Тым днём на станцыі паштовай…

Філіповіч, I. Тым днём на станцыі паштовай… / I. Філіповіч // Магілёўская праўда. — 1989. — 5 жніўня.

Новае аб знаходжанні А. С. Пушкіна ў Магілёве ў 1824 г.

Аб знаходжанні А. С. Пушкіна ў першых чыслах жніўня 1824 года ў Магілёве на яго зваротным шляху з Адэсы ў сяло Міхайлаўскае вядома з успамінаў сведкаў і ўдзельнікаў гэтай падзеі А. Куцынскага і А. Распопава.

Куцынскі ў той час кар­нет Лубенскага палка, сваімі ўспамінамі аб гэтым падзяліўся толькі ў 1873 го­дзе ў Варшаве з археогра­фам Барценевым, які апублікаваў іх у 1900 годзе ў часопісе «Русский архив». Самому Куцынскаму, да таго часу адстаўному жандарскаму генералу, было ўжо каля 70.

А. Распопаў, у 1824 го­дзе афіцэр Лубенскага пал­ка, апублікаваў свае успаміны ў 1876 годзе ў часопісе «Русская старина» ва ўзросце 73 год. Узростам абодвух аўтараў і даўнасцю апісваемых падзей трэба, відавочна, растлумачыць недакладнасці, якія ёсць ва ўспамінах.

Пушкіну, які па ўказанню цара ехаў у 1824 годзе з Адэсы ў сяло Міхайлаўскае ў ссылку, пад нагляд паліцыі, у выдадзенай яму 29 ліпепя 1824 года адэскім гораданачальнікам падарожнай, быў указаны шлях следаваць праз паштовыя станцыі, у тым ліку ў Магілёве. Па словах Куцынскага, ён убачыў Пушкіна 5-га жніўня раніцай, калі той хадзіў па вуліцы, у рускай кашулі, бо­тах, ярмолцы на галаве і ў ваенным шынялі, чым прыцягнуў увагу да сябе публікі, якая палічыла яго вар’ятам. Па ўспамінах Распопава, Пушкін прыехзў у Магілёў вечарам 6 жніўня, з апошняй паштовай станцыі Чачэрска, у адлегласці 130 вёрст ад Магілёва, якую ён, згодна з падарожнай, праехаў 5 жніўня. Таму 6 жніўня трэба лічыць найбольш ве­рагоднай датай прыезду Пушкіна ў Магілёў.

Куцынскі ўбачыў дзіўнага незнаёмца, накіраваўся на паштовую станцыю, дзе ў кнізе падарожных прачытаў, што гэта калежскі сакратар Пушкін, з якім прыехаў яго слуга, апрануты татарчанём.

Далейшыя ўспаміны Куцын­скага абмяжоўваюцца толькі тым, што маладыя людзі (хто?) павялі Пушкіна ў гасцініцу, «дзе палілася шампанскае» і дзе Пушкін прапаноўваў гульню ў карты. У той час гасцініцы былі толькі пры паштовых станцыях, на якіх меліся падарожныя кнігі для адзнакі і рэгістраныі прыязджаючых. Першая ў горадзе прыватная гасцініца «Тула» была адкрыта толькі ў 1864 годзе ў двух-павярховым каменным доме, пабудааваным купцом Аранзонам. Цяпер гэта дом №21 на Ленінскай вуліцы.

Успаміны Распопава больш поўныя і грунтоўныя. Ён убачыў, як 6-га вечарам, «калі перад манежам палкавая музыка іграла вячэрнюю зару для забаўлення публікі, а публіка гуляла па Шклоўскай (цяпер Першамайскай) вуліцы, праязджала на паштовых (конях) каляска, «наперадзе якой ішоў хтосьці ў «афіцэрскай фуражцы і шынялі ў накідку, у чырвонай рускага пакрою кашулі». Убачыўшы, што каляс­ка павярнула па Ветранай (Ленінскай) вуліцы на пошту, Распопаў паспяшаўся следам, дзе даведаўся, што «едзе з Адэсы калежскі асэсap (у Куцынскага калежскі сакратар) Пушкін». Кінуўшыся ў пасажырскі па­кой, Распопаў пачаў напамінаць Пушкіну аб сваіх з ім сустрэчах. Пасля яны ра­зам з мясцовымі афіцэрамі там жа на пошце пачалі гу­лянку, якую ўсёй кампаніяй працягнулі на сумеснай кватэры Распопава і Куцынска­га. «Вячэрні пір» працягваўся да чатырох гадзін раніцы наступнага 7-га чысла, калі ўся кампанія праводзіла Пушкіна на пошту. У час гэ­тай сустрэчы Пушкін чытаў вершы, якія ён сачыніў тут жа, а захопленая кампанія захацела азнаменаваць гэту сустрэчу, зрабіўшы свайму куміру ванну з шампанскага, ад чаго адмовіўся Пушкін.

Знаходзячыся пад царскай апалай, Пушкін не мог затрымацца на ўказаных яму ў падарожнай станцыях больш, чым гэтага патрабавала адзнака ў падарожкай або змена коней і кароткі адпачынак, якія рабіліся на другарадных станцыях паміж указанымі гарадамі. Ведаючы, па яго словах, што ссылкай яго ўтаймаванне яшчэ не закончана, наўрадці мог Пушкін разгульваць 5 жніўня ў Магілёве, прыцягваючы да сябе ўвагу, а тым больш удзельнічаць у гулянцы з афіцэрамі на паш­товай станцыі. У горадзе ў той час знаходзіўся штаб 1-й Рускай арміі, і затрымка паэта прыцягнула б ува­гу. Тамў ўспаміны Куцын­скага ўнушаюць мала давер’я. Акрамя таго, Куцынскі чамусьці не хоча ўспамінаць пра начную гулянку з 6-га на 7-е жніўня, якая адбывалася на яго з Распопавым кватэры, у якой ён не мог не ўдзельнічаць нароўні з іншымі афіцэрамі. Відавочна, яго чын адстаўнога жандарскага генерала быў бы «дэскрэдытаваны» удзелам у такой гулянцы разам з Пушкіным. Ды і яе ўдзедьнікі, маладыя афіцэры, палічылі за лепшае ўтаіць ад начальства сваё захапленне ад сустрэчы з апальным паэтам, вершамі якога, па сло­вах Куцынскага, яны зачытваліся.

Дом, у якім адбываліся сустрэча і вясёлае баляванне ў гонар Пушкіна, на жаль, не захаваўся. Горад у той час быў драўляным. 3 1561 дома, што былі ў 1825 годзе, каменных было толькі 51, а насельніцтва 11.360 чалавек. Але месца былой паштовай стакцыі, на якую прыехаў Пушкін і з якой ён паехаў, удалося ўстанавіць.

Па ўспамінах Куцынскага і Распопава ў горадзе ў той час былі пошта і паштовая станныя. Па дакументах, у апошнія дзесяцігоддзі XVIII стагоддзя паштовая кантора знаходзілася на месцы цяперашняга магазіна-гастранома «Тэатральны» (на вуглу вуліц Лазарэнкі і Першамайскай). 3 пачатку XIX стагоддзя двухпавярховы каменны будынак пошты знаходзіўся да 1942 года на вуглу цяперашніх вуліц Ленінскай і Карла Лібкнехта, насупраць будынка, дзе да нядаўняга часу была 4-я аптэка. Зараз на месцы разбуранай пошты знаходзіцца прыбудаваны да педінстытута корпус.

На плане 1829 года Магілёўскай губернскай паштовай канторы яе першы паверх быў заняты службовымі памяшканнямі, а другі — кватэрай губернскага пачмейсцера. Hi гасцініцы, ні пасажырскага пакоя на пошце не было, бо яна не выконвала функцый паштовай пасажырскай станцыі. Пашто­вая станцыя ў пачатку першага дзесяцігоддзя XIX стагоддзкі знаходзілася па дакументах на месцы цяперашняга педагагічнага вучылішча, на плошчы Арджанікідзе. У 1823 годзе яна ра­зам з гасцініцай знаходзілася на месцы цяперашняй першай гарадской пажарнай каманды па вуліцы Кар­ла Лібкнехта.

Па паведамленню «Могилёвскнх губернских ведомос­тей», у 1827 годзе Магілёўскую паштовую станцыю з гасцініцай трымаў іншаземец Шырнер. Па паведам­ленню той жа газеты, у 1837 годзе на гэтай станцыі былі пабудаваны дзве канюшні, павець і новы дах. На плане горада 1846 года паштовая станцыя знаходзілася на тым жа месцы пазнейшай пажарнай каманды, якая існавала дзесьці з другой паловы мінулага стагоддзя і да нашых дзён.

Ці была паштовая станцыя драўляная і таму не захавалася, ці была каменнай і ўвайшла ў склад цяпер існуючай пажарнай часці, па- куль невядома. Відавочна адно: устаноулена месца знаходжання былой паштовай станцыі, на якую вечарам 6-га жніўня 1824 года прыехаў Пушкін і з якой паехаў з Магілёва 7 жніўня ў 4 гадзіны раніцы. Гэта месца патрабуе ўвекавечвання іменна цяпер, калі споўнілася 190 год з дня нараджэння Пушкіна і 165 год з часу знаходжання яго ў Магілёве.

I. ФІЛІПОВІЧ, краязнавец.