Ігнацьеў, В. Аднаўленне Магілёва / В. Ігнацьеў // Магілёўская праўда. — 1989. — 2 жніўня.
Многія сённяшнія жыхары горада былі сведкамі і ўдзельнікамі пасляваеннага аднаўлення і будаўніцтва абласнога цэнтра — Магілёва. Нямала намаганняў давялося прыкласці гараджанам для таго, каб расчысціць завалы ад разбураных жылых будынкаў і дзяржаўных прадпрыемстваў.
Да вайны жыллёвы фонд складаў 233,7 тысячы квадратных метраў. У гады вайны ён быў разбураны на 70 працэнтаў. 30 працэнтаў жылфонду, што засталіся, патрабавалі аднаўленчага рамонту. У горадзе працавала перад вайной 58 буйных і 142 дробных прадпрыемстваў, прамарцелей. У гады вайны 24 прамысловыя прадпрыемствы былі поўнасцю знішчаны, у тым ліку мясакамбінат, цукеркавая фабрыка і іншыя.
Дзякуючы працоўнаму энтузіязму магіляўчан, братняй дапамозе народаў СССР ужо да 1 лістапада 1947 года ў горадзе было адноўлена 21 дзяржаўнае прадпрыемства і 19 прамарцелей. Да 1950 года прамысловасць Магілёва асвоіла новыя віды вырабаў: 75-Ц1 магутныя лакамабілі, каналізацыйныя трубы, дамкраты, сталы, скабяныя вырабы, бялізнавую соду і інш. Каб хутчэй залячыць раны вайны, выканкам Магілёўскага гарадскога Савета ў чэрвені 1944 года прыняў пастанову аб працоўнай павіннасці жыхароў горада.
У аднаўленне горада толькі ў 1944-47 гады было ўкладзена 88 мільёнаў 690 тысяч рублёў.
У пасляваенныя гады горад моцна змяніўся. У ім узведзена нямала збудаванняў, якія па праву заслужылі павагу да яго архітэктараў. Гледзячы на такія будынкі, падумалася: чаму б не адзначаць лепшыя будынкі, якія збудаваны пасля ваенных год, устанаўліваючы на іх памятныя дошкі на якіх указвалася б прозвішча аўтара праекта!
В. ІГНАЦЬЕЎ.