М.art.кантакт уразiлi беларускiя спектаклi

   Зiгуля, Н. М.art.кантакт уразiлi беларускiя спектаклi : у Магiлёве развiталiся з XII Мiжнародным маладзёжным тэатральным форумам / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2017. — 29 сакавiка. — С. 4.

Тэатральны тыдзень, калі кожны вечар разрываешся паміж трыма-чатырма пастаноўкамі, бо хочацца ўбачыць усё, а рэальна атрымліваецца толькі адну-дзве, праляцеў як імгненне. На імправізаванай сцяне водгукаў у драмтэатры не засталося вольнага месца. Глядач не скупіўся на шчодрыя кампліменты нават у тых выпадках, калі дасведчаныя эксперты аднагалосна выказваліся супраць. Як гэта было з «Дарагой Аленай Сяргееўнай» ТЮГа з Санкт-Пецярбурга. Моладзь выстройвалася ў чаргу, каб напісаць удзячны водгук. А тэатразнаўцы заявілі: нефармат. Такога наогул не павінна быць на фестывалі.

«Бра­ты Ка­ра­ма­за­вы» Льва Эрэн­бур­га.  Сцэна са спектакля.
«Бра­ты Ка­ра­ма­за­вы» Льва Эрэн­бур­га. Сцэна са спектакля.

Конкурсу на фестывалі няма, але ўсе крытыкі сышліся ў меркаванні, што гэтым разам беларускія тэатры былі як ніколі на вышыні. Магілёву пашчасціла паглядзець чатыры найлепшыя пастаноўкі мінулага года — «Гэта ўсё яна» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, «Саша, вынесі смецце» — нашумелая драма ў выкананні артыстаў Беларускага маладзёжнага тэатра, «Лондан» абласнога тэатра імя В. Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска і монаспектакль «Сіняя-сіняя» Магілёўскага тэатра лялек. Экспертаў таксама парадавала магчымасць убачыць работы адразу некалькіх вядомых рэжысёрскіх школ і нават параўнаць на прыкладзе аднаго і таго ж спектакля — «Браты Карамазавы». Вучні Эмунтаса Някрошуса з вільнюскага тэатра-студыі Theaomaі паказалі свой твор у дэкарацыях этнаграфічнага музея. Вытрымаць некалькі гадзін тэксту на чужой для слыху літоўскай мове было цяжкавата, але гледачы не пашкадавалі. Як і тыя, хто прыйшоў на тройчы адзначаную Гран-пры пастаноўку Льва Эрэнбурга ў выкананні яго вучняў з тэатра-студыі «Невялікі драматычны тэатр».

Для тэатральнага асяроддзя форум наогул неацэнны. Ну дзе яшчэ магілёўскія акцёры-пачаткоўцы маглі б трапіць на майстар-клас таго ж Льва Эрэнбурга, як не на гэтым форуме? А яшчэ чыткі, штодзённыя абмеркаванні спектакляў, круглы стол, прэзентацыі — усе ўмовы для таго, каб выпрацаваць добры тэатральны густ.

«За апошнія 4—5 гадоў форум сур’ёзна змяніўся, — адзначыў доктар філалагічных навук, дацэнт Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Масквін. — Гэтым разам вельмі парадаваў добры падбор спектакляў розных узроўняў. І тое, што залы былі цалкам запоўненыя».

Польскі тэатразнаўца — даўні прыхільнік форуму і беларускага тэатра наогул. Ён правёў вялікую работу, каб прааналізаваць яго вытокі. Вынікам стала кніга «Беларускі тэатр 1920—1930-х. Адабраная памяць». Матэрыял для яе аўтар на працягу некалькіх гадоў шукаў у беларускіх і маскоўскіх архівах. Мастацкі кіраўнік нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Якуба Коласа Валерый Анісенка сказаў, што гэта той выпадак, калі адзін чалавек зрабіў работу цэлага інстытута. Ён ліквідаваў прабел у гісторыі беларускага тэатра, сабраў каштоўны архіўны матэрыял, якога не хапала, каб аднавіць адрэзак гісторыі пра рэпрэсаваных дзеячаў тэатра.