Энцыклопедыя ад ветэрана

   Зiгуля, Н. Энцыклопедыя ад ветэрана : былы авiатар з Магiлёва два гады сiстэматызаваў iнфармацыю па Героях Савецкага Саюза / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2017. — 1 красавiка. — С. 5.

Гэта кніга ўнікальная ўжо тым, што дагэтуль ніхто так не групаваў Герояў Савецкага Саюза. Аўтар падзяляе іх па родах войскаў, узросце, грамадзянстве і нават поле. Акрамя аўтабіяграфічных звестак па кожным ёсць яшчэ і невялікая інфармацыя пра подзвіг. Кніга напалову напісана ад рукі. Астатняе — выразкі з перыядычных выданняў і ксеракопіі фотаздымкаў. Сабраць у адзін важкі том гэтыя разнастайныя матэрыялы дапамагла магілёўская абласная газета «Зямля і людзі», з якой ужо доўгі час сябруе ветэран.

Глядзіш на незвычайную энцыклапедыю і здзіўляешся, якая ж карпатлівая работа была зроблена. Інфармацыю па Героях Савецкага Саюза Іван Мацвееў збіраў даўно, але мэтанакіравана пачаў працаваць над кнігай толькі два гады таму. У сакавіку ветэрану Ваенна-паветраных сіл споўніўся 91 год. Прызнаецца, што калі стала цяжка ездзіць на дачу, знайшоў сабе іншы занятак. Хадзіў па бібліятэках і збіраў карысны матэрыял. Суразмоўца аптыміст і не страціў цікавасці да жыцця. Прыемна здзіўляе фенаменальнай памяццю. «Вось колькі Герояў Савецкага Саюза было за перыяд савецкай улады? — застае ён мяне знянацку сваім пытаннем. «Каля 14 тысяч! Прычым за час Вялікай Айчыннай вайны званне прысвоена 13 611 чалавекам. Некаторым нават не аднойчы. Напрыклад, Іван Кажадуб у жніўні 1945 года стаў тройчы героем».

Пачынаецца кніга з аповеду пра лётчыкаў-чалюскінцаў, якія першымі атрымалі званне Герояў, потым — палярныя даследчыкі, Героі вызваленчай вайны ў Іспаніі, баёў на возеры Хасан, рацэ Халхін-Гол, савецка-фінляндскай вайны 1939—40 гадоў, двойчы Героі Савецкага Саюза, Героі, рэпрэсіраваныя да вайны, жанчыны-Героі, Героі Савецкага Саюза да 18 гадоў, грамадзяне замежных краін, якія атрымалі гэта высокае званне…

— Інфармацыя пра Герояў не закрытая, у чым жа навізна вашай працы? — спрабую зразумець матыў стварэння гэтага выдання.

— Вы ў руках энцыклапедыю Герояў Савецкага Саюза трымалі? Яны ж там ідуць па алфавіце, усе ў хаатычным парадку. А я іх па кватэрах разводзіў, па дамах, па гарадах, — усміхаецца ветэран. — Напрыклад, у Магілёве ёсць вуліца Каралёва. Хто такі? У мяне тут ёсць адказ: камандзір партызанскага злучэння, генерал-маёр. Партызаны ў мяне асобна сабраныя.

Гартаю старонкі. На вочы трапляюць фатаграфіі знакамітых «семярых смелых» лётчыкаў-чалюскінцаў.

— Першымі Героямі Савецкага Саюза сталі Анатоль Ляпідзеўскі, Сігізмунд Леванеўскі, Міхаіл Вадап’янаў, Мікалай Каманін, Іван Даронін, Маўрыкій Сляпнёў, Васіль Молакаў, — пералічвае ветэран кожнага пайменна. — Восьмым Героем стаў лётчык-выпрабавальнік Міхаіл Громаў. А Чкалаў атрымаў званне Героя Савецкага Саюза дзявятым — за свой рэкордна далёкі для таго часу пералёт — ад Масквы да Далёкага Усходу.

