Кароль, В. У першыню ў небе Магілёва / В. Кароль // Магілёўскія праўда. — 1975. — 7 лiпеня.
У першыя дні чэрвеня 1911 года магіляўчане падоўгу прастойвалі ля незвычайных афіш, якія паведамлялі аб маючым адб’ыцца (упершыню ў іх горадзе) палёце адважнага лётчыка Сяргея Утачкіна. Ён абяцаў прадэманстраваць серыю палётаў на біплане сістэмы «Фармэня».
Білеты былі раскуплены хутка. Кожнаму хацелася ўбачыць, як лятае «па-птушынаму» чалавек.
«У нядзелю 5 чэрвеня адбыўся палёт вядомага авіятара С. I. Утачкіна, які прыцягнуў тысячы публікі». Гэта радкі «Могилевского вестника» за 7 июня 1911 года.
Вось як ён праходзіў. Палёт адбыўся ў 18 гадзін. Але публіка пачала сцякацца да месца палёту з 12 гадзін дня. Увесь Дняпроўскі праспект у бок вакзала быў запоўнен народам.
Нарэшце, авіятар уладкоўваецца на сядзенні апарата і разам з механікам запускае матор. Салдаты трымаюць апарат за хваставое апярэнне і крылы, матор заглушае сваім рокатам першае лётнае поле горада. Утачкін узнімае руку, салдаты адпускаюць апарат і ён, пасля невялікага разбегу, адрываецца ад зямлі, на імгненне страказой павісае ў паветры, а затым узнімаецца вышэй i вышэй. Крыкi захаплення і апладысменты мнагатысячнай публікі былі ўзнагародай лётчыку.
«Палёты былi нізкія і непрацяглыя, — каменціравала іх газета «Могилевский вестник». — Першы палёт, «фігурны», працягваўся 3,5 мінуты; другі — уздым і спуск на прызначанае месца — 7 мінут; трэці — вопыт кідання з аэраплана пісьмаў на пэўнае месца — 2,5 мінуты; чацвёрты — планіруючы спуск са спыненым маторам — 5 мінут і апошні палёт над чыгуначнай станцыяй — 7 мінут».
Так праходзіў у небе Магілёва першы палёт самалёта выдатнага рускага лётчыка Сяргея Утачкіна. Аляксандр Купрын, якому пашанцавала лятаць з ім разам, пісаў: «3 многіх бачаных мною людзей — ён самая яркая па арыгінальнасці і па душэўнаму размаху фігура».