З поглядам у заўтра

Гуркоў, І. З поглядам у заўтра / І. Гуркоў // Могилевская правда. – 1989. – 13 октября.

Што прыцягвае моладзь да помніка ў азнаменаванне бітвы пад Салтанаўкай у 1812 г.? Вядома ж, цікавасць да гісторыі роднага краю, добрыя пачуцці, навеяныя школьнымі урокамі, чытаннем гістарычнай літаратуры. I яшчэ, перакананы ў гэтым, прыгажосць роднага краю. Зацяжны спуск дарогі, мост, пад’ём. Блакітнае люстэрка возера. Чыстае празрыстае паветра. Простая, строгіх ліній беласнежная капліца на зялёным дыване прыдарожнай травы і на фоне высокіх соснаў выглядае святочна і ўрачыста. Хто праязджае гэтыя месцы ўпершыню, абавязкова спыніцца, паглядзіць, задумаецца, пачне ўспамінаць, што ён ведае пра вайну 1812 года, пра палкаводца Раеўскага. 3 вучнямі Цішоўскай і Сідаравіцкай школ многа разоў бываў ля гэтага помніка. І заўсёды мы сустракалі тут людзей, бачылі, як ускладаюць кветкі да капліцы маладажоны. Аднойчы сустрэлі тут студэнтаў гістарычнага факультэта Магілёўскага педінстытута, якія чыталі на гэтым сзяшчэнным месцы вершы В. Жукоўскага «Раевский, слава наших дней. Хвала!..», С. Глінкі «Великодушный рус­ский воин…».

Так, гэта месца для думак сур’ёзных, разважанняў. Распіваць шампанскае, кідаць тут смецце, вядома ж, нельга. Але калі вяселле добра арганізавана, усяго гэтага легка пазбегнуць. Няхай маладажоны радуюцца свайму шчасцю, няхай фатаграфуюцца.

А ведаеце, дзе яны яшчэ фатаграфуюцца, калі вяртаюцца ў Магілёў? У канцы пад’ёму дарогі. На левым баку павароту на Сялец. Тут паляна, шумяць высокія сосны.

Вось месца для мемарыяла абаронцам Магілёва ў 1941 годзе! Лепшага не знойдзеш і не прыдумаеш. Гістарычна гэта цалкам апраўдана. гэта заходняя частка аднаго і таго ж Буйніцка — Цішоўска — Сялецкага поля, таго самага по­ля Магілёўскага вогненнага кальца, дзе «схіліся ў роздуме над любым узгоркам — не памылішся — тут салдат за­рыты». 4-га ліпеня 1941 года тут, ля вёскі Навасёлкі, змагаўся матарызаваны развед-батальён старшага лейтэнанта А. П. Валчка. Тут здзейсніў свой подзвіг камандзір артылерыйскай батарэі капітан Б. Я. Хігрын. 8-га ліпеня ля вёскі Мяжысеткі падраздзяленні легендарнага палка Куцепава вялі шматчасовы бой. Самыя гарачыя, самыя кровапралітныя баі праходзілі, як вядома, на ўсходняй ускраіне Буйніцкага поля. Жывыя і загінуўшыя абаронцы Магілёва заслужылі сабе славу вялікую і вечную памяць.

У двухстах метрах ад вескі Буйнічы ў 1962 годзе ля дарогі героям Буйніцкага поля быў пастаўлены абеліск. Тут жа вырашана ўзвесці мемарыял. Лічу, што для мемарыяла гэта месца зусім не падыходзіць. Нізіна, амаль яма, няма прасторавай перспектывы. У недалёкім будучым, не сумняваюся, гэта месца будзе забудавана. Дарэчы, контуры забудовы ўжо намеціліся. Ідэйная сутнасць мемарыяла ніколькі не пацерпіць, калі мы яго ўзвядзём каля Сяльца. Затое архітэктурныя, кампазіцыйныя і мастацкія задачы тут вырашыць непараўнальна лягчэй. Перш чым спрачацца — наведайце гэтыя месцы. Спытайцеся ў спецыялістаў. Я пытаўся ўжо. Сёння гавораць і пішуць аб тым, што патрабаванні да ідэйнага зместу і кампазіцыйнага рашэння будучых помнікаў не проста ўзраслі, яны ледзь не ў корані змяніліся. Лічу, што неабходна яшчэ раз вярнуцца да вызначэння месца ўзвядзення мемарыяла абаронцам Магілёва.

1

І. ГУРКОЎ,
загадчык музея рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай
славы калгаса «Расія» Магілёўскага раёна, член
абласнога савета таварыства аховы помнікаў.

Фота В. Бысава.