Рэвалюцыяй прызваны

Свадкоўская, Т. Рэвалюцыяй прызваны / Т. Свадкоўская // Магілёўская праўда. — 1989. — 9 чэрвеня.

У апошні час на старонках газет і часопісаў часта паяўляюцца публікацыі аб людзях, адзначаных калісьці страшным кляймом «вораг народа». Народжаныя для жыцця, аддаўшыя Радзіме ўсе свае сілы, талент, час і працу, яны былі арыштаваны за неіснуючую віну і кінуты ў бездань небылля.

Наш абавязак не дазволіць часу паглынуць гэтыя слаўныя імёны.

Я хачу расказаць пра свайго дзядзьку Мікалая Пятровіча Вішнявецкага. Пра яго ёсць нарыс у кнізе Карніловіча «Рэвалюцыяй прызваныя» («Арганізатар гвардыі»). Успамінаецца ён і ў іншых выданнях. Усё сваё нядоўгае жыццё М. П. Вішнявецкі прысвяціў будаўніцтву Савецкіх Узброеных Сіл.

Нарадзіўся ён у 1897 годзе ў Магілёве і быў другім дзіцём Пятра Васільевіча і Вольгі Ігнацьеўны Вішнявецкіх. Усім сваім дзецям (а іх было 11) бацькі імкнуліся даць адукацыю, прывіць любоў да працы. Дзяўчынкі наведвалі жаночую гімназію, хлопчыкі — мужчынскую, а Колю ўладкавалі ў духоўную семінарыю (там менш трэба было плаціць). Правучыўшыся ў семінарыі 4 гады, Мікалай пакідае яе і паступае ў Нежынскі педінстытут на гісторыка-філалагічнае аддзяленне, марыць стань настаўнікам. Але гэтай мары не суджана было ажыццявіцца. Ішла імперыялістычная вайна. Мікалая мабілізуюць у армію, дзе ён служыць у саставе студэнцкага запаснога батальёна. Хутка яго накіроўваюць у Маскву ў школу прапаршчыкаў, а пасля яе заканчэння — у Петраград, у 180-ы пяхотны запасны полк.

Ідзе 1917 год. Толькі што звергнута манархія. Краіна бурліць. Мікалай захоплены рэвалюцыяй. Удзельнічае ў мітынгах і дэманстрацыях, слухае бальшавіцкіх агітатараў, вывучае палітычную літаратуру. У першыя ж дні службы ў Петраградзе ён устанавіў сувязь з ваеннай арганізацыяй Петраградскага камітэта РСДРП(б). Яму даручылі разгарнуць сярод салдат актыўную антываенную агітацыю. За чатыры месяцы малады прапаршчык стаў даверанай асобай петраградскіх бальшавікоў у салдацкіх масах. 12 мая 1917 года М. Вішнявецкага прынялі ў партыю бальшавікоў. Яму ішоў тады дваццаты год.

«…Вішнявецкі… З вялікай ініцыятывай, незвычайнай шчырасцю. Пасля лютаўскага перавароту зусім свядома стаў на шлях рэвалюцыі, запоем займаўся арганізацыйнай работай, ірваўся да яе», — успамінаў у сваіх нататках М. Т. Палвойскі («Неделя» № 45, 1967 г.).

Мікалай быў поўны энергіі і сіл, паспяваў усюды, забыўшыся аб стомленасці, выступаў перад салдатамі, арганізоўваў мітынгі. Пасля разгрому ліпеньскай дэманстрацыі бьіў затрыманы паліцыяй. Разам з ім знаходзіліся ў заключэнні вядомыя бальшавікі, якія сталі геро­ямі Кастрычніка: М. Крыленка, Ю. Кацюбінскі, М. Тэр-Аруцюнянц. I ў турме вязні працягвалі змагацца. Падтрымалі салдат суседняй турмы, якія аб’явілі палітгаладоўку. Патрабавалі вызвалення. Праз два месяцы Мікалай быў вызвалены пад залог, які быў унесены з партыйнай касы.

