Беланожка, А. Плотка, верхаводка i новая парфума : апавяданне / Алёна Беланожка // Звязда. — 2017. — 31 сакавiка. — С. 9.
Была субота. Марына і Наташа сядзелі на ўтульнай кухні каля акна з беларужовымі фіранкамі, пілі каву са свежымі беларужовымі зефіркамі, і настрой у іх станавіўся таксама беларужовы, святочны, сакавіцкі. Праз фіранкі ў пакой заглядала цікаўнае сонца, залатое, як галінка мімозы. Гэткім днём, поўным цеплыні і рамантыкі, жанчынам вельмі хацелася гуляць па горадзе са сваімі мужчынамі, лавіць носам вяснушкі, усміхацца і цалавацца. Але з рэк і азёр ужо сышоў лёд. Мужчыны вельмі ўзрадаваліся, схапілі летнія вудачкі ды падаліся на рыбалку — за горад, як мага далей ад утульных сямейных гнездзейкаў. Жанчынкам нічога не засталося, як хадзіць адна да адной у госці ды скардзіцца на сваіх мужчын: ад скаргаў на душы рабілася святлей ды прыўзнімаўся настрой.
— Рыбак-небарак! Вудачак — цэлы плот у шафе нагароджаны! А вяртаецца ж! Замораны, мокры, брудны, кашляе, і прынясе якія тры рыбіны — маленькія, празрыстыя, Барсік і той іх не есць, ледзьве не плача ад шкадобы, — сказала Марына і ўздыхнула.
Барсік, які ляжаў на падаконніку, згодна мыркнуў. Ён увогуле любіў не сырую рыбу, а вараныя курыныя ножкі, якія гаспадыня давала яму на сняданак. Наташа пагладзіла Барсіка і сказала:
— Мой гэтаксама: прыцягнецца з тае рыбалкі, змерзлы, рыбай пахне, нібы з русалкай цалаваўся, упадзе на ложак і суткі спіць як мёртвы. Вось і зараз адправіўся на тры дні на нейкае там… вадасховішча. А мне зноў у кватэры сядзець, дабро сцерагчы? Я што, аўчарка? Добра, што не забыўся пра восьмае сакавіка! Глядзі, што мне падарыў!
Наташа паказала сяброўцы залатую падвеску на ланцужку — у выглядзе рыбкі.
— Сказаў: «Са святам, рыбка мая!», з’еў кавалак мяса па-французску, тортам закусіў і спаць пайшоў. А я цэлы дзень каля пліты завіхалася!
— Залатая? — спыталася Марына, разглядаючы падвеску.
Наташа кіўнула.
— То, можа, будзе жаданні спаўняць! А мне мой даражэнькі падарыў парфуму з ферамонамі. Прывёз з камандзіроўкі. Вось, глядзі!
Яна паказала сяброўцы фігурны флакончык з блакітнай вадкасцю. Наташа пакруціла яго ў руках, адкрыла, панюхала, пырснула на запясце. Марына таксама пырснулася. Барсік чмыхнуў і выбег з кухні.
— Вось вернецца мой ненаглядны, а я такая ўся ферамонамі пахну! — уявіла Наташа і спахмурнела. — Ат, ён, напэўна, зноў прывязе з рыбалкі насмарк, дык нават і не ўчуе тыя ферамоны…
Марына ўкусіла зефірку і задумалася: — Цікава… Што ж такое адбываецца на гэтай рыбалцы, што мужыкі туды цягнуцца… Мёдам намазана?
— Я тут падумала… — ажывілася Наташа. — Дакладней, прачытала ў адным часопісе, што для гармоніі ў сямейным жыцці трэба пранікнуцца любімымі заняткамі сваёй палавінкі. Тут у нас якраз заліў пад бокам.
Сяброўкі пераглянуліся і па-змоўніцку ўсміхнуліся. Наташа падхапілася ды пабегла дадому: яна жыла ў суседнім пад’ездзе.
Тым часам Марына дастала з мужавай шафачкі вудачку, з-пад ванны — вядзерца ў рамонкі, а са скрыні для абутку — гумавыя боцікі, усыпаныя стразікамі.
Наташа вярнулася таксама ў боціках са стразікамі і з мужавай вудачкай. Яшчэ прыхапіла вялікі даведнік па рыбалоўстве.
— Дзедава кніга, дужа каштоўная, — паведаміла сяброўцы. — Дзед яе як Святое Пісанне бярог і майму дарагому ў дзень вяселля падарыў.
Марына надзела кепачку:
— Ну, я гатовая! Можна ісці!
— Ды пачакай! Прынада ж трэба. На пусты кручок многа не зловіш. На што вудзіць будзем? На чарвяка? На мрым… як яе. — Наташа зазірнула ў кнігу. — На мармышку?