Героі Магілёўшчыны таксама сабраны асобна. І пад нумарам адзін значыцца вядомы савецкі матэматык, географ, геафізік, астраном, даследчык Паміра і Поўначы Ота Юльевіч Шміт. «Званне Героя ён атрымаў у 1937-м за арганізацыю дрэйфуючай станцыі «Паўночны полюс-1», — удакладняе аўтар кнігі. — Наогул асваенне паўночных зямель шмат каго зрабіла Героямі. Гэта званне прысвоена ўсяму экіпажу парахода «Сядоў», які дрэйфаваў 812 сутак. Нават, кухару. І наш магіляўчанін у той спіс трапіў — Іосіф Нядзвецкі. На «Сядове» ён быў машыністам. Трапіў туды ў ліку добраахвотнікаў, такіх знайшлося 15 чалавек. Толькі вярнуцца яму адтуль жывым не прыйшлося. Загінуў на пажары на Новы год. Па сваёй жа віне. Пахаваны ў Маскве».

— Дзе ў асноўным бралі інфармацыю пра Герояў? — цікаўлюся я.

— Па магіляўчанах — з кнігі «Гонар і Слава Магілёўшчыны», якую мне гарвыканкам падарыў перад Днём Перамогі. З кнігі «Іх імёнамі названы» даведаўся, што Рыма Шаршнёва, дзяўчына з Гомельшчыны, у 1942 годзе паўтарыла подзвіг Аляксандра Матросава. Але ёй Героя Савецкага Саюза не далі, узнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. Калі мне было прасцей рухацца, ездзіў у бібліятэку імя Карла Маркса. Там сядзеў з энцыклапедыямі, выбіраў, запісваў. Выкарыстоўваў звесткі з тэлеперадач. Летась у адной з іх расказвалі пра мінчаніна, Героя Савецкага Саюза Васіля Мічурына. Ён як раз адзначаў 100-гадовы юбілей. Героя атрымаў пасля «фінскай» вайны.

Пры­зван­нем Іва­на Мац­ве­е­ва  ста­ла авія­цыя.
Пры­зван­нем Іва­на Мац­ве­е­ва ста­ла авія­цыя.

А вось з двойчы Героем Савецкага Саюза Сцяпанам Крэтавым Іван Рыгоравіч нават служыў у адным палку. «Ён вайну закончыў капітанам, а даслужыўся да камандзіра ракетнай часці, — кажа ветэран. — Другога Героя Савецкага Саюза яму прысвоілі 23 лютага 1948 года. За удзел у вайне. Як ён сам прызнаваўся: спіртное перашкаджала атрымаць яму зорку раней. Тады за гэта вельмі строга каралі».

Пра сябе ветэран расказвае, што на вайну трапіў як раз у Дзень Перамогі. У 41-м скончыў 7 класаў, а калі адвучыўся ў авіяцыйным вучылішчы, быў ужо 1945 год. Але служба ў Быхаве, куды яго ў хуткім часе накіравалі, таксама была не з лёгкіх. У савецкія гады тут базіравалася 57-я Смаленская марская ракетаносная авіяцыйная дывізія ВПС Балтыйскага флоту. «Атамныя бомбы вешаў на хвост і лятаў, — смяецца Іван Рыгоравіч. — Нават жонка не ведала, чым дакладна займаюся. Гэта ж быў сакрэтны аб’ект, адзіны такога роду аэрадром у Савецкім Саюзе».

На стале Івана Мацвеева ляжыць яшчэ некалькі папак. «Збіраю апошні матэрыял па Героях Савецкага Саюза да 18 гадоў,» — тлумачыць ён. Ён марыць, што яго рукапісныя варыянты калі-небудзь надрукуюць. На сённяшні дзень іх існуе некалькі. Адзін мой суразмоўца перадаў у Магілёўскі гарадскі савет ветэранаў, яшчэ некалькі зрабіў на падарунак бібліятэкам імя Карла Маркса і дзіцячай №9, дзе браў асноўны матэрыял. Упэўнены: каму-небудзь гэта інфармацыя абавязкова спатрэбіцца.