх быў і камандзір — Мікалай Гудаванцаў.
У памяць аб ім былі названы вуліцы ў Данецку, Варашылаўградзе, Казані. У горадзе Даўгапрудным, дзе жылі М. Гудаванцаў, яго таварышы У. Лянгузаў, Т. Кулагін, А. Рытсланд, С. Дзёмін, У, Чарноў і іншыя, адна з вуліц атрымала імя Дырыжаблістаў. Устаноўлена мемарыяльная дошка на доме, у якім жылі паветраплавальнікі. Памятны знак на вяршыні каварнай Няблогары пабудавалі працоўныя Кандалакшы.
28 жніўня 1938 года вуліцы без назвы, што вырасла ў раёне Магілёўскага чыгуначнага вузла, арганізацыйны камітэт Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР па Магілёўскай вобласці прысвоіў імя М. Гудаванцава.
Так трагічна закончылася кароткая, але гераічная старонка савецкага паветраплавання. Тады, у сувязі з набліжэннем вайны, перавага была аддадзена самалётам. Але і нешматлікія дырыжаблі нямала папрацавалі ў час Вялікай Айчыннай — абаранялі неба над буйнымі гарадамі як аэрастаты, перавозілі воінскія грузы, служылі для трэніроўкі авіядэсантнікаў.
На сучасным узроўні развіцця тэхнікі зноў паўстае патрэба ў дырыжаблях, якія будуць куды больш надзейнымі і магутнымі за сваіх папярэднікаў. Яны дапамогуць весці лініі электраперадачы ў тайзе, будаваць новыя гарады, дастаўляць на месца турбіны электрастанцый і г. д. Няма такой галіны народнай гаспадаркі, дзе б не спатрэбіліся гэтыя паветраныя караблі. Іх праектаванне ўжо вядзецца ў некалькіх гарадах краiны.
А новае пакаленне дырыжаблістаў заўсёды будзе памятаць сваіх герояў-папярэднікаў. Будзе напамінаць пра іх і магілёўская вуліца імя камсамольца Мiкалая Гудаванцава.