Марына скрывіла вусны:
— Фу-у-у, гідкія, фу-фу-фу! Давай на што-небудзь, што не шавеліцца.
Наташа пагартала старонкі:
— Тут напісана: можна на кашу! Пярловую, манную.
— Давай на манку!
Марына пайшла на кухню і пракрычала адтуль, грукаючы слоікамі:
— Масла дадаваць трэба? Што там рыба любіць?
— Не! — крыкнула Наташа ў адказ. — Тут пра масла нічога не гаворыцца! Напісана: проста заліць вадой і пачакаць!
Праз дзесяць хвілін сяброўкі выйшлі з дому і накіраваліся ў бок заліва. Гэта была любімая зона адпачынку ўсіх гараджан; зрэшты, іншай у горадзе і не мелася. Улетку людзі тут купаліся, загаралі
і смажылі шашлыкі — з шумам, песнямі ды крыкамі. Мясцовым аматарам лову летам удавалася крыху павудзіць хіба што на самым світанні, пакуль горад спаў, затое зімою ды ўвесну тут не было дзе яблыку ўпасці ад рыбакоў. Мужчыны прыходзілі сюды пахваліцца новымі вудачкамі, азартна мераліся, у каго даўжэйшае, таўсцейшае або самае гнуткае вудзілішча, ды намагаліся выцягнуць з вады самую вялікую рыбіну — на зайздрасць астатнім няўдачнікам.
Вось і зараз з усіх хмызоў тырчэлі вудачкі, і толькі пясчаная водмель — «пляжык» — была пустой: які ж рыбак будзе сядзець на адкрытым месцы, як таполя пасярод поля? Да таго ж, тут была самая бязрыбная паласа на ўсім заліве.
Але сяброўкі гэтага не ведалі. Марына і Наташа нават узрадаваліся, што «пляжык», на якім яны любілі ўлетку загараць, аказаўся свабодным. Яны паставілі вядзерца на пясок, а побач паклалі вудачкі, каб не заблытацца ў лесцы.
Наташа першая накруціла манку на кручок, пацалавала камячок «на шчасце», як рабіў яе дзядуля, асцярожна падняла вудачку ды закінула кручок у ваду.
Праз хвіліну паплавок таргануўся і забегаў улева-ўправа.
— Цягні! — крыкнула Марына.
Наташа запішчэла ад хвалявання і выцягнула з вады першую ў сваім жыцці здабычу. Гэта была ладная рыбіна з чырвонымі вочкамі і такімі ж чырвонымі плаўнікамі.
— Плотка! — канстатавала Наташа, зверыўшыся з даведнікам, і кінула рыбу ў вядзерка.
— Цяпер я паспрабую! — Марына таксама накруціла манку на кручок, пацалавала яго і запусціла ў ваду. Таксама не прайшло й хвіліны, як паплавок пабег убок, а потым скрыўся пад вадой.
— Падсякай! — крыкнула Наташа.
У паветры бліснула сімпатычная рыбка з шэрай спінкай. Наташа зняла рыбку з кручка і пусціла ў вядзерца.
— Верхаводка! — абвясціла яна, пагартаўшы кніжку. — Перадай мне манку, калі ласка.
Праз паўгадзіны ў сябровак было поўнае вядро рыбы. Яны цягалі з вады плотак, карасёў, лешчыкаў і верхаводачак, пішчэлі, смяяліся, абдымаліся, спявалі і ўвогуле вельмі добра бавілі час, чаго нельга было сказаць пра іншых рыбакоў, якія выбраліся ў гэты дзень на заліў.
У іх не клявала. Зусім. Ні ў кога.
Рыбакі пачалі раз-пораз высоўвацца з хмызоў і з цікаўнасцю паглядаць на сябровак у боціках са стразамі, якія цягалі з вады рыбіну за рыбінай, нібыта здзекаваліся з паважаных сур’ёзных мужчын. Нарэшце прыўзняўся над вербалозам і дзядзька Васіль.
Ён ніколі не вяртаўся дадому з пустымі рукамі. Сярод мясцовых заўзятараў у яго нават была мянушка — Рыбны Цар. Рыба як быццам сама скакала да яго ў вядро. Ён прыносіў яе з рыбалкі цэлымі гронкамі, нанізаўшы на вербалозавыя пруты, сушыў, вяліў і прадаваў на кірмашы. Але сёння і ў ягоным шчаслівым вядры было пуста.
Дзядзька Васіль пакінуў сваю схованку, запаліў цыгарэтку і ціхенька падышоў да жанчынак.
— Ну што, канкурэнткі? Клюе? — спытаўся далікатна.
— Клюе! — адказалі сяброўкі, і Наташа ў пацвярджэнне выцягнула з вады добрага карасіка.
— А на што ловіце? — пацікавіўся дзядзька Васіль.
— Ды вось, на манку! — адказала Марына ды падабрала вусны, старанна намотваючы кашу на кручок.