У тыя трывожныя перадрэвалюцыйныя дні Петраградскі камітэт бальшавікоў даручае М. Вішнявецкаму сфарміраваць і абучыць ваен­най справе Чырвоную гвар­дыю. Выбаргскага раёна. На партыйнай канферэнцыі быў створаны штаб Чырвонай гвардыі раёна, у які ўвайшлі Вішнявецкі (старшыня), В. Ф Малахоўскі, Скакун і інш. Мікалай прыцягвае ў баявыя атрады рабочых, устанаўлівае на прадпрыемствах раёна дзяжурства чырвонагвардзейцаў. Незадоўга да Кастрычніцкага ўзброенага паўстання яго назначаюць ваенным камісарам Міхайлаўскага артылерыйскага вучылішча і адначасова камісарам гвардзейскага Маскоўскага палка.

У канцы лістапада 1917 года М. В. Крыленка запрасіў Вішнявецкага ў Стаўку, у Магілёў. З радасцю Мікалай ехаў у родны горад. Але з-за вялікай занятасці толь­кі некалькі гадзін давялося ўдзяліць яму сустрэчы з роднымі. Хутка яго накіроўваюць у Мінск, а затым на барацьбу з корпусам генерала Доўбар-Мусліцкага і войскамі кайзераўскай Германіі.

У пачатку 1918 года пры Наркамаце па ваенных спра­вах была створана Вышэйшая ваенная інспекцыя пад старшынствам Падвойскага. У яе састаў увайшоў і Мікалай Пятровіч. Яму была даручана арганізацыя ваенных камісарыятаў.

У гады грамадзянскай вайны Вішнявецкі быў на роз­ных франтах камісарам часцей і злучэнняў Чырвонай Арміі. 4 студзеня 1919 гола быў створаны Украінскі фронт, камандуючым якога назначылі В. А. Антонава-Аўсеенку, членамі Рэўваенсавета сталі А. С. Бубноў, М. П. Вішнявецкі. Е. А. Шчадзенка. Летам 1919 года МІкалай Пятровіч змагаецца ў Першай Коннай арміі на пасадзе камісара 11-й кавалерыйскай дывізіі. За ўмелае кіраўніцтва войскамі, асабістую мужнасць, праяўленую ў баях з урангелеўцамі, М. П. Вішнявецкі быў узнагароджаны вышэйшай ўзнагародай таго часу — ордэнам Чырвонага Сцяга.

Грамадзянская вайна закончылася, але становішча ў многіх раёнах краіны заставалася складаным. У Сярэдняй Азіі лютавзлі басмачы. У ліку камандзіраў, адпраўленых туды, быў і Вішнявецкі. За поспехі ў барацьбе з бандытамі ён быў узнагароджаны залатым імянным гадзіннікам.

Пасля завяршэння грамадзянскай вайны Мікалай Пятровіч скончыў ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзе, стаў кадравым ваенным. Некалькі год правёў ён на курсах па вывучэнню японскай мовы) У 30-я гады быў накіраваны ў Японію памочнікам ваеннага аташэ пры савецкім пасольстве ў Токіо. У 1936 годзе яго адазвалі з Японіі і накіравалі ў штаб Асобай Далёкаўсходняй арміі ў Хаба­раўск.

Куды б ні пасылала Вішнявецкага партыя, ён сумленна служыў свайму наро­ду. Гэта быў разумны, эрудзіраваны, валодаючы некалькімі мовамі, прынцыповы, просты з людзьмі чалавек. Колькі такіх людзей та­ды, у страшэнныя трыццатыя гады, былі вырваны з жыцця! Не пазбег гэтага лёсу і мой дзядзька.

У красавіку 1938 года ў Маскве ён быў арыштаваны, услед за ім арыштавалі жонку і маці. Толькі праз многа гадоў родныя даведаліся, што ён рэабілітаваны пасмяротна, што прыгавор Ваеннай калегіі ў адносінах М. П. Вішнявецкага адменены і спра­ва спынена за адсутнасцю саставу злачынства.

Т. СВАДКОЎСКАЯ.