Землякі журналісты

Мельнікаў, М. Землякі журналісты / М. Мельнікаў // Ленінскі кліч. г. Крычаў . — 1986. — 3 мая.

Мы не раз пісалі ўжо аб першых журналістах Магілёўшчыны, такіх, як легендарны доктар М. К. Русель-Судзілоўскі, стваральнікі першага беларускага рэвалюцыйна-народніцкага часопіса «Гоман», сярод якіх быў І. Ратнер са Шклова, С. Кавалік з Крычаўшчыны і іншых.

Але сёння можна заглянуць у гісторыю глы­бей. А. Герцын не раз успамінаў імя свайго таварыша Аляксандра Галынскага, які быў не толькі выдатным урачом, рэвалюцыйным дзеячам. Аляксандр Вікенцьевіч падарожнічаў па ЗША, надрукаваў аб гэтым кнігу і рад артыкулаў. Такім быў наш зямляк, ураджэнец Крычава.

Магілёўшчына можа ганарыцца тым, што яе слаў ны сын П. Н. Лепяшынскі быў адным з першых журналістаў-ленінцаў. Ён друкаваўся ў сібірскіх газетах, калі быў у ссылцы разам з У. I. Леніным. Лепяшынскі быў агентам «Іскры», супрацоўнічаў у іншых ленінскіх газетах дарэвалюцыйнага часу. У першыя гады Савецкай улады таксама аддаў шмат сіл журналістыцы — быў рэдактарам часопісаў, друкаваўся ў розных выданнях.

Сыны ўраджэндаў Ма­гілёўскай губерні В. Д. Бонч-Бруевіч, В. А. Радус-Зінькевіч, П. Г. Смідовіч, А. А. Касцюшка-Валюжаніч і многія іншыя старэйшыя ленінцы шмат зрабілі для рэвалюцыйнага і савецкага друку.

У першыя гады Савецкай улады на Магілёўшчыне ведалі выдатнага журналіста і першага рэдактара газеты «Саха і молат» Мікалая Шчарбітава — героя грамадзянскай вайны, сельскага настаўніка. Браты Брагіны з Краснаполля таксама вядомыя ў савецкай журналістыцы. Адзін з іх друкаваўся ў «Правде».

Ганарыліся крычаўскім камсамольцам Міхаілам Барашкавым, які ў тыле ворага ў перыяд мінулай вайны рэдагаваў рэспубліканскія газеты «Звязду» і «Чырвоную змену». Шмат працаваў у друку народны паэт Аркадзь Куляшоў, часопісы рэдагаваў хацімчанін Фёдар Каралёў. Падпольным друкам на Магілёўшчыне ў пе­рыяд гітлераўскай акупацыі кіравалі Юшкевіч і I. П. Крыскавец. У барацьбе з фашыстамі загінулі журналісты Іван Дзенісенка, Артур Гардзіевіч, энтузіястка школьнага друку 1б-гадовая Аня Калабашнікава з Крычава, імем якой у нашым горадзе названа вуліца.

Наша журналістыка сёння знаходзіцца на ўздыме, народжаным гістарычнымі рашэннямі XXVII з’езда КПСС. Журналісты лічаць сваім важнейшым абавязкам несці ў масы слова партыі, натхняць людзей на паспяховае ажыццяўленне планаў пяцігодкі.

 М. МЕЛЬНІКАЎ,
краязнаўца, заслужаны работнік культуры БССР.