Вакол возера

Бальчэўскі, Э. Вакол возера / Э. Бальчэўскі // Магілёўская праўда. 1989. 9 чэрвеня.

Расце Магілёў. I ў вышыню, і ўшыр. Асабліва разраслася левабярэжная частка, якую цяпер афіцыйна называюць Задняпроўем.

Да рэвалюцыі гэта было Маскоўскае прадмесце. Ця­пер — Кастрычніцкі раён. Толькі магілёўскія старажылы па-ранейшаму, як і спрадвеку, называюць яго Лупалава. Гэта — гістарычная назва. Тут з самых даўніх часоў жылі гарбары — скуралупы-саматужнікі, рамеснікі, якія займаліся вырабам скур. Адсюль і назва — Лупалава.

У гарадскую рысу ўжо ўвайшлі раяей прыгарадныя вёскі Казіміраўка, Малая Бароўка, Грабянёва. Вось і вядомае ўсім Святое возера трапіла ў межы горада. 3 усіх бакоў яго абхапілі но­выя вуліцы — Алтайская, Астроўскага, Сіманава, Габраўская. Возера — рэліктавае, г. зн. яно з’яўляецца на­памінай пра вельмі далёкае мінулае.

У матэрыялах, якія мае магілёўскі краязнавец I. I. Філіповіч, ёсць звесткі пра тое, што яшчэ ў 1603 г. польскія каралеўскія рэвізоры Ян Корсак i Ян Чыж у сваім і пісьме на імя Магілёўскага падстарасты Галубіцкага паведамілі, што сярод задняпроўскіх сенакосных угоддзяў, што належалі ў той час гораду, знаходзіцца і «озеро Святое до места належачае, которое озеро держати и уживати в нём воль­ного ловения рыбы Могилев­ские мещане мают». На пла­не горада 1785 г. памеры во­зера вызначаны ў 400 па 200 сажань (850 на 420 метраў). Акружанае балотамі яно сярод хмызнякоў і рэдкага лесу цягнулася ў бок горада и знаходзілася прыкладна ў 3 кіламетрах ад бліжэйшых дамоў на Лупалаве.

Стагоддзе назад у кнізе «Вопыт апісання Магілёўскай губерніі» (1882 г.) было напісана: «Мясцовасць нізінная і зарослая невялікім рэдкім хмызняком, які цягнецца да Кіеўскага шасэ і акружае з аднаго боку так званае «Святое возера», любімае месца гарадскіх паляўнічых на дупеляў і іншую балотную птушку».

Ніякай балотнай птушкі тут цяпер няма. Не любіць яна шуму гарадскога. Возера невялікае. Раней мела плошчу ў 9 гектараў. Увесь бераг побач з пасёлкам Грабя­нёва яшчэ нядаўна ўяўляў сабой хісткую дрыгву. Ця­пер дрыгва знаходзіцца амаль у цэнтры возера ў выглядзе невялікай зялёнай выспы. Гэта здарылася таму, што на пачатку 80-х гадоў праводзілася добраўпарадкаванне возера. Гады са тры на ім працаваў земснарад, які здабыў прыкладна 7 або 8 мільёнаў тон пяску, вывезенага на будоўлі і заводы будматэрыялаў, а плошча во­зера павялічылася да 35 гектараў.

Цяпер возера не мае паверхневага сцёку, але яшчэ на пачатку нашага стагоддзя з яго выцякала рэчка Качарага, якая аддавала ў Днепр залішнюю ваду. На памяці аўтара гэтых радкоў гадоў 75 назад Качарага была ручаём, што летам заўсёды перасыхаў. Цяпер няма і ручая, людзі не памятаюць Качарагу і лічаць, што ўзровень вады ў возеры нязменны на працягу ўсяго года.

У сапраўднасці гэта не так. Летам, у межань, ён ніжэйшы, чым вясной, прыклад­на на 20 сантьіметраў. А Качарага, дарэчы, знайшла сабе іншых ход, падземны.

Рэліктавае нерукатворнае возера, трапіўшы ў гарадскі раён, стала яго славутасцю, аднак пазбавілася свайго гістарычнага імя. У афіцыйных дакументах, на турыстычнай схеме Магілёва няма больш Святога возера. Ёсць «Грабянёўскае». Наконт гэтага перайменавання трэба зазначыць, па-першае, што невядома, хто і калі прымаў такое рашэнне. Магіляўчанам пра гэта абласная газе­та не паведамляла. Па-другое, калі так зрабілі рэвалюцыйныя звышатэісты з гарвыканкома, трэба было б ведаць, што геаграфічная назва не ў іх кампетэнцыі, бо яна — не імя вуліны ці завулка. Па-трэцяе, аўтары «Грабянёўскага» дрэнна ведаюць мову, і рускую, і беларускую. Ім невядома сінаніміка. Слова «святое» мае не толькі рэлігійна-містычнае значэнне. Яно ўжываецца і ў сэнсе «запаветнае», «сапраўднае», «чыстае», «паважанае», «велічнае», «выключнае па важнасці» і інш. Гаворым жа мы «святая справа», «святая ісціна», «святы абавязак». Пераканацца можна, зазірнуўшы ў «Словарь русского язы­ка» С. I. Ожагава і 5-томны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы». Ды і ўвогуле, што гэта за  мода ў наш час рабіць такое, не спытаўшыся ў людзей?

Між тым і тыя, хто жыве побач з возерам, і іншыя гараджане не ведаюнь (ды, шчыра кажучы, і не хочуць ведаць) аб перайменаванні. I можна не сумнявацца, што яно захаваецца ў народзе, як і назва гэтай часткі Магілёва — Лупалава.

 Э. БАЛЬЧЭЎСКІ, краязнавец.