— Хм-м-м… — дзядзька Васіль моцна задумаўся. Тутэйшая рыба, спешчаная прыкормам, на манку даўно не вялася.
Рыбны Цар яшчэ раз паглядзеў на сябровак, слоічак з манкай, вядро з рыбай, нават ушчыкнуў сябе, каб праверыць, ці не сніцца яму такое дзіва. Пасля пацягнуў носам паветра — і, нарэшце, зразумеў, што адбываецца.
Дзядзька Васіль пастаянна смактаў валідол. Аднак байка пра хворае сэрца была легендай для канкурэнтаў. На самай справе сэрца ў яго было здаровае,
як у дваццацігадовага дзецюка. А валідолам ён пахнуў таму, што ведаў: рыба, як жанчына, дужа любіць лёгкія, прыемныя водары — напрыклад, ментолавы. Дзядзька Васіль паважна, нікуды не спяшаючыся, даставаў з блістара белы кругляшык валідолу і клаў пад язык. Потым насаджваў на кручок прынаду. На прынадзе заставаўся лёгкі ментолавы водар, і рыба праглынала яе з асаблівым задавальненнем.
Аднак у няроўным баі за водныя багацці сёння з відавочнай перавагай перамагла тая самая парфума з ферамонамі, якой пахлі сяброўкі. Тонкая парфумерная кампазіцыя прыцягнула да пустыннай водмелі рыбу з усяго заліва.
— А чым гэта вы так надушыліся ды напамадзіліся, прыгажуні? — спытаўся дзядзька Васіль. (Ён няйнакш меў намер хуценька пабегчы ў краму і здабыць такую ж парфуму — вядома, не для жонкі, а для канчатковай перамогі над канкурэнткамі.)
— Гэта мне муж з Парыжа прывёз, у нашым горадзе не знойдзеце! — адказала Марына.
— Ясна, — расчаравана прабубнеў Рыбны Цар і сабраўся змотваць вудачкі: сёння можна было не разлічваць на ўлоў.
Нечакана вудзілішча Марыны перагнулася так, што тая ледзьве ўтрымала яго ў руках.
— А-яй, Наташка, памажы, цягне за сабой!
— Дурніца, ты, напэўна, вадалаза злавіла! — закрычала Наташа і кінулася да сяброўкі, але дзядзька Васіль апярэдзіў:
— Нутка, пасунься, прынцэса!
Той, хто быў на кручку, таргануўся з такой сілай, што Рыбны Цар ледзьве не зарыўся носам у пясок. Дзядзька Васіль сплюнуў цыгарэту, прыспусціў лесу і закрычаў:
— Мужыкі! Мужыкі, сюды хутчэй! Сарвецца, сарвецца ж!
Рыбакі пакідалі вуды.
— Не цягні, не цягні, каб леса не парвалася! — мітусіліся, дапамагаючы Васілю. — Адпусці, хай паплавае, стоміцца! Гэта ж трэба — сам прыплыў, дзе рыбы густа, там і ён!
— Вудачку не паламайце! — турбавалася Марына, бо гэта была вудачка яе мужа.
Прайшла гадзіна, і змораныя, мокрыя рыбакі, нарэшце, выцягнулі з вады. неверагодных памераў і прыгажосці шчупака!
— Дванаццаць кілаграмаў, не меней! — захапляліся мужчыны і фатаграфаваліся з гэтакім знатным трафеем. — Дзяўчаты, давайце да нас, шчоўкнемся разам! Мы на гэтага монстра трэці год палюем, а вы прыйшлі — і ён сам да вас прыплыў!
Але Марына і Наташа фатаграфавацца са шчупаком нават не думалі.
— Што вы, што! — адмахнулася Марына. — Мой ніколі не паверыць, што мы поўнае вядро рыбы нацягалі, ды яшчэ шчупака злавілі. Скажа, палюбоўніка сабе завяла, на заліў да яго бегае.
— А мне рыбу дадому несці нельга, — сказала Наташа. — Мой якраз на рыбалку паехаў. Калі скажу, што купіла, — раззлуецца, скажу, што сама налавіла, — пакрыўдзіцца.
— Не, шчупака ўсё-ткі забярыце! — сказаў Рыбны Цар. — А то мы з-за яго пераб’ёмся.
— Куды ж мы яго падзенем?
— А вы яго ў рэстаран прадайце, — параіў дзядзька Васіль.
— І праўда! — абрадавалася Наташа. — Марынка, прададзім гэтага прыгажуна ў рэстаран ды купім сабе вудачкі!
А дзядзька Васіль запаліў цыгарэтку і падміргнуў:
— Вы, дзяўчаткі, прыходзьце сюды яшчэ. Я вам раскажу, дзе можна злавіць казачнага ментуза і дзе водзяцца выдатныя самы!