Валчанкова, К. Матэматык, палярнiк, астраном… : нашы славутыя землякi / К. Валчанкова // Магiлёўская праўда. — 1984. — 7 снежня.
Непаўторная асоба нашага земляка акадэміка Ота Юльевіча Шміта выклікала захапленне сучаснікаў. Слава яго была сапраўды сусветнай. Выдатны савецкі вучоны, спецыяліст у галіне матэматыкі, астраноміі і геафізікі, даследчык Арктыкі, грамадскі дзеяч…
Шмат год у абласным Палацы піянераў і школьнікаў дзейнічае грамадскі музей О. Ю. Шміта, створаны ў свой час па ініцыятыве ветэрана вайны У. I. Багайчука. За гэты час музей набыў шырокую вядомасць далёка за межамі Магілёва, папоўніўся сотнямі каштоўных экспанатаў. Тут неаднаразова бывалі сыны славутага вучонага, яго таварышы-чалюскінцы… Карацей кажучы, ён перарос свае рамкі.
Нядаўна прынята рашэнне аб стварэнні ў абласным цэнтры Дзяржаўнага музея О. Ю. Шміта.
…Нарадзіўся Ота Юльевіч Шміт у 1891 годзе ў Магілёве. Яго бацька доўгія гады служыў прыказчыкам у купца, а потым у розных гандлёвых установах, фірмах, страхавых агенцтвах. Даходы сям’і былі вельмі абмежаваныя, іх яўна не хапала, каб даць усім дзецям хаця б сярэднюю адукацыю. Таму, калі падышоў час вызначаць лес Ота, яго бацькі звярнуліся за падтрымкай да шматлікіх родзічаў.
Юны Ота паступіў адразу ў другi клас Магілёўскай мужчынскай гімназіі, у якой правучыўся тры гады.
Неўзабаве сям’я Шмітаў пераехала ў Адэсу. 1905 год. «Я памятаю, — успамінаў Шміт, — бачыў яго («Пацёмкіна»), бачыў пажар гавані, бачыў бамбардзіроўку вялікай лесвіцы і ачышчэнне яе казакамі. Затым далейшае развіццё падзей 1905 года, рэвалюцыйныя выступленні і, нарэшце, страшэнны яўрэйскі пагром. Я не адразу разабраўся ў гэтых уроках. Прайшло гады тры, перш чым у гэтай справе разабраўся, але ва ўсялякім выпадку гэта было магутным штуршком да таго, каб прымусіць мяне думаць палітычна».
Закончыўшы гімназію ў Адэсе, будучы вучоны паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Кіеўскага універсітэта. Ужо на першым курсе ён склаў прыкладны спіс кніг, якія збіраўся вывучыць. Але з сумам пераканаўся, што нават пры самым ушчыльненым графіку заняткаў на гэта спатрэбіцца тысяча гадоў. Давялося рабіць скарачэнні. Але для тых, што засталіся ў спісе, спатрэбілася б 250 год. Тады ён скараціў сон да шасці, пяці, а потым да чатырох гадзін. У тыя гады ён прывучыў свой арганізм аднаўляць сілы ў кароткі тэрмін і потым усё жыццё спаў на дзіва мала. Гэта было адной з прычын таго, што Шміт, калі ўзнікала неабходнасць, мог адначасова займаць некалькі адказных пастоў, паспяваючы дэталёва унікаць у справы кожнага ведамства.
Натуральна, што больш за ўсё часу ён затрачваў у студэнцкія гады на сваю спецыяльнасць — матэматыку і дабіўся выдатных вынікаў.
Шміту не споўнілася і 25, калі універсітэт удастоіў яго залатога медаля імя прафесара Рахманінава. I гэтай узнагародай ён быў як ўведзены ў лік лепшых матэматыкаў свайго часу.
Але кола інтарэсаў студэнта Шміта значна шырэйшае за выбраную спецыяльнасць. У яго хапае часу, каб вывучаць мовы, даваць урокі, папаўняючы гэтым свой бюджэт. Рэгулярна бывае ў тэатры. Асабліва часта ходзіць у оперу. Творы, якія спадабаліся, слухае па тры і нават па чатыры разы.
Стаўшы ў 1913 годзе так званым «прафесарскім стыпендыятам», Шміт атрымлівае доступ да сакрэтнай часткі універсітэцкай бібліятэкі. Тут захоўваліся рэвалюцыйныя кнігі, якія старанна аберагаліся ад студэнцкіх вачэй, у тым ліку і многія работы Маркса і паслядоўнікаў. Шміт вывучае іх з вялікай цікавасцю i пачынае лічыць сябе прыхільнікам марксавай тэорыі.
У пачатку чэрвеня 1917 года прыват-дацэнт Кiеўскага універсітэта дваццаціпяцігадовы Ота Юльевіч Шмiт, накіраваўшыся па справах службы ў Петраград, за жыць у гэтым горадзе. Кастрычніцкую рэвалюцыю i Савецкую ўладу прыняў адразу ж, без ваганняў.
У савецкі час значнае месца ў жыцці Ота Юльевіча Шміта займала экспедыцыйная дзейнасць. Ён быў адным з буйнейшых даследчыкаў Савецкай Арктыкі. У 1929 годдзе ўзначаліў экспедыцыю на ледакольным параходзе «Сядоў», якая арганізавала на Зямлі Франца Іосіфа першую навукова-даследчую станцыю. Праз год экспедыцыя на тым жа «Сядоў» пад яго кіраўніцтвам зноў наведала Зямлю Франца-Іосіфа, а затым абследавала заходнія берагі Паўночнай Зямлі. У 1932 годзе экспедыцыя на ледакольным параходзе «Сібіракоў», якую ўзначальваў Шміт, упершыню прайшла за адну навігацыю з Архангельска ў Ціхі акіян.
У 1933—1934 гадах наш зямляк узначальваў экспедыцыю, якая зноў спрабавала прайсці па Вялікаму Паўночнаму марскому шляху за адну навігацыю на параходзе «Чалюскін». Гэта эпапея стала шырока вядомай ва ўсім свеце як прыклад мужнасці і гераізму савецкіх людзей, іх дружбы і ўзаемавыручкі.
Палярная льдзіна стала для многіх чалюскінцаў каштоўнейшым душэўным набыццём.
Пазней Шміт расказваў: «3 першымі самалётамі я адправіў жанчын і дзяцей, затым старых і людзей, якія захварэлі рознымі выпадковымі хваробамі». 13 красавіка 1934 года з ільдзіны на мацярык былі дастаўлены апошнія чалюскінцы. Удалося выратаваць нават восем сабак.
У маі 1937 года Ота Юльевіч Шміт кіраваў экспедыцыяй па арганізацыі дрэйфуючай станцыі «Паўночны полюс», а ў лютым 1938 года — аперацыяй па зняццю персаналу станцыі з ільдзіны.
Падпарадкоўваючыся небываламу рытму жыцця маладой краіны, Шміт як бы прасаваў і час уласнага жыцця. Таму ён змог пакінуць прыкметны след у самых розных, часам, здавалася, несумяшчальных галінах дзяржаўнай і навуковай дзейнасці.
У апошнія гады жыцця Ота Юльевіч распрацаваў новую тэорыю паходжання Зямлі, развіццё якой працягваў разам з групай савецкіх вучоных. Ён член КПСС з 1918 года, удастоены званія Героя Савецкага Саюза, узнагароджан трыма ордэнамі Леніна, іншымі ордэнамі, медалямі. Быў членам ЦБК СССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР першага склікання. Імем Шміта названы востраў у Карскім моры, мыс у заходняй частцы Чукоцкага мора.
У ліпені 1956 года, калі жыць яму заставалася крыху больш двух месяцаў, ён атрымаў запрашэнне аргкамітэта трэцяга Усесаюзнага матэматычнага з езда. Ён разумеў — матэматыкі ведаюць аб яго хваробе, ведаюць, што ён даўно ўжо не ўстае з ложка, але хочуць паказаць, што і яны, калегі па першай яго спецыяльнасці, памятаюць яго, цэняць яго працы. Значыць, тэарэма Шміта, перажыўшы яго, застанецца ў навуцы.
Незадоўга да смерці Ота Юльевiч гаварыў родным: «Я ўдзячны лёсу за тое жыццё, якое ён мне даў. Колькі было добрага і колькі цікавага